Хартыя'97 уручыла Нацыянальную прэмію за абарону правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча

Лаўрэатамі Нацыянальнай прэміі за 2015 год у намінацыі «За асабістую мужнасць» сталі журналістка Святлана Калінкіна, былы палітвязень Ігар Аліневіч і студэнцкая ініцыятыва «Студэнты супраць», а за «Смеласць у творчасці» — гурт «Крамбамбуля».



ai_195800_aux_head_20160319_premiya_charter_360.jpg

Адкрываючы цырымонію, якая прайшла 18 сакавіка ў Варшаве, галоўная рэдактарка сайта charter97.org Наталля Радзіна сказала:
«Мы наважылі ўручыць нашу прэмію менавіта сёння, таму што праз некалькі дзён Беларусь будзе адзначаць вялікае свята — Дзень Волі. 25 сакавіка была заснавана Беларуская Народная Рэспубліка. Дзякуючы мужнасці такіх людзей, як Язэп Варонка, Кастусь Езавітаў, Ян Серада, Язэп Захарка, мы сёння маем краіну. З тых часоў мінула амаль 100 гадоў, але і сёння мужныя і смелыя беларусы-патрыёты прадаўжаюць змагацца за свабоду, незалежнасць і дэмакратыю».
Галоўная рэдактарка таксама ўзгадала пра Віктара Івашкевіча, імем якога названая прэмія. Лідэр беларускай апазіцыі, журналіст і адзін з заснавальнікаў грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя-97» памёр у 2013 годзе.
«Скажу шчыра — я вельмі люблю ўсіх лаўрэатаў Нацыянальнай прэміі. Бо калі ёсць такія героі - то, значыць, у жыцці на самай справе ёсць праўда, справядлівасць, гонар, адданасць і надзея на перамогу дабра над злом і свабоды над дыктатурай», — сказала Наталля Радзіна. «Назваць усё сваімі імёнамі»
Лідар беларускіх анархістаў Ігар Аліневіч правёў у турме пяць гадоў. Прайшоўшы праз катаванні, здзекі і катаржныя ўмовы беларускай пенітэнцыярнай сістэмы анархіст не здрадзіў прынцыпам і захаваў у сабе чалавека. А яшчэ напісаў у турме кнігу «Еду ў Магадан» пра беларускі ГУЛАГ у XXI стагоддзі. Гэтую кнігу варта прачытаць кожнаму, каб зразумець сутнасць дыктатара Лукашэнкі - яго баязлівасць, подласць і метады кіравання дзяржавай.
Прэмію Ігару Аліневічу ад імя сайта charter97.org уручаў прадстаўнік фонду «Свабода і дэмакратыя», які шмат гадоў займаецца дапамогай беларускім палітвязням, Марэк Буцька:
«Для мяне вялікі гонар уручаць сёння ўзнагароду Ігару Аліневічу. У 1980-х гадах я таксама ўважаў сябе за анархіста, праўда, расейскую амбасаду ў Варшаве падпаліць не спрабаваў. Я ведаю, што для анархістаў самай галоўнай каштоўнасцю з'яўляецца свабода. І я рады, што ў Беларусі ёсць людзі, для якіх свабода і годнасць — гэта галоўныя каштоўнасці, якім яны ніколі не здрадзяць.
Упэўнены, што расейскі імперыялізм урэшце абрынецца, Лукашэнка сыдзе ў гісторыю, а кнігі пра свабоду застануцца. Застануцца Салжаніцын, Шаламаў і іншыя аўтары. Радасна, што і вы, Ігар, далучыліся да гэтай вялікай літаратуры. Вы выдатны прыклад таго, як чалавек можа захаваць годнасць у суровых умовах. Для многіх беларусаў вы — герой, варты павагі і захаплення. Зычу, каб вы і надалей захавалі свабоду духу, засталіся вернымі сваім ідэалам і былі прыкладам для Беларусі».«Вялікі дзякуй за цёплыя словы. Вядома цяпер, праз пяць гадоў, усё ўжо ўспрымаецца не так эмацыйна. Як казаў Салжаніцын, на могілках жывучы ўсіх не аплачаш, — сказаў Ігар Аліневіч. - У турме мяне абуралі катаванні, але яшчэ больш абурала тое, што рэжым адмаўляўся называць свае дзеянні тымі імёнамі, якія яны заслугоўваюць. У іх турэмшчык — гэта дэпартамент выканання пакаранняў МУС, для іх катаванні — гэта захаванне рэжыму ўтрымання і выхаваўчая праца, вымагальніцтва яны называлі добраахвотнымі ахвяраваннямі.
Я наважыў, што калі рэжым не саромеецца сваіх метадаў, то хай грамадства ацэніць іх. І я наважыў назваць у кнізе ўсё сваімі імёнамі. Каб грамадства і будучыя пакаленні ведалі, што на самой справе хаваецца за маскай беларускай дыктатуры, якая ўсімі сіламі цяпер спрабуе вылезці з ізаляцыі і заслужыць імя аўтарытарызму з чалавечым тварам. Аўтарытарызму з чалавечым тварам не бывае. Аўтарытарызм - заўсёды жорсткасць, хлусня, падаўленне, эксплуатацыя, заняволенне, растоптванне годнасці. Я спадзяюся, што ў вельмі хуткай будучыні мы ў Беларусі перагорнем гэтую старонку і зможам задаць пытанне нашым катам ужо з вялікай трыбуны».
«Будзьце лідарамі»
Адна з самых найлепшых журналістак Беларусі Святлана Калінкіна і ва ўмовах жорсткай цэнзуры СМІ яна застаецца верная прафесіі. Яе ацэнкі сумленныя і справядлівыя, яе словы жорсткія, але дакладныя, таму трапіць пад вострае пяро журналісткі баяцца ўсе — і чыноўнікі, і апазіцыянеры. Прэмія Святлане Калінкінай уручалася «За асабістую мужнасць», таму што заставацца прыстойным чалавекам і сапраўды незалежным журналістам ва ўмовах дыктатарскай Беларусі — гэта як подзвіг.
«Святлана сёння — гэта надзея для беларусаў. Яны ўжо не пішуць Лукашэнку свае скаргі, бо ведаюць, што гэта дарэмна. Яны пішуць Святлане ў газету «Народная воля», бо вераць — яна зразумее і зробіць усё магчымае, каб дапамагчы»,— сказала Наталля Радзіна, прадстаўляючы лаўрэатку.
Прэмію Святлане Калінкінай уручаў легенда польскага Супраціву, лідар падпольнай «Салідарнасці» Збігнеў Буяк.
«Наталлю Радзіну я ведаю ўжо вельмі доўга і стараюся разгледзець у яе дзеяннях і словах знакі часу. Лаўрэатаў гэтай прэміі яна лічыць вялікімі героямі.
Калі мы сёння паглядзім на Еўропу, то ўбачым, як мільёны людзей штурмуюць яе мяжы, жадаючы апынуцца ў адной з еўрапейскіх дзяржаў. Але што ў кіраванні гэтымі краінамі было такога добрага, дзякуючы чаму яны цяпер займаюць такія высокія пазіцыі? Бо ў іх, вядома, было не менш герояў, чым у нашых краінах. І вось Наталля наштурхнула мяне на думку, што гэтыя краіны сталі вялікімі не толькі за кошт сваіх герояў. Яны сталі заможнымі дзякуючы палітычным і грамадскім лідарам, якія закладвалі асновы дзяржаўнасці, дэмакратычнага грамадства і паспяховай эканомікі.
Хачу сказаць, што гэтая ўзнагарода з'яўляецца для лаўрэатаў абавязаннем. Вы — людзі, якія вызначыліся цвёрдасцю духу і адвагай. А цяпер Наталля Радзіна ставіць перад вамі новую задачу — будзьце вялікімі беларускімі лідарамі», — сказаў Збігнеў Буяк. Святлана Калінкіна ў сваю чаргу распавяла, што прафесія журналіста на сённяшні дзень у Беларусі — гэта велізарная маральная адказнасць.
«Наша прафесія такая, што калі ты яе аднойчы выбіраеш, то на вялікі рахунак ты выбіраеш паміж праўдай і хлуснёй. Такі вось дзіўны абавязковы выбар. Далей можна сябе падманваць: вось тут я крышку заплюшчу вочы, а тут я адным вокам падгледжу, а тут я напішу так, як будзе камусьці прыемна, таму што навошта мне лішнія праблемы? Але калі ты пачынаеш рабіць вось такія рэверансы ў бок прафесіі, то, я лічу, ты ёй здраджваеш.
Я зусім не ўпэўненая, што магу ганарыцца кожным сваім матэрыялам — я сапраўды гэтак жа, як і ўсе, памыляюся. Я магла напісаць адно, а праз некаторы час памяняць сваё меркаванне. Але ўсё, што я рабіла, я рабіла шчыра.
Я зычу нам усім добрых навін і спадзяюся, што мы будзем уручаць прэмію Віктара Івашкевіча ў Беларусі - у самых вялікіх залях, самым годным людзям, бо ў Беларусі шмат годных людзей. Я ганаруся быць сёння ў такой кампаніі», — сказала Святлана Калінкіна.
«Проста сказаць: Мы не згодныя»
Вулічны пратэст студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ледзь не давёў да інфаркту не толькі рэктарат галоўнай ВНУ, але і ўсё кіраўніцтва рэжыму. Цягам двух дзясяткаў гадоў улады падаўлялі любыя пратэсты, у тым ліку студэнцкія, шляхам арыштаў, выключэнняў з універсітэтаў і звальненняў з працы іх удзельнікаў. Але, скарыстаўшыся тым, што, нягледзячы на ўсе гэтыя злачынствы, лукашэнкаўская Беларусь аказалася ўключанай у Балонскі працэс, студэнты БДУ наважыліся на барацьбу за свае правы. Сёння за маладымі беларусамі сочыць увесь свет, а сайт charter97.org узнагародзіў іх Нацыянальнай прэміяй у намінацыі «За асабістую мужнасць».
Падчас цырымоніі студэнцкую ініцыятыву прадстаўляў актывіст Алесь Крот, а прэмію яму ўручаў Уладзімір Лемеш - адзін з камандзіраў легендарнага руху «Зубр», актывіст грамадзянскай ініцыятывы «Еўрапейская Беларусь»:
«Вельмі прыемна, што мне выпаў гонар уручаць прэмію ініцыятыве, якая абараняе правы студэнтаў. Я сам у мінулым быў студэнтам беларускай ВНУ і ведаю, наколькі цяжка спалучаць грамадскую дзейнасць і навучанне ў Беларусі. Вы сапраўдныя героі - нягледзячы на ўсе пагрозы, вы абараняеце правы студэнтаў, у вас атрымалася правесці сапраўды класную вулічную акцыю 2 снежня, а гэта вельмі цяжка зрабіць у нашых умовах. Таму няхай ваша мужнасць будзе прыкладам для іншых студэнтаў. Спадзяюся, што ў вас атрымаецца змяніць сітуацыю — не студэнты павінны баяцца кіраўніцтва навучальнай установы, а наадварот - кіраўніцтва ВНУ павінна паважаць студэнтаў і прыслухоўвацца да вашага голасу».
Алесь Крот прызнаўся, што не ўважае дзеянні студэнцкай ініцыятывы за геройскія ўчынкі, бо студэнты проста агучылі тое, з чым не згодныя.
«Мы проста сказалі пра тое, што не згодныя з тым, што адбываецца ва ўніверсітэце. Мы пачалі з простых рэчаў — з пратэсту супраць платных адпрацовак. І паступова развівалі больш глыбокую думку — пра тое, што студэнты маюць права ўплываць на тое, што адбываецца ва ўніверсітэце, — падзяліўся студэнцкі актывіст. — І я дзякую СМІ, таму што без іх падтрымкі ў нас не атрымалася б такой паспяховай кампаніі. Наша ініцыятыва ні ў якім разе не спыняе свайго існавання — ёсць шмат новых ідэй і фарматаў. Яшчэ раз дзякуй за прэмію — гэта стала вялікай маральнай падтрымкай для тых студэнтаў, якія ладзілі акцыі. Гэта паказчык таго, што ёсць людзі, якім наша ідэя блізкая. Жыве Беларусь!»
Легендарны беларускі гурт «Крамбамбуля» ганараваўся Нацыянальнай прэміяй у намінацыі «За смеласць у творчасці». Культавы музыка Лявон Вольскі разам з таленавітымі калегамі Паўлам Аракелянам, Алесем Мышкевічам, Паўлам Мамонавым, Андрэем Якубчыкам, Паўлам Трыпуцем і іншымі прэзентавалі сёлета свой апошні альбом «Чырвоны Штраль», які стаў сапраўдным «беларускім партызанскім маніфестам». Гурт трапіў у «чорны спіс» забароненых у Беларусі каманд, але застаецца, як выказаўся Лявон Вольскі, «светлым промнем у змрачнаватай беларускай гісторыі». Прыхільнікі гурту спадзяюцца, што заява аб роспуску «Крамбамбулі» з'яўляецца партызанскім манеўрам, і ён застанецца на перадавой беларускага музычнага фронту.
На жаль, праз хваробу жонкі Ганны Вольскай лідар гурту «Крамбамбуля» Лявон Вольскі не змог прыехаць на ўручэнне прэміі. Каардынатар кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка, які павінен быў уручаць прэмію гурту, распавёў пра ўдзельнікаў знакамітага музычнага калектыву і аб іх ролі ў барацьбе за незалежную Беларусь. У 90-я гады Дзмітрый працаваў разам з Лявонам Вольскім на легендарным беларускім незалежным «Радыё 101,2», якое было закрытае ўладамі.
«Пра Лявона Вольскага можна казаць шмат — ён увесь час мяняецца, ён заўсёды адкрыты для ўсяго новага. Да гурту датычная і Ганна Вольская, мэнэджар гурту, якой і належыць ідэя стварэння «Крамбамбулі».
Не магу не ўспомніць і Паўла Аракеляна, які, на жаль, не змог прыехаць. Гэта чалавек, інтэрв'ю з якім я выразаў у адной з беларускіх газет, і пакуль я знаходзіўся за кратамі, яно было ўвесь час са мной, натхняла мяне на дзеянні.
Такія людзі не могуць рабіць дрэнную музыку, і я разумею тысячы беларусаў, якія прыязджаюць на канцэрты «Крамбамбулі», нягледзячы на мяжу, візы і іншыя праблемы. Давайце і мы дамо ім добры імпульс. Жыве Беларусь! Жыве Крамбамбуля!»
На цырымоніі таксама выступіў прэзідэнт Фонду міжнароднай салідарнасці, былы намеснік міністра замежных спраў Польшчы Кшыштаф Станоўскі:
«Вялікі дзякуй сайту charter97.org. Сваіх герояў трэба ведаць і хваліць, і абавязкова казаць пра іх. Бо раз свае ўзнагароды ўручае ваш «прэзыдэнт» ці міністр, дык і вы павінны сабрацца камандай і ўручаць свае ўзнагароды дастойным, на ваш погляд, людзям. Менавіта вы дыктуеце, хто варты падзякі, на каго варта звярнуць увагу, хто з'яўляецца героем. Вядома, часам вам складана. Але на вас вялікая адказнасць за тое, каб усе ведалі пра людзей, якія для Беларусі самыя важныя».
Словы падтрымкі прагучалі таксама ад аднаго з кіраўнікоў праграмы імя Кастуся Каліноўскага, былога намесніка амбасадара Польшчы ў Расеі, экс-пасла РБ у Румыніі і Малдове Віктара Роса:
«Я хачу і са свайго боку павіншаваць лаўрэатаў гэтай выдатнай прэміі імя Віктара Івашкевіча. Гэтая своеасаблівая эстафета перадае сцяг барацьбы за свабоду. Ад старэйшага пакалення да малодшага, бо сярод лаўрэатаў сёння ёсць і зусім маладыя людзі, якія з'яўляюцца абаронцамі незалежнасці сваёй краіны.
Я прадстаўляю тую частку польскага навуковага і палітычнага грамадства, якая з усіх сіл, наколькі гэта магчыма, падтрымлівае вашу барацьбу і стварае магчымасці для таго, каб маладыя беларусы, рэпрэсаваныя рэжымам, маглі працягнуць навучанне ў Польшчы. Мы разлічваем што сярод іх з'явіцца шмат грамадскіх дзеячаў, якія вернуцца ў Беларусь і працягнуць барацьбу. Мы стараемся зрабіць усё магчымае і па каналах дыпламатычных. Мы зробім усё, каб ваша работа тут была паспяховай».
Нацыянальная прэмія за абарону правоў чалавека была заснаваная Хартыяй'97 у 1998 годзе. У розныя гады лаўрэатамі прэміі станавіліся абаронцы намётавага мястэчка на Кастрычніцкай плошчы Менска ў сакавіку 2006 года, палітвязні Алесь Бяляцкі, Мікалай Статкевіч, Аляксандр Казулін, Зміцер Дашкевіч, Міхаіл Марыніч, Павел Севярынец, Андрэй Кім, Сяргей Парсюкевіч, Уладзімір Яроменак, Эдуард Лобаў, Васіль Парфянкоў, першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, спартовец, чэмпіён свету па муя-тай Віталь Гуркоў, актывістка Беларускага незалежнага прафсаюза Алена Захожая, вернікі, якія ўдзельнічалі ў галадоўцы ў абарону храма пратэстанцкай царквы «Новае жыццё», старшыня камітэта парафіі святога Язэпа ў Менску Івона Мацукевіч, праваабаронцы Валер Шчукін і Галіна Юбко, жонкі зніклых у Беларусі лідараў апазіцыі і журналіста Ірына Красоўская, Зінаіда Ганчар, Святлана Завадская, жонка былога палітвязня Таццяна Клімава-Леановіч, Народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, актывіст апазіцыі Уладзімір Плешчанка, абаронцы Курапатаў, творчае аб'яднанне «Пагоня», Беларускі Свабодны тэатр, музычныя гурты «Ляпіс Трубяцкі» і яго лідар Сяргей Міхалок, «NRM», «Новае неба», закрыты ўладамі Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа, журналісты Анджэй Пачобут, Павел Мажэйка, Мікола Маркевіч, Віктар Івашкевіч , Любоў Лунёва, Юрась Карманаў, Марына Коктыш, Генадзь Барбарыч, Юлія Дарашкевіч, праваабаронцы Яна Палякова і Таццяна Новікава, прафсаюзны лідар Генадзь Фядыніч, рэжысёр Антон Цялежнікаў, шведскія пілоты Томас Мазэцці, Пэр Кромвэл і Ханна Фрэй, палітычныя зняволеныя паводле «справы 19 снежня», ініцыятыва «Вызваленне»і іншыя вядомыя грамадскія дзеячы, палітыкі, журналісты.
Паводле Хартыі'97