Вялікабрытанія перагледзіць ліцэнзію на вяшчанне Russia Today

Урад Вялікабрытаніі звярнуўся да медыярэгулятара Ofcom з просьбай перагледзець рашэнне аб выдачы ліцэнзіі на вяшчанне тэлеканалу RT (Russia Today), заявіў прэм'ер-міністр Борыс Джонсан, выступаючы ў Палаце абшчын брытанскага парламента.

russia_today_84658203.jpg


«Міністр лічбавых тэхналогій, культуры, сродкаў масавай інфармацыі і спорту Вялікабрытаніі Надзін Дорыс адправіла запыт у Ofcom з просьбай зноўку вывучыць пытанне з ліцэнзіяй на вяшчанне тэлеканала RT», — паведаміў ён.

Раней міністр замежных спраў Вялікабрытаніі Ліз Трас заявіла, што Ofcom будзе правяраць расійскі навінавы канал Russia Today, які транслюецца ў Вялікабрытаніі, паведамляе АФН.

«Што тычыцца Russia Today, я мяркую, што ён рэгулярна транслюе прапаганду і фальшывыя навіны і фактычна з'яўляецца рукой расійскай дзяржавы, і я ўпэўненая, што Ofcom разглядае гэтае пытанне», — сказала Трас.

Асцярогі з нагоды вяшчальніка ўзмацніліся ў апошнія дні, паколькі дэпутаты заклікалі Борыса Джонсана да больш жорсткага адказу на пастанову Пуціна прызнаць Л/ДНР, піша The Telegraph.

Лідар лейбарыстаў Кір Стармер заявіў у Палаце абшчын, што RT варта забараніць, каб спыніць «кампанію дэзінфармацыі» з боку бясплатнага эфірнага канала. Прадстаўнік Ofcom адказаў на гэта, што «ўсе ліцэнзіяты павінны выконваць правілы Ofcom, уключаючы належную дакладнасць і належную бесстароннасць».

«Улічваючы сур'ёзнасць украінскага крызісу, мы будзем разглядаць скаргі на асвятленне гэтай праблемы ў навінах любога вяшчальніка ў прыярытэтным парадку», — запэўніў Ofcom.

Рэгулятар ужо аштрафаваў канал на 200 тыс. фунтаў стэрлінгаў за парушэнне правілаў бесстароннасці ў дачыненні да паведамленняў пра вайну ў Сірыі і атручваннях у Солсберы сям'і Скрыпалёў. У лістападзе RT прайграў апеляцыю ў апеляцыйным судзе Вялікабрытаніі, каб адмяніць гэтае рашэнне.

Афіцыйны прадстаўнік МЗС Расіі Марыя Захарава заявіла, што ў выпадку анулявання ліцэнзіі RT Расія прыме адэкватныя меры.