“Белсат” зноў без акрэдытацыі

Міністэрства замежных спраў Беларусі чарговым разам адмовіла незалежнаму тэлеканалу “Белсат” у акрэдытацыі. Як паведамляе прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), у сваім рашэнні міністэрства спаслалася на тое, што беларускія журналісты ўжо неаднаразова парушалі заканадаўства, калі супрацоўнічалі з тэлеканалам.



images7.jpg

Рашэнне аб адмове ў акрэдытацыі перадалі афіцыйнаму прадстаўніку канала ў Беларусі Міхасю Янчуку ўвечары 26 сакавіка. “Такое рашэнне МЗС было чаканым для “Белсату”, бо журналісты тэлеканалу цудоўна ведаюць, у якой краіне яны працуюць, і што ніякай лібералізацыі ад беларускага кіраўніцтва сёння чакаць не прыходзіцца”, — адзначыў прэс-службе ГА “БАЖ” Міхась Янчук.

Сітуацыю з “Белсатам” у каментары НЧ пракаментавала намеснік старшыні БАЖ Святлана Калінкіна:

На маю думку, галоўнай прычынай адмовы ў рэгістрацыі з’яўляецца панічная боязь беларускіх уладаў нейкіх сур’ёзных альтэрнатыўных крыніц інфармацыі. Ведаючы, што тэлеканал працуе і ўсё роўна журналісты тут, у Беларусі, робяць сюжэты, і яны выходзяць у эфір, і аўдыторыя тэлеканалу пашыраецца, уладам усё роўна прасцей трымаць гэты тэлеканал на кручку, маючы ў любы момант магчымасць запалохваць, затрымліваць, караць журналістаў і гэтак далей. Гэта галоўнае.

Другі, таксама вельмі важны момант, — гэта адмысловыя стасункі паміж Беларуссю і Польшчай. Усё ж такі канал вяшчае з тэрыторыі Польшчы, Польшча была ініцыятарам гэтага праекта, а дачыненні паміж Мінскам і Варшаваю, мякка кажучы, складаныя. Таму я мяркую, што менавіта два гэтыя складнікі з’яўляюцца галоўнымі прычынамі.  

А трэцяе — гэта, хутчэй, не прычына, але наступства: рэгістрацыя тэлеканалу “Белсат” можа стацца вельмі добрым прадметам гандлю. І, відаць, як такі добры козыр, улады пераважаюць яго трымаць на выпадак нейкага сур’ёзнага развіцця падзеяў.  

Нагадаем: “Белсат”, першы незалежны беларускі тэлеканал, пачаў трансляцыю 10 снежня 2007 года, у Сусветны дзень правоў чалавека. Журналісты каналу неаднаразова траплялі пад пераслед беларускіх уладаў у выглядзе папярэджанняў і адміністратыўных арыштаў.