Ці здолеюць 10 слуцкіх валанцёраў упарадкаваць усе закінутыя пахаванні?
Напярэдадні Радаўніцы актывісты ініцыятывы «Чысты Слуцк» і журналісты незалежнай мясцовай газеты арганізавалі адмысловы «дэсант» па добраўпарадкаванні старых могілак у вёсцы Мусічы Слуцкага раёна.

Паводле каардынатара ініцыятывы
“Чысты Слуцк” Віталя Амяльковіча,
мусіцкія могілкі былі ў запусценні і гэта турбавала мясцовых жыхароў.
— Адна жанчына з гэтай вёскі патэлефанавала ў газету “ІнфаКур’ер” і паскардзілася, што частка могілак зарасла дрэвамі і пустазеллем, нават не бачныя помнікі, — распавёў грамадскі актывіст. — Валанцёры і некалькі маладых журналістаў (усяго 10 чалавек) 16 красавіка ажыццявілі частковую прыборку на могілках, каб прыцягнуць увагу мясцовых уладаў да жахлівага стану пахаванняў.


Паводле словаў валанцёра, нават знешне могілкі фактычна падзеленыя на дзве часткі. Там, дзе адбываюцца новыя пахаванні, тэрыторыя добраўпарадкавана і стаяць новыя помнікі. У другой жа частцы настолькі ўсё зарасло лесам і пустазеллем, што магільныя камяні ледзьве бачныя. “Заўважна, што там ужо даўно ніхто не прыбіраўся. Толькі адна з магіл выглядала больш-менш дагледжанай. А яшчэ там шмат паваленых дрэў”, — зазначыў Віталь.
У тэлефоннай размове, якая адбылася 18 красавіка паміж карэспандэнтам НЧ і старшынёй Грэскага сельскага выканаўчага камітэту Слуцкага раёна Леанідам Русаковічам, чыноўнік не пагадзіўся з выказваннем каардынатара “Чысты горад”.
— Так, там ёсць над чым працаваць, але ўсё там нядрэнна. Рабочая абстаноўка. Мы своечасова завозім гравій, вывозім смецце, — даў сваю ацэнку становішча пахаванняў старшыня сельвыканкама.
Таксама кіраўнік выканкама паведаміў, што ён мае абмежаваныя працоўныя рэсурсы, паколькі выканкам складаецца з яго і яшчэ двух супрацоўнікаў.

Але калі ацэньваеш фотаздымкі і выказванні грамадскага актывіста ды прадстаўніка ўладаў, складваецца ўражанне, што размова ідзе пра розныя могілкі. Пры тым, што і добраўпарадкаваныя магілы, і недагледжаныя пахаванні знаходзяцца ў адным і тым жа статусе незачыненых могілак. Значыць, яны павінны ўтрымлівацца ў парадку так, як гэтага патрабуе заканадаўства
Хто ж павінен даглядаць старыя пахаванні продкаў, калі на зямлі не засталося іх родзічаў?
У 2015 годзе ў Беларусі ўнесены змены ў закон «Аб пахавальнай справе і пахаванні», які быў прыняты ў 2001 годзе. Фактычна, усе змены па ўпарадкаванні пахаванняў датычацца новых могілак, а пытанне з закінутымі магіламі рэалізавана толькі збольшага. Паводле закону, спецарганізацыі, адказныя за добраўпарадкаванне месцаў пахавання, павінны праводзіць інвентарызацыю магіл і ставіць іх на ўлік. Пасля двух гадоў, калі адказная асоба не наводзіць парадак, спецарганізацыя мае права дэмантаваць разбіты помнік.
Зразумела, што вясковым могілкам у вёсцы Мусічы давядзецца доўга чакаць такой паўнамоцнай камісіі. Калі верыць знешняму выгляду многіх помнікаў, такая інвентарызацыя пакуль не ажыццяўлялася нават на зачыненых гарадскіх могілках амаль у цэнтры Слуцка — на вуліцы 14-ці Партызан. Тут таксама шмат магіл, што параслі дрэвамі і якія відавочна чакаюць альбо супрацоўнікаў КУП “Слуцкая ЖКГ”, альбо валанцёраў і журналістаў.
А што думаюць людзі? Большасць з іх, як гэта сведчыць і звароты ў мясцовую газету, чакаюць добраўпарадкавання ад сельскіх выканкамаў — ад “абмежаваных працоўных рэсурсаў”.
Случчанка Тамара Іванаўна даглядае магілы сваіх продкаў у вёсцы Канюхі Капыльскага раёна і мае свой погляд на праблему:
— Наша вёска — хоць і невялікая, але там яшчэ жывуць людзі. Дзякуючы энтузіязму загадчыцы сельскага клубу і бібліятэкі, мы два разы на год прымаем удзел у “суботніках”. Пры гэтым у такі дзень рэжам, косім і вырываем пустазелле менавіта на закінутых магілах. Проста не хочам, каб месца пахавання продкаў выглядзела здзічэлым, а таксама ведаем, што не дачакаемся добраўпарадкавання ад сельвыканкаму.
На думку неабыякавай жанчыны, у
цяперашніх абставінах праблему зарослых вясковых могілак могуць вырашыць
некалькі сезонных рабочыхпры сельскіх выканкамах, развіццё
валанцёрскага руху і сур’ёзная праца кіраўнікоў сельскіх выканкамаў з
насельніцтвам.
Фота Вікторыі Капскай і Зінаіды Цімошак