«Прэзідэнт Пуцін абраў шлях кровапраліцця і разбурэння»

Так выказаўся пра развязванне Расіяй вайны ва Украіне прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі.

_mileks_2021___armija___zbroja___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__10__logo.jpg

Рэакцыю заходніх палітыкаў на пачатак вайны супраць Украіны, якую Пуцін назваў "спецыяльнай ваеннай аперацыяй у Данбасе", сабрала www.dw.com.

Канцлер Германіі Олаф Шольц: "Змрочны дзень для Еўропы"

Федэральны канцлер Германіі Олаф Шольц назваў дзень пачатку ваеннай агрэсіі Масквы супраць Кіева "жахлівым днём для Украіны і змрочным днём для Еўропы". Адпаведную заяву кіраўнік германскага ўрада зрабіў у чацвер, 24 лютага, у Берліне.

Па словах Олафа Шольц, гаворка ідзе аб "абуральным парушэнні міжнароднага права". Расійская атака была "нічым не апраўданая", — указаў ён. "Расія павінна неадкладна спыніць гэтыя ваенныя дзеянні", — запатрабаваў Шольц. Паводле яго слоў, Германія салідарная з Украінай і яе народам.

Міністр замежных спраў ФРГ Аналена Бербок рашуча асудзіла ваенныя дзеянні супраць Украіны. "Сваім нападам на Украіну Расія парушае самыя элементарныя правілы міжнароднага парадку. Сусветная супольнасць не забудзе Расіі гэты дзень ганьбы", — заявіла кіраўнік нямецкага знешнепалітычнага ведамства.

Кіраўнік Еўракамісіі: ЕС прыцягне Крэмль да адказнасці

Старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен асудзіла напад. Еўрасаюз прыцягне Крэмль да адказнасці, паабяцала яна. Фон дэр Ляен дадала, што яе думкі — з Украінай, нявіннымі жыхарамі — мужчынамі, жанчынамі і дзецьмі.

Байдэн: "Несправакаваны і неапраўданы напад"

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн у тэлефоннай размове з украінскім лідарам Уладзімірам Зяленскім ахарактарызаваў здарэнне як "несправакаваны і неапраўданы напад" з боку Расіі. "Вялікая сямёрка" і сябры ЗША ўвядуць сур'ёзныя санкцыі ў дачыненні да Расіі, паабяцаў ён. Вашынгтон працягне падтрымліваць Украіну і яе народ, дадаў Байдэн. 

Джонсан: Пуцін выбраў шлях кровапраліцця і разбурэння

Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Борыс Джонсан выказаў свой "жах перад катастрафічнымі падзеямі ва Украіне". Ён абмеркаваў з Зяленскім далейшыя крокі. "Прэзідэнт Пуцін абраў шлях кровапраліцця і разбурэння", рэзюмаваў ён.