«Цыганскім пытаннем» у Гомлі заняліся ад парыву душы», — праваабаронца Алесь Яўсеенка

Гомельскія рэгіянальныя праваабаронцы «Беларускага Хельсінскага камітэта» адмыслова заняліся пытаннем сацыяльна-прававой неабароненасці грамадзянаў Беларусі цыганскага паходжання.

roma_1.jpg

27 траўня ў гарамадска-палітычным цэнтры па вуліцы Палескай з удзелам прадстаўнікоў насельніцтва рома быў зладжаны «круглы стол» на гэтую тэму — першы з шэрагу запланаваных мерапрыемстваў для падвышэння ў грамадстве сацыяльнага статусу гомельскіх цыганоў.

Грамадскі актывіст Алесь Яўсеенка патлумачыў, што ён з паплечнікамі «цыганскім пытаннем» заняўся ад душы, бо сярод ромаў мае сяброў. У іншых ёсць нават кумаўскія повязі.

Як і ў любым асяродку, сярод цыганоў існуе беднасць, малапісьменнасць, іх часцей не бяруць на працу з надуманых і часам перадузятых прычынаў. Яны перыядычна маюць праблемы з праваахоўнымі органамі. Яўсеенка патлумачыў, што браў у Кіеве ўдзел у працы рабочай групы ў рамках ініцыятывы Еўраьвяза «Усходняе партнэрства», дзе абмяркоўваліся пытанні існавання нацыянальных меншасцяў.

«У Беларусі, як я паглядзеў і параўнаў, — заявіў актывіст Яўсеенка, — бяспраўныя не толькі цыганы, але й карэннае беларускае насельніцтва».

Выкладчык унівэрсытэту імя Францішка Cкарыны, дацэнт Віктар Адзіночанка зазначыў, што, паводле перапісу 2009 году, у Беларусі налічвалася крыху больш, як 7 тысяч цыганоў, у тым ліку дзве з паловай тысячы — на Гомельшчыне. Каля 30 адсоткаў цыганоў ва ўзросце дзесяці гадоў і старэйшыя не ўмеюць чытаць і пісаць. Вышэйшую адукацыю маюць ня больш як 2 адсоткі цыганоў.

Ёсць праблемы з працаўладкаваннем, бо толькі траціна жанчын ва ўзросце 25-45 гадоў і 20 адсоткаў мужчынаў цыганскай нацыянальнасці маюць працу. Яны у большай ступені падпалі пад «дармаедскі» дэкрэт № 3.

Трыццаціпяцігадовы Вячаслаў Ануфрыеў кажа, што абышоў у свой час шэраг прадпрыемстваў, пакуль нарэшце ўладкаваўся грузчыкам. Раней падпрацоўваў неафіцыйна, атрымаў цяжкую траўму рукі — ніякай кампенсацыі на лячэнне не атрымаў.

Яшчэ адзін прадстаўнік цыганскай грамады, Жан Ануфрыеў, лічыць, што цыганы неканкурэнтаздольныя на рынку працы з прычыны малапісьменнасці. І праблема ў тым, каб падвысіць матывацыю ромаў да свайго адукацыйнага ўзроўню.

Жан Ануфрыеў

Жан Ануфрыеў

Грамадская актывістка Марыя Клімовіч апавяла пра захады ў пераадоленні «моўнай варожасці» ў дачыненні да цыганоў. Ёй асабіста даводзілася звяртацца ў Міністэрства інфармацыі, каб мясцовыя СМІ, а таксама ведамасная газета Міністэрства ўнутраных спраў «На страже» спынілі праз публікацыі беспадстаўнае стварэнне ў грамадзтве адмоўнага іміджу цыганоў, калі людзей нават заклікалі баяцца цыганоў.

У бліжэйшы час у Гомлі, а таксама ў месцах кампактнага пражываня — паселішчах Бальшавік, Прыбар — будуць арганізаваны для цыганоў кансультацыі па жыллёвых, сямейных ды іншых прававых пытаннях. Зроблены будзе й маніторынг надзённых праблемаў і чаканняў жыхароў цыганскай нацыянальнасці.

roma_3.jpg

«Мы маем навучыць ромаў абараняць свае правы, а таксама дапамагчы ім адчуць сябе ў беларускім грамадстве яго паўнавартаснаю часткаю. У Беларусі яны жывуць спрадвеку, але жывуць у бальшыні замкнёна, не заўсёды сацыялізаваны ў грамадства. Ромы мусіць ведаць, што ў іх такія ж правы, як і ў іншай часткі насельніцтва Беларусі», — кажа Віктар Адзіночанка.

Паводле Радыё Свабода