Царква горшая за Спецкамбінат?

Днямі на прыведзеных у парадак валанцёрамі пахаваннях на Вайсковых могілках зноў з’явіліся датаваныя 2015 годам шыльды з патрабаваннем упарадкаваць магілы.

p6218908_logo_1.jpg

Валанцёры, якія ўсё лета адсочваюць сітуацыю са зносам магіл на Вайсковых могілках у Мінску, зноў б’юць трывогу. Хоць пакуль што Спецкамбінат КБА не праводзіць актыўных работ (нагадаем, яны былі прыпыненыя пастановай пракуратуры), але яго супрацоўнікі зноў пачалі развешваць на пачышчаныя і пафарбаваныя валанцёрамі агароджы папярэджанні аб неабходнасці навесці парадак.

Такі паварот падзей, мякка кажучы, вельмі здзівіў абаронцаў пахаванняў.

Такія абвесткі зноў развесілі на ўжо добраўпарадкаваных магілах

Такія абвесткі зноў развесілі на ўжо добраўпарадкаваных магілах

— На мінулым тыдні зноў з’явіліся лесарубы і пачалі пілаваць дрэвы. Калі мы прыехалі паглядзець, што адбываецца, выявілася, што на месцы магіл, якія былі каля хрысцільні, царква пачала класці плітку, а магілы, што былі побач з алеяй, замянілі маленькімі крыжамі, — распавяла «Новаму Часу» валанцёрка Алена Каткова.

Тыдзень таму на могілках зноў пачалі пілаваць дрэвы. Фота Марыны Негінай

Тыдзень таму на могілках зноў пачалі пілаваць дрэвы. Фота Марыны Негінай

Яна мяркуе, што наўрад ці сваякі пахаваных давалі на гэта згоду, і прыводзіць прыклад мінчаніна Даната Яканюка. З каляцаркоўных магіл яго дзеда (дарэчы, праваслаўнага святара) і маці без усялякага папярэджання прыбралі крыжы і каваную агароджу.
Валанцёры мяркуюць, што шыльды з папярэджаннямі развесілі для таго, каб збіць імпэт з абаронцаў некропалю. Бо, па словах начальніцы аддзела па ахове гісторыка-культурнай спадчыны ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Мінкультуры Наталлі Хвір, бліжэйшым часам ніякіх прац на могілках Спецкамбінат узнаўляць не павінен.
— Калі я распавёў ёй пра тое, што на прыведзеныя да ладу агароджы зноў вешаюць шыльды, яна здзівілася. Сказала, што паводле яе інфармацыі, Спецкамбінат не плануе выходзіць на глабальныя працы, – гаворыць каардынатар валанцёрскіх прац, гісторык Павел Каралёў. — Міністэрства культуры пісала заказчыкам прац — УКБ Савецкага раёна — аб неабходнасці распрацоўкі праекта добраўпарадкавання, але той праект, што даслалі, не ўхвалены.
Але пакуль Спецкамбінат не працуе, актывізавалася царква.  Яна, паводле словаў Паўла Каралёва, адчувае сябе на могілках гаспадаром.

Так цяпер выглядаюць былыя магілы ля царквы і хрысцільні. Фота Алены Катковай
Месяц таму гісторык напісаў зварот Мітрапаліту Мінскаму і Заслаўскаму Паўлу ў сувязі з сітуацыяй на Вайсковых могілках. У звароце ён просіць іерарха падтрымаць валанцёраў і паспрыяць таму, каб старыя крыжы замянялі на новыя, а не як цяпер — на «надгалоўнікі». Апроч таго Павел Каралёў звяртае ўвагу, што падзеі на Вайсковых могілках моцна кампраметуюць Праваслаўную царкву Беларусі, бо яна па-ранейшаму не выказала дакладнай пазіцыі на гэты конт (у адрозненне ад каталіцкага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які асудзіў вандалізм на некропалі).
Што да настаяцеля Аляксандра-Неўскага храма Мікалая Коржыча, той, па словах Паўла Каралёва, «пакрыўдзіўся» на валанцёраў.
— У нас была вусная размова з настаяцелем, падчас якой ён сказаў, што мы пішам даносы. Казаў, што клір шмат чаго робіць, і стаў прыводзіць прыклады 1960 – 1970-х гадоў. Я з гэтым не спрачаюся, але ж мы кажам пра цяперашні час, — зазначае гісторык. — Згодна з пасадай, Мікалай Коржыч адказвае за сувязі з грамадствам, але ж ніякіх кантактаў з грамадствам насамрэч не адбываецца, ніхто не паказвае ніякіх планаў, усё робіцца цішком.