Хто штурхае ІП на плошчу?

Беларускія ІП не гандлююць ужо другі тыдзень, прапускаючы самы «хлебны» для іх час калядных святаў. І, бачна, што канфлікт паміж уладай і прадпрымальнікамі ўвайшоў у рашучую фазу.



67867698.jpg

Прадпрымальнікі прыпынілі сваю працу на рынках па ўсёй Беларусі з-за ўказа №222, згодна з якім ІП павінны рэалізоўваць прадукцыю легпрама, увезеную з краін Мытнага саюза, толькі з усімі суправаджальнымі дакументамі (накладныя, сертыфікаты і да т.п.). Гэты канфлікт доўжыцца не першы год — дзеянне ўказа неаднаразова адкладалася. З 1 студзеня ўсе палёгкі скасаваныя.

Сітуацыя ўскладняецца тым, што расійскія пастаўшчыкі, у якіх закупляюць тавар большасць беларускіх ІП, як правіла, адмаўляюцца выдаваць дакументы аб паходжанні прадукцыі альбо прадастаўляюць фіктыўныя даведкі. У выніку беларускіх «індывідуалаў» штрафуюць і канфіскоўваюць тавар. Прычым, у той жа Расіі такі ж самы тавар ІПшнікі прадаюць без складанасцяў і дакументаў.

ІП абвінавачваюць уладу ў завышаных патрабаваннях, вынікам чаго стаўся «вымушаны адпачынак». І не з-за святаў альбо нізкага спажывецкага попыту, як сцвярджаюць улады, а з-за дзеянняў той самай улады ў выглядзе новых заканадаўчых патрабаванняў.

Таму Антыкрызісны форум прадпрымальнікаў, які прайшоў у Мінску на гэтым тыдні, сабраў рэкордную колькасць прадстаўнікоў ІП — больш за паўтары тысячы дробных бізнесоўцаў з’ехаліся ў гатэль «Беларусь», канферэнц-зала якога не змагла змясціць усіх жадаючых.

Кіраўнік прадпрымальніцкага аб’яднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка, як і казаў раней, быў не ў настроі «разгойдваць лодку», таму рашуча спыняў усе спробы заклікаць прадпрымальнікаў на маршы пратэстаў. Тых, хто рабіў такія заявы, ён называў «падонкамі і нягоднікамі», і выводзіў з залі. Бо Антыкрызісны форум задумваўся як пляцоўка перамоваў паміж ІП і ўладай.

Прадстаўнікі ўлады прысутнічалі на гэтым мерапрыемстве ў асобах намесніка начальніка ўпраўлення арганізацыі гандлю і паслуг Мінгандлю Андрэя Мяшкова і кансультанта дэпартамента па прадпрымальніцтву Міністэрства эканомікі Валерыя Хомчанкі. Узровень гэтага прадстаўніцтва як бы намякае…

Мяшкоў, запэўніваў прадпрымальнікаў, што Мінгандлю, насамрэч, падтрымлівае (!) іх патрабаванні. «Мы адназначна падтрымліваем вашы патрабаванні па накладных, мы падтрымліваем вашы прэтэнзіі па ўстаноўцы плацежных тэрміналаў, і ў тым, што тычыцца сертыфікацыі… Але роля нашых партнёраў у рамках ЕўрАзЭС, у прыватнасці, Расійскай Федэрацыі, вельмі моцная, і наша пазіцыя павінна быць адэкватнай», — сказаў чыноўнік.

За славесным «пернікам» Мяшкоў схаваў і «бізун», нагадаўшы ІП, што нявыхад на працу без папярэдняга паведамлення з’яўляецца парушэннем заканадаўства.

Вось тут і назіраецца «оп-ля!» У чым пазіцыя Расіі моцная? У тым, што яны не патрабуюць ад сваіх прадпрымальнікаў тых дакументаў, якія патрабуе беларускі ўрад? У тым, што там ІП даюць болей свабоды?

Не. «Пазіцыя РФ моцная» ў тым, што там існуюць аптовыя рынкі, на якіх ёсць танны тавар. І ў тым, што адтуль нашы прадпрымальнікі вязуць сваю прадукцыю. А Беларусь, нягледзячы на неаднаразовыя патрабаванні Аляксандра Лукашэнкі, свой «Чэркізон» так і не пабудавала. Праект такога «лагістычнага комплексу» ў Болбасава пад Оршай плануе заканчэнне будаўніцтва аж у 2023-м годзе! А працаваць ІП трэба зараз.

Так што чыноўнікі, выступаючы на Антыкрызісным форуме, за прыгожымі словамі схавалі выключна свой інтарэс па, скажам так, забеспячэнні адсутнасці канкурэнтаў у айчынных прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці.

Але ўжо колькі можна паўтараць, што ва ўмовах адкрытых межаў з Расіяй і свабоднага выезду да іншых нашых суседзяў, беларускі легпрам аніякімі забараняльнымі мерамі не выратуеш. Проста замест ІП за мяжу паедуць звычайныя людзі і будуць затарвацца самі, без пасярэднікаў. Тым больш, што зараз там настае перыяд паслякалядных распродажаў.

Мінгандлю ўсё ж паабяцаў паспрабаваць вырашыць пытанне прадпрымальнікаў «да канца тыдня». ІП ж пагадзіліся чакаць вынікаў перамоваў да 25 студзеня.

Што будзе, калі перамовы, як гэта адбываецца зазвычай, зойдуць у тупік? Шумчанка прапанаваў ІП скарыстацца правам заканадаўчай ініцыятывы, сабраць 50 тысячаў подпісаў і падаць у парламент свой законапраект пра малы бізнес, які адменіць усе шкодныя для ІП указы.

Аднак, па-першае, не факт, што Палата прадстаўнікоў прыслухаецца да ІП. Бо не прыслухаліся ж у свой час да вернікаў, якія сабралі тыя самыя 50 тысячаў подпісаў супраць новага закона аб веравызнанні. Па-другое, сесія пачнецца толькі ўвесну, а да вясны людзям трэба сем’і карміць…

Так што, калі пытанне прадпрымальнікаў не вырашыцца, ім нічога, апроч плошчы і вулічнага пратэсту, не застаецца. Як бы таму не супраціўляўся Шумчанка.