Ці адолелі беларусы «сіндром даверу да ўлады»?

Давер няўлоўны, як эфір, але ад якасці і колькасці гэтага эфіру залежыць урэшце стабільнасць любога палітычнага рэжыму.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Паводле Вікіпедыі, зваротная сувязь — гэта зваротная рэакцыя чалавека ці групы людзей на атрыманую інфармацыю або зробленае дзеянне. Спецыялісты вылучаюць два тыпы зваротнай сувязі — станоўчую і адмоўную.
Прыклад станоўчай зваротнай сувязі, калі я правільна зразумеў сутнасць з'явы, апісаны ў рамане «Залатое цяля»: «Нарастанне ўсмешак і пачуццяў нагадвала рукапіс кампазітара Франца Ліста, дзе на першай старонцы пазначана: граць «хутка», на другой — «вельмі хутка», на трэцяй — «значна хутчэй», на чацвёртай — «хутка, як толькі магчыма» і ўсё ж такі на пятай — «яшчэ хутчэй».
Насуперак вызначэнню Вікіпедыі, станоўчую зваротную сувязь можна назіраць і ў працэсах, з рэакцыяй чалавека не звязаных. Прыкладам можа стаць выццё, якое чуваць, калі падключаную электрагітару паднесці да калонкі, што яе абслугоўвае. Як і ў выпадку з абменам усмешкамі паміж Бэндэрам і Карэйкам, усё пачынаецца з лёгкай вібрацыі струны. Далей надыходзіць чарга ўзмацняльніка, што пераўтварае электрычны сігнал у нягучны гук. Струны гітары, натуральна, рэагуюць, спараджаючы больш магутны электрычны сігнал... — і неўзабаве чуецца аглушальнае выццё.
Прыкладам адмоўнай зваротнай сувязі служыць сістэма падтрымання тэмпературы ў акварыуме. Калі тэмпература вады перавышае зададзенае значэнне, тэрмастат адключае награвальнік. Тэмпература апускаецца — і тэрмастат зноў уключае награвальнік.

Ведай нашых!

Уздзеянне прапаганды на грамадства — яшчэ адзін прыклад зваротнай сувязі, прычым як станоўчай, так і адмоўнай.
Зразумець кожны від зваротнай сувязі паасобку нескладана. Пэўны від прапагандысцкіх меседжаў («Каравул! Нас акружылі!») здольны распаліць аўдыторыю да ступені, што фіксуецца сацыялагічнымі апытаннямі. Абапіраючыся на вынікі апытанняў, прапагандысты робяць выснову пра актуальнасць сканструяваных імі меседжаў — і ціснуць на газ. Так запускаецца працэс, на пэўнай стадыі якога аўтары меседжаў пачынаюць самі ў іх верыць.
У самай саліднай газеце краіны чытаем: «Апошні час яны (ЗША і NАТO. — Рэд.) актыўна нагняталі сітуацыю вакол Украіны і Расіі, прызначаючы даты пачатку ваенных дзеянняў. Трэба разумець, што NАТO дзейнічае вельмі сістэмна і мэтанакіравана. Яны прымаюць тактыку стварэння ілюзорнасці вайны. Упершыню яна была ўжытая ў 1991 годзе: тады працавала цэлая група паліттэхнолагаў з рознымі спецыялістамі глабальных медыя. У першую чаргу гэта была тэлекампанія CNN. І яны з дапамогай карцінкі, якая транслявалася 24/7, стварылі ілюзію таго, што Ірак напаў на Кувейт».
Вось яно як! Акупацыя Кувейта Іракам у жніўні 1990 года — гэта ўсяго толькі карцінка CNN. А як жа 4,2 тысячы забітых кувейцкіх вайскоўцаў?! А шматмільярдныя страты ад разрабавання, за якія Іраку давялося выплаціць Кувейту 47,9 мільярда долараў рэпарацый?
Між іншым, аперацыя па прымусе Ірака да міру «Шчыт пустыні» была праведзеная ЗША і іх саюзнікамі на падставе рэзалюцыі Рады бяспекі ААН № 678 — такім чынам, і са згоды СССР у тым ліку.
Салідныя прадстаўнікі салідных дзяржаў прынялі саліднае рашэнне на падставе кадраў CNN! Спатрэбілася тры дзесяцігоддзі, каб выкрыць міжнародны казус, спароджаны медыйнай інсцэніроўкай.
Не ведаю, як вас, чытачы, але мяне перапаўняе пачуццё гонару, што аўтар выкрыцця — не хлопчык, а муж, які рэгулярна прэзентуецца дзяржаўнымі СМІ ў якасці аналітыка Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (БІСД).
Ведай нашых! Ведай, што выкрыццё ілюзіі нападу Іраку на Кувейт — гэта не аналаг іроніі лёсу, апісаны Іванам Крыловым у байцы «Певень і жамчужнае зерне». Гэта штодзённасць дзяржаўных СМІ, гэта штодзённасць дзяржаўнай аналітыкі.
Пра гэта неабходна памятаць, калі чытаеш, да прыкладу, наступнае адкрыццё прафесіянала з БІСД: «Тое, што цяпер робяць ЗША ў адносінах да Расіі, — гэта якраз стварэнне такой ілюзорнасці ў грамадскай думцы заходніх краін і іх аўдыторыі, што вайна непазбежная і вось-вось павінна пачацца. Гэта лёгкі спосаб для правакацый, для наступнага ціску, увядзення санкцый супраць Расіі. Як вынік — паслабленне РФ на міжнароднай арэне і спроба аслабіць фінансава-эканамічнае становішча Расіі».

Трэці закон Ньютана

У расколатым грамадстве (беларускі выпадак) адзін і той жа меседж здольны выклікаць адначасова і станоўчую, і адмоўную зваротную сувязь. Усё залежыць ад ступені даверу да крыніцы інфармацыі.
Давер няўлоўны, як эфір. Аднак ад якасці і колькасці гэтага эфіру залежыць урэшце стабільнасць любога палітычнага рэжыму. «Масавы «сіндром даверу да ўлады», — тлумачыць палітолаг Уладзімір Пастухоў, — робіць насельніцтва асабліва ўразлівым да прапаганды. Няма нічога дзіўнага і новага ў тым, што пры адключанай «крытычнай свядомасці» насельніцтва губляе здольнасць адрозніваць хлусню ад праўды і становіцца лёгкай здабычай надзеленых уладай прафесійных маніпулятараў свядомасцю, якія ўсталявалі манапольны кантроль над сродкамі масавай інфармацыі».
Не звязаная з «дзяржавай для народа» сацыялогія сведчыць, аднак, што на «сіндром даверу да ўлады» пакутуюць далёка не ўсе беларусы, а гэта зводзіць на нішто намаганні прафесійных маніпулятараў свядомасці сярод значнай часткі грамадства.
Па-першае, у сілу наяўнасці альтэрнатыўных СМІ. Як, напрыклад, выглядае нехта па прозвішчы Азаронак, асабіста я не ведаю. Пра яго існаванне чуў ад знаёмых, але я па БТ, акрамя трансляцый чэмпіянату Англіі па футболе, іншых перадач не гляджу. Дзякуй, дарэчы, БТ за трансляцыі.
Аднак існуе не толькі «па-першае», але і «па-другое». Нічога, акрамя раздражнення, інфармацыйныя крыніцы, якім не давяраюць, выклікаць не здольныя, — і гэта спараджае ў выніку зваротную сувязь з адмоўным знакам.Сіла дзеяння роўная сіле процідзеяння. Ньютан меў рацыю, хоць і не распаўсюджваў свой трэці закон на гуманітарную сферу.