Гомель. Мінкульт развязвае рукі забудоўшчыку

У Міністэрстве культуры Беларусі не сталі разглядаць зварот жыхароў Гомеля адносна неабходнасці правядзення археалагічных раскопак на месцы старых габрэйскіх могілак у цэнтры горада. Чыноўнікі перанакіравалі калектыўную петыцыю на разгляд мясцовых уладаў.

Сяргей Ляпін

Сяргей Ляпін

Паводле аднаго з ініцыятараў інтэрнэт-звароту ў абарону гістарычных могілак архітэктара Сяргея Ляпіна, такі адказ фактычна развязвае рукі забудоўшчыку.

— Мы атрымалі адказ Міністэрства культуры на зварот. Мінкульт паведаміў, што перанакіраваў зварот у Гомельскі райвыканкам. А гэта значыць, што канчатковы адказ дасць Гомельскі выканаўчы камітэт, пазіцыя якога нам ужо даўно знаёмая. Нядаўна ў СМІ з’явілася дэкларацыя, у якой прадстаўнік гарвыканкама засведчыў, што на месцы будоўлі пахаванняў няма. Гэта значыць, што гарвыканкам не будзе сур’ёзна займацца гэтым пытаннем. Чыноўнікі ў кожным выпадку займаюць пазіцыю забудоўшчыка.

У канцы 2016 года кампанія-забудоўшчык “Укс-Дронго” анансавала будаўніцтва жыллёвай зоны пад назвай “Ветразь” у цэнтры Гомеля. У якасці будаўнічай пляцоўкі было абранае скрыжаванне вуліц Сожскай і Валатаўской.

Гомельскія гісторыкі і краязнаўцы заўважаюць, што на гэтым месцы яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя знаходзіліся старадаўнія габрэйскія могілкі.

Беларускае Радыё Рацыя