Беларускі калегіюм пачаў новы акадэмічны год

Унікальная незалежная айчынная навучальная ўстанова — Беларускі калегіюм — увечары 5 лістапада ўрачыста абвясціў аб пачатку новага акадэмічнага года. Святочная імпрэза прайшла ў Мінску.



bielaruski_kaliehijum_20151105_184212_logo.jpg

Выклвадчыкі Беларускага калегіюма

Гэта ўжо 19-ты сезон Беларускага калегіюма. Сярод выкладчыкаў гэтай сапраўды выбітнай навучальнай установы — слынныя імёны, добра вядомыя ў Беларусі і па-за яе межамі: Філосаф Валянцін Акудовіч і мастак Тодар Кашкурэвіч, пісьменнік Уладзімір Арлоў і журналістка Таццяна Мельнічук, палітолаг Андрэй Казакевіч ды іншыя.

Акадэмічны дырэктар Беларускага калегіюма Ірына Дубянецкая шчыра павітала выкладчыкаў, студэнтаў, журналістаў, гасцей імпрэзы. "Гэта будзе ўжо дзевятнаццаты акадэмічны год Беларускага калегіюма, вельмі паважная дата для ўсёй беларускай інтэленктуальнай прасторы. Многія дзівяцца, што мы існуем так доўга, мы і самі ў гэта часам верым з цяжкасцю, але гэта адбылося дзякуючы таму, што мы ўсе трымаемся разам", — адзначыла Ірына Дубянецкая.

belaruski_kalegijum_20151105_1057_logo.jpg

Ірына Дубянецкая

Паводле яе словаў, новы навучальны год калегіюм пачынае з большага ў новым складзе, хоць многія выкладчыкі парцягваюць працаваць і сёння. Апроч акадэмічнага дырэктара, кім ёсць сама Ірына, у навучальнай установе маецца яшчэ адміністрацыйны дырэктар — Андрэй Казакевіч, дарэчы, колішны выпускнік Беларускага калегіюма. Дубянецкая сзадала самае даўняе аддзяленне навучальнай установы — аддзяленне філасофіі і літаратуры, якое цягам усяго часу існавання калегіюма ўзначальвае філосаф Валянцін Акудовіч.

Аддзяленне найноўшай гісторыі ачольвае Аляксей Лаўстоўскі, таксама выпускнік калегіюма. Сёлета адзяленне журналістыкі ўзначаліла Таццяна Мельнічук. Менш за год таму з’явілася самае маладое аддзяленне навучальнай установы — аддзяленне еўрапеістыкі.

belarusk_kalegijum_logo.jpg

Таццяна Мельнічук

Кіраўнікі аддзяленняў азнаёмілі навучэнцаў і прысутных з асноўнымі мэтамі і накірункамі сваёй працы ў новым навучальным годзе. Варта адзначыць, што навучальны працэс у Беларускім калегіюме скаладаецца не толькі з, падавалася б, звыклых лекцыяў ды семінараў. Напрыклад, аддзяленне філасофіі і літаратуры практыкуе вандроўкі на некалькі дзён па розных кутках Беларусі з пражываннем у намётах і гатаваннем ежы на вогнішчы. І начнымі ды ранішнімі разважаннямі на філасофскія тэмы. Гэтую методыку плануе пераняць і аддзяленне еўрапеістыкі, але на свой капыл.   

Асноўная задача калегіюма, па словах Ірыны Дубянецкай, гэта выхаванне і фармаванне творчай асобы. Таму метады і змест адукацыйнага працэса істотна розняцца ад таго, што адбываецца ў традыцыйных вышэйшых навучальных становах Беларусі. 

Беларускі калегіюм быў створаны ў лістападзе 1997 года з ініцыятывы шэрагу няўрадавых беларускіх арганізацыяў і прыватных асобаў і, як адукацыйны праект, зрэалізоўваецца з 1 кастрычніка 1998 году. Праводзіцца навучанне на ўжо чатырох аддзяленнях: найноўшая гісторыя, філасофія-літаратура, журналістыка, еўрапеістыка. Працягласць навучання — 3 гады, існуюць 2 асноўныя формы навучання: студэнт і вольны слухач.