Cтаць веласталіцай Беларусі да 1000-годдзя
Брэсцкія веладарожкі, Еўрасаюз, еўраразвязка — чарговыя рысы мегаюбілею.
У 2017 годзе, калі да мегаюбілейнага ўзросту «1000» самага паўднёвага і адначасова самага заходняга абласнога цэнтра Беларусі заставалася ўсяго два гады, адбылося незвычайнае. Службовец высокага рангу, начальнік Брэсцкага абласнога ўпраўлення Дзяржаўтаінспекцыі палкоўнік Сяргей Талатай, паводле сведчанняў розных крыніцаў, дабраахвотна перайшоў на кіраванне… грантавым праектам (!), звязаным з бяспекай руху (тут ні клічнікаў, ні пытанняў), але — УВАГА — ініцыяваным краінай Еўрасаюза. І гэта праз год пасля пераходу ў Брэст з такой сама пасады ў Гродзенскай вобласці. Неверагодны зігзаг!
Больш за тое, выступаючы на адкрыцці першай у краіне не адгароджанай ад іншых палос механічнымі бар’ерамі (толькі адлінеенай двайной суцэльнай белай лініяй) велапаласы на праезнай частцы (!!!) вуліцы імя Янкі Купалы, нечаканы грантаатрымальнік заявіў: «Да 2019 года мы хочам зрабіць Брэст веласіпеднай Мекай».
У мяне — поўны кагнітыўны дысананс, выкліканы найперш спрадвеку пячорнай у дачыненні да веласіпедыстаў пазіцыяй брэсцкіх чыноўнікаў. Бо трымаю ў памяці такую зарубку, як Чэмпіянат свету па веславанні для спарцменаў да 23 гадоў. Ён праходзіў у Брэсце дзевяць гадоў таму, і на ім ці не ўпершыню гасцям былі прапанаваныя ровары напракат. Але ездзіць на іх было практычна нельга, бо на праезную частку, звыклую для большасці замежнікаў, у нас тады ўжо не пускалі, а ходнікі не мелі ніводнага з’езда. Скачы з бардзюра на бардзюр!
Менавіта пасля гэтага сарамацішча нехта на свой страх і рызыку бензарэзам… спілаваў некалькі бардзюраў на тратуары пры Веславальным цэнтры! А ў чыноўнікаў на ўсе скаргі-літанні грамадзян быў адзін адказ: не прадугледжана планам, няма грошай.
Цяпер выдае на тое, што чыноўны звер рыкаючы запоўз у кануру. З’явіліся дыяметральна процілеглыя тэндэнцыі — і нават дзеянні. Развіццё роварнай інфраструктуры ў Брэсце стала часткай праекту «Сімбіясіці», экалагічна прыязнага горада. Ідэя паходзіць са Швецыі, была шырока разрэкламаваная найперш дзяржаўнымі мас-медыя як экалагічны мегапраект некалькіх беларускіх гарадоў. Берасце сярод іх выглядала зусім лагічным не толькі ў сілу найбольшай геаграфічнай блізкасці да цывілізацыйнай Еўропы, але і з прычыны свайго настолькі спаважнага ўзросту і адпаведнай прыналежнасці да еўрапейскага гістарычнага кантынууму.
Што ж мы маем праз два гады? Фоты сведчаць: з’явіліся зусім прылюдныя веладарожкі. Першая не «псеўда», амаль сапраўдная блізу пяцікіламетровая адасобленая дарожка ўздоўж Веславальнага канала на сёння саступае па камфортнасці такой сама доўгай сцежцы ўздоўж вуліцы Рабцава, выразна прайграе кіламетровай велапаласе праезнай часткі напрыканцы Пушкінскай, названай ужо двухкіламетровай велапаласе, якую адкрываў былы галоўны ДАІст, і зусім не ідзе ў параўнанне з літаральна днямі ўведзенай у эксплуатацыю двухпалоснай веладарожкай ад Кобрынскага маста да цэнтра горада.
З’явіліся велапераезды цераз шматпалосныя вуліцы і нават некалькі веласветлафораў.
Разам з тым, цяжка ацаніць прагрэс, сказалі ў аддзеле архітэктуры і горадабудаўніцтва гарвыканкама. Веладарожкі ў фінансаванні не праходзяць асобнай пазіцыяй, і хоць існуе канцэпцыя і план развіцця велаінфраструктуры, але астаткавае фінансаванне не надае пэўнасці. Акрамя таго, «апошнім часам зменшыўся актывізм гарадскіх велаклубаў, такіх як «Калабок» або «За вела Брэст», а калі няма напору знізу, то і справа рухаецца павольней».
Чаму зменшыўся актывізм клубаў, можна здагадвацца. Праект «Развіццё гарадскога роварнага руху ў інтарэсах грамадскасці Рэспублікі Беларусь», распачаты ў 2017 годзе, дзе месцам выканання паказаны і Брэст, закончыўся 31 жніўня бягучага года. Меў бюджэт каля 630 тысяч еўра, з іх прадастаўленыя Еўразвязам каля 560 тысяч еўра. Выканаўцамі значацца Цэнтр экалагічных рашэнняў і Мінскае роварнае таварыства. Без партнёраў такі праект не выконваецца. І добра, што інфармацыя пра такую працу ёсць у адкрытым доступе.
Намеснік старшыні гарвыканкама Мікалай Якубоўскі таксама, нягледзячы на яўна гарачыя дзянькі перад 6-8 верасня, афіцыйным святкаваннем 1000-годдзя горада, быў адкрыты для размовы і даў дакладную інфармацыю, за што яму дзякуй. «Так, я курырую адзін з шасці накірункаў праекту «Сімбіясіці». Гэты праект дазваляе значна знізіць выкіды вуглякіслага газу. Ідэя сапраўды еўрапейская. Фінансавае напаўненне рознае. Стартавы ўнёсак быў ад ПРААН, Еўрасаюз прафінансаваў працу экспертаў па складанні праекта для горада. Працавалі італьянскі і наш брэсцкі эксперты. Праект ухвалены дэпутатамі гарадской Рады. Шукаем грошы на выкананне ў дзяржбюджэце, у спонсараў, працуем з грантавымі і крэдытнымі праграмамі Еўрасаюза. Ім было вылучана 1 мільён 100 тысяч еўра на «разумныя» светлафоры ў Брэсце».
Прагучала таксама, што група «Сімбіясіці» — няштатная, і хоць замацаваная ПРЫ гарвыканкаме, але працуе больш на энтузіязме, ва ўмовах сумяшчэння з асноўнай працай. «Дзе Сяргей Талатай? Уладкаваўся ў фірму СТИМ, якая вырабляе між іншым і фарбы для дарожнага пакрыцця».
У фірме пацвердзілі: так, Сяргей Валерьевіч працуе. Пагаварыць не выпала: накіравалі ў камандзіроўку за мяжу. У Махачкалу, ні многа ні мала.
Чытаючы сайт фірмы СТИМ, прыходзіш да разумення, што Берасце, Стары Горад… адноўлены як СТИМОВО (цікава, як пазбегнуць прапісання па-англійску Steamovo? — Я.Б.). «Поселок усадебного типа «Предместье Стимово» …занимает площадь 26, 93 га. … Все коттеджи в поселке выдержаны в едином архитектурном стиле старого Бреста, что и определило название центральной улицы поселка — Старожитная, уличное освещение выполнено фонарями, стилизованными под старину».
Сеціва выявіла таксама, што палкоўнік у адстаўцы працягвае дбаць пра веласіпедны рух у Брэсце. І як! У жнівеньскім інтэрв’ю мясцоваму тэлеканалу Сяргей Талатай паабяцаў да 1000-годдзя адкрыць сем велашэрынгавых станцый. Важны элемент, без якога веласталіцай не стаць. Наяўнасць такіх станцый таксама аўтаматычна мае наўвазе добрую інфраструктуру і як мінімум пераемнасць веларуху па гораду.
Супрацоўніца аддзела агітацыі прапаганды Брэсцкай абласной аўтаінспекцыі Наталля Мілюкова прадаставіла такую статыстыку. За год паменела дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам веласіпедыстаў, колькасць ДТЗ са смяротным сыходам паменшылася на 4. Няма сумневу, што гэтаму паспрыяла паляпшэнне ўмоў праезду. «Разам з тым, кожнае другое ДТЗ з удзелам веласіпедыстаў адбылося па іх віне. Перш чым сесці на ровар, трэба вучыць Правілы дарожнага руху! І не парушаць іх!»
У Брэсце некалькі велаклубаў. Якімі б падробнымі і\або падтанцовачнымі яны ні былі, але каціцца, а не скакаць на ровары, хочуць усе. Не ведаю, належыць клуб «За вело Брест» да гранд-грантарэцыпіентаў або ёсць меншай рукі грантаатрымальнікам, але атрымалі ў свой час пахвалу ад куратара «Сімбіясіці» Талатая. Мабыць, было за што. І другое. Актывіст акурат гэтага клуба аднэй начы дагнаў мяне адмыслова, каб кіламетры са два агітаваць на ўдзел у велафестывалі. Прыемна, хоць аргументацыя даволі каструбавата-сякерненькая была. Але галоўнае — брат па ровары.
Сайт клуба прапануе маршруты па вобласці і краіне, абяцае добрыя прызы ў літаратурным (!) конкурсе «ад спонсараў клуба». Праўда, пік актыўнасці, мяркуючы па матэрыялах сайту, прыпаў на 2014 год. Разам з тым, цікава і карысна было даведацца, што ў кожнай другой брэсцкай сям’і ёсць ровар.
Веламёд? Ці веладзёгаць?
Такім чынам, у Берасці ездзіць на ровары стала настолькі лепш, што летась адмовіўся ад намеру выдаваць сваю падрыхтаваную ўжо да друку «Кнігу скаргаў у пракуратуру на ДАІ» з фактамі дыскрымінацыі раварыстаў у Брэсце паводле спосабу перасоўвання і 150 фатаграфіямі — сведчаннямі мінусаў і плюсаў, у тым ліку з-за мяжы, з васьмі краін свету.
Аднак лічу: нашу беларускую рэпутацыю «германцаў сярод славян» у справе арганізацыі веларуху ў Брэсце нам адстаяць не выпала. Чаму?
Не таму, што не ўдалося надзейна звязаць веладарожкамі і велапалосамі ўсе раёны Брэста. І не таму, што па велапаласе ў цэнтры горада не раскацішся — тралейбусам складана аб’язджаць няправільна прыпаркаваныя аўтамабілі. Патрабуе часу, наладзіцца неяк. І не з-за небяспечных узбочын шасэйных магістраляў па-за горадам, кудой мноства раварыстаў у трымценні, каб не заехаць у яміну або калдобу і аглядваючыся, каб не зваліцца пад аўтамабіль, спрабуюць штодня каціць на дзясяткі тысяч лецішчаў.
Усё больш дробязна і таму больш крыўдна. Велапераезды — так, адбітыя зялёнай фарбай, але часцяком яны ўпіраюцца… у высокі бардзюр. І такіх «сюрпрызаў» не адзін і не два. У тым ліку і на адкрытай былым галоўным інспектарам бяспекі руху вобласці велапаласе. Бардзюр-бар’ер прамы або з укосінай — як быццам адмыслова да яго падвялі, каб перакуліць раварыста, як у кіно каскадзёра. Заваліць, як паляўнічы лася. Чым думала галава таго, хто гэта рабіў? І чым таго, хто прымаў «працу»? Загадка.
Даволі багата навюсенькіх з’ездаў, выкананых керамічнай пліткай, але не нулявых, як таго патрабуе апошняя рэдакцыя дарожных нармалей. Сантыметр-два, а ўдар выразны і па трубе руля, і па вобаду кола. Труба крывіцца і пачынае пастаянна адкручваць стопарную гайку. Велік пачынае «рыскаць», ехаць на ім небяспечна. Вобад, той трэскаецца — і бывай, тормаз. А тормаз — самы галоўны вузел у любым сродку перасоўвання, акрамя танка. «Празяваў» такі з’езд, атрымаў удар — і думаеш з гаркавасцю пра германцаў, якія запатэнтавалі ровар грузапад’ёмнасцю ў 300 кілаграмаў. Метраў сто можа і праехаў бы ён брэсцкімі міленіюмнымі неблагімі, згодзен, — калі адлічваць ад векавога рэзруху ў галовах імя П.П. Шарыкава, — велашляхамі.
Гады паўтара таму апісаў у «Брестском курьере», як ледва не загінуў на тутэйшай «веладарожцы» лекар гандбольнага клуба імя Мяшкова. Асляпіў сустрэчны аўтамабіль, і трэніраваны раварыст, дзясяткі гадоў у сядле, скаціўся ў незагароджаную пройму з дзесяціметровага стромкага насыпу маста цераз Мухавец амаль да самай вады. Выпадкова чапануў за дрэва, застаўся жыць. Вы думаеце, яны загарадзілі гэтую пройму? Дзе там. І сёння зеўрае.
Як, паказальныя «дробязі»?
Дадам і штуку пякоткі іншага, маральнага кшталту. Як бачым, Еўрасаюз мае грантавы ўнёсак у брэсцкі вела- і іншы транспартны рух. Вельмі дапамагла гораду еўрапейская злучнасць дзяржаў у справе збору\ўтылізацыі смецця — дык на кожным пластыкавым кантэйнеры, якія выстаўляюцца ў прыватным сектары, наклейка з Еўрасаюзаўскай сімволікай. А тут — маўчок.
Фінансавы ўдзел Еўразвязу ў паляпшэнні ўмоў руху ў Брэсце (Беларусь) на адзінкавай шыльдзе.
Толькі на будынку ДАІ шыльда з інфармацыяй, што тут месціцца арганізацыя-выканальнік Трансгранічнага праекта Польшчы, Украіны і Беларусі «Паляпшэнне транспартнай даступнасці ў гарадах Брэст і Бяла-Падляска». Намеснік аддзела архітэктуры і горадабудаўніцтва Брэсцкага гарвыканкама Ягор Дабруноў пракаментаваў: «Ставіць павінен той, хто выконвае працу».
Паводле ўласнай інфармацыі, мэр галандскага горада-партнёра Кувордэн падаруе беларускаму Брэсту на 1000-годдзе тыповы праект развязкі руху аўтамабіляў, пешаходаў і веласіпедаў на адным з кольцаў вуліцы Гогаля ў цэнтры Брэста. Ведаю, што такія развязкі дазваляюць без натугі і нават без светлафора (!) разыходзіцца\раз’язджацца на скрыжаваннях са шматпалосным рухам. Дык там напэўна паставяць шыльду з інфармацыяй, чый такі падарунак здаровага сэнсу дзеля сапраўды камфортнага жыцця.
Што развязалі, і што не да канца
1000-годдзе вельмі паспрыяла гораду ў паляпшэнні сітуацыі на вуліцах. Раней быў пакладзены новы мост цераз Мухавец перад Брэсцкай крэпасцю, які пачаў перыметр Заходняга абводу. Заканчвае яго гіганцкая, нават калі бачыў варшаўскія, развязка над чыгуначнымі каляінамі на захад ад Чыгуначнага вакзала «Брэст Цэнтральны». Яе маюць здаць у эксплуатацыю днямі. Гэта сцішыць рух аўтатранспарту ў закаркаваным цэнтры. Тым самым горад вырашыць задачу, якая не атрымала разрашэння нават у таталітарна кіраваным Савецкім Саюзе, які, як вядома, мог дазволіць сабе велізарную канцэнтрацыю рэсурсаў дзеля выканання любога гаспадарчага праекту. Са словаў Мікалая Якубоўскага, фінансавалася пабудова мегаразвязкі з агульнабеларускага і абласнога бюджэтаў.
У цэнтры «нестарога», аказваецца, горада сцішылася забудова элітнага Прыбужскага жылога комплексу, зямля пад якім сёлета адкрыла гораду і свету 1214 ахвяраў яўрэйскага гета, расстраляных і закапаных тут гітлераўцамі. Парэшткі забітых урачыста перазахавалі на Паўночных могілках. Забудоўшчыкі не знялі з агароджы катлавана рэкламу «Особенная атмосфера для комфортной жизни». Выдае на тое, што хочуць, каб 1000-годдзе закалыхала думкамі аб вечным, паспрыяла поспеху тактыкі вычэквання.
Адметнай рыскай Міленіюму стала змена дызайну берасцейскіх вуліц. Востра канкуруюць у соцсетках Северсталеўскія «Табакеркі», якія нечакана і нахабна прараслі там-сям праз Віцебск (месца рэгістрацыі беларускага клона) пры самых прыпынках брэсцкага грамадскага транспарту, і новая архітэктура\афармленне саміх прыпынкаў. У «топе» прыпынак пад загадкавым назовам МАДРа. Неяк раней пісаў, што гэтага хлопца, «МОПРа», ніхто не ведае, дык навошта тлуміць мазгі людзям. Не каб пры нагодзе 1000-годдзя ўраўнаважыць чарговага газпромаўскага Пушкіна і пераназваць вуліцу\прыпынак іменем акадэміка Ігнатоўскага (родам з гэтых месцаў) або Аляксандра Цвікевіча (міністр, потым прэм’ер БНР, памёр пакутнікам у ГУЛАГу) — пераклалі гэтага монстра, «Международную Организацию Помощи Революционерам», на беларускую мову. І еш Янка не падавіся. Крыху прыемна, але збольшага — ніякавата.
З другога боку, а можа хіба і пакінуць яе, гэтую МАДРу, пераасэнсаваўшы на карысць славы\рэкламы брэсцкіх веларэвалюцыянераў і ўсялякай, у тым ліку і грантавай міжнароднай, дапамогі ім.
Фота аўтара