Буслы пад прэсам
На мінулым тыдні экс-міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч, які зараз узначальвае Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў, нагадаў пра сябе досыць цікавым пасажам. Былы галоўны міліцыянт, амаль звычайны «байкер», а зараз галоўны паляўнічы і рыбалоў заявіў шмат цікавага. На фоне падзей у свеце гэта прайшло амаль незаўважна, а дарэмна...
Па-першае, Шуневіч са звыклай яму шчырасцю назваў Чырвоную Кнігу «рудыментам», які перашкаджае хуткаму прыняццю рашэнняў у адносінах да розных відаў жывёл. Не цяжка здагадацца, якія рашэнні маюцца на ўвазе. Тым больш, што потым ён агучыў намер выкрасліць з той жа Кнігі мядзведзяў, рысей і зуброў.
Перашкаджаюць, маўляў, яны народнай гаспадарцы, што ты тут зробіш... А уж як рукі свярбяць у галоўнага паляўнічага на зубра ці мядзведзя, нават і ўявіць немагчыма. Аднак давайце ўважліва прачытаем:
Даруйце, так можна ці нельга? І якія такія асобныя ўмовы маюцца на ўвазе? Скрозь процьму ўказаў, пастаноў і шмат яшчэ чаго атрымліваецца, што зараз на зубра паляваць-такі можна, але за досыць вялікія грошы, а замежнікам гэта будзе каштаваць удвая больш. Зубру, насамрэч, няма розніцы ад чыёй кулі паміраць, але ж дзяржава і тут імкнецца садраць неблагія грошы. І Чырвоная Кніга тут зусім не дапаможа, калі ў дзяржавы ёсць жаданне атрымаць валюту. Таму і «рудымент»! Відаць, спадару Шуневічу абрыдла бадзяцца па лясах і вяртацца дадому без аніякай забітай жывёлы, вось і агалошвае ён рудыментам тое, што хоць неяк перашкаджае яму страляць ва ўсё, што бачыць. Наступны пасаж гэта толькі сцвярджае.
Ні больш, ні менш! Буслы і лебедзі пачалі перашкаджаць. Мне вось вельмі цікава было паглядзець у вочы таго, хто здолее забіць бусла. Навошта гэта? Бусла пакаштаваць закарцела, спадар Шуневіч? Ці лебедзя? Наступным крокам напэўна вераб’і будуць ці сінічкі з гілямі.
Прыгадаем, што менавіта бусел і зубр з’яўляюцца сімваламі вольнай Беларусі. Колькі цішотак і швэдраў з іх выявамі яшчэ нядаўна мы бачылі на нашых суайчынніках, пакуль не пачалося дзікае паляванне на беларусаў. Магчыма, тут і варта шукаць карані такіх вар’яцкіх адносін менавіта да гэтай птушкі і жывёлы. Мы добра памятаем моладзевы рух «Зубр» і яго досыць крэатыўныя акцыі напачатку 2000-х гадоў. Бусел меў дачыненне да назвы аднаго з папулярных тэлеграм-каналаў, які зараз прыгадваць досыць небяспечна ў медыйнай прасторы Беларусі, але ж вы ўсё разумееце. Больш за 1,5 гады ідзе паляванне на беларусаў у Беларусі, на іх сімвалы, але буслы па ранейшаму кожную вясну ляцяць дадому, а зубры з годнасцю гадуюць сваіх маладых нашчадкаў на роднай зямлі. Можа менавіта гэтае не дае спакою спадару Шуневічу на яго пасадзе, і менавіта праз прапанову фізічных забойстваў жывых увасабленняў пратэсту ён спрабуе даць нейкі сігнал сваім былым кіраўнікам, нагадаць пра сябе і вярнуцца да больш сур’ёзных справаў? Наступным будзе знішчэнне коней як элемента «Пагоні»? Рыцараў жа зараз амаль не знайсці...
Але ж самым цікавым я лічу наступнае:
Мне было заўсёды цікава, што сучасныя людзі знаходзяць у паляванні. Хтосьці кажа пра адрэналін — прабачце, а не забівая кагосьці яго атрымаць нельга? Чым такім чалавек пераважае любую жывёлу, што прысвойвае сабе права яе забіць? Ці чалавек чуе лепш за кажана, бегае лепш за труса, дужы за мядзведзя ці лася? З рознымі прыладамі кшталту капканаў ці стрэльбаў лёгка сабой ганарыцца, але ж ты паспрабуй у майтках пайсці на таго ж дзіка — адрэналіну хопіць на дзесяцярых, але ж не... Ды нават труса злавіць і то не атрымаецца, калі будзеце ў роўных умовах — трус як ёсць і паляўнічы як ёсць. Падчас сваёй эвалюцыі чалавецтва страціла амаль усё, чым узнагародзіла яго прырода. Часам і розум таксама. Чамусьці чалавек лічыць сябе разумнейшым за жывёлаў, птушак, рыб. Але ж на якой падставе — незразумела. Птушкі разумеюць птушак, жывёлы — жывёлаў, рыбы — рыб, а вось людзі адзін аднаго чамусьці не! Але ж невядома з якой нагоды, такія чалавекі імкнуцца кіраваць прыродай, рэгуляваць колькасць папуляцый, вырашаць каму жыць, а каму не.
Можа насамрэч рудымент не Чырвоная Кніга, якую стварылі яшчэ не страціўшыя розум людзі, а тыя, хто імкнецца дагэтуль кіраваць тым, што ім увогуле непадуладна?