Чырвона-зялёны сцяг

«Падлюка-чалавек да ўсяго звыкае», — сказаў некалі Хведар Дастаеўскі вуснамі свайго гарапашнага героя, генія з нямытымі валасамі. Беларусам заўжды хацелася людзьмі звацца — дык давялося вучыцца чалавечым звычкам. Пакрысе, памалу, паступова, перасільваючы сябе — але навучыліся. Цяпер нам ужо нічога не страшна. Вось і новы «гасударсцвенны флаг» ужо даўно нікога не здзіўляе — хай вісіць.



cccp.jpg

Тыя, хто перажыў вайну, расказваюць, што гэтаксама было з трупамі павешаных на гарадскіх вуліцах: спачатку баяліся, адварочваліся, а потым нічога, звыклі. Бо трэба было жыць далей. Магчыма, камусці гэта падавалася нават прыгожым: канец свету патрабуе сваіх дэкарацый.

Так і з чырвона-зялёным «палотнішчам». Звыкліся. Нармальна. Хапае іншых праблем.


Хай лепш такі трыкатажны цуд, чым расійскі трыкалор. Праўда ж?
Яго яшчэ і абараняць даводзіцца. Бо беларусы вельмі часта бачаць яго ў кампаніі са сцягам іншай дзяржавы — і не кожны здольны ўтрымацца, каб не разлучыць салодкую парачку. Злыя мы людзі. Яны ж адзін без аднаго жыць не могуць, наш «гасударсцвенны» і іхны «імперскый». А можа, гэта любоў?
Хоць трэба прызнаць, што цяперашняй беларускай уладзе яе чырвона-зялёны сцяжок насамрэч вельмі пасуе. Якім бокам ні павярні — выходзіць нешта нягеглае. Няўклюдная, хай сабе і цалкам эўклідава, геаметрыя. Там паласа, там кавалак вышыванкі, там чырвоны ленінскі куток: і ўсё тырчыць, шкварчыць і зелянее. Вельмі зручна — што ні цалуй, не прамахнешся. А калі ім махаць, у вачах стракаціць — што яшчэ трэба чалавеку ад сцяга.

Бо што такое красата? Гэта калі многа ўсякай дзяшовай краскі.


Таму, калі ўявіць сабе, што аднойчы беларуская ўлада апомніцца і зробіць бел-чырвона-белы сцяг дзяржаўным — ну, скажам, каб пазлаваць суседа — гэта будзе, як кажуць на беларускім тэлебачанні, «здзек над прыродай». Ад такой улады сапраўдны сцяг трэба берагчы. Да лепшых часоў — калі дзяшовая краска кончыцца. Калі скончыцца панаванне нягегласці.
Праўда, беларускія паэты, якія з прыродай заўжды на кароткай назе, з такім паваротам не зусім згодныя. Адзін з іх, наадварот, быў перакананы, што:
«Соткала сама природаФлаг державы Белорусской».
Прырода — яна такая: ведае, што ткаць, і куды дзьме вецер.
Гэты верш пра тое, што «сочетается счастливо цвет зелёный с красным цветом», так і называецца — «Наш флаг». Яго любяць з бюджэтнай слязой уваччу слухаць настаўнікі — у выкананні вучняў сярэдніх школаў, на ўроках «Я — грамадзянін РБ».
Тых самых вучняў, якія пра бел-чырвона-белы сцяг і не чулі: бо такія небяспечныя рэчы трэба хаваць ад дзяцей, як запалкі, лекі і прэзерватывы.
Тыя самыя настаўнікі, якія некалі так абураліся: мы толькі дзецям пачалі расказваць пра праўдзівы сцяг і «Пагоню» — і тут на табе, зноў усё памянялі, за каго нас трымаюць?
За каго трэба, за таго і трымаюць. За ідыётаў. Але нічога, і з гэтым вы звыкніцеся, таварышы педагогі. Чытайце Дастаеўскага. Чытайце паэтаў чырвона-зялёнага веку, сумнага, стракатага веку, калі нікога нічога ўжо не здзіўляе.
Чырвона-зялёны сцяг вучыць сервільнасці. Але падлюка-чалавек да ўсяго звыкае.

Хай вісіць.
Нікому не замінае.
Сказалі — наш, значыць, наш.


Глядзіць табе ў патыліцу, зазірае праз плячо. У ім мала сэнсу — таму самыя светлыя галовы краіны б’юцца над тым, каб апраўдаць яго існаванне. У ход ідзе ўсё — ад ВКЛ да ВКП(б).

«Гасударсцвенны флаг», а «гасударсцвенны флаг», а чаму ты такі моцна чырвоны?


Гэта колер штандараў Чырвонай Арміі, якая разбіла пад Грунвальдам ненавісныя гітлераўскія орды, гэта колер беларускіх партызанаў, якія скінулі з дрыгавічоў, крывічоў і радзімічаў татара-мангольскае іга.

«Гасударсцвенны флаг», а «гасударсцвенны флаг», а чаму ты такі зялёны?


Гэта колер балотаў і іншых лясных масіваў, з якімі змагаліся адважныя камунары над ракой Арэсай, гэта колер, у які фарбуюць сцены на лесвічных пляцоўках хрушчовак, калідоры школаў і бясплатных паліклінік, фарбуюць да ўзроўню грудзей, каб ты заўжды быў упісаны ў няхітрую дзяржаўную геаметрыю; гэта колер твайго дзяцінства, гэта колер тваёй радзімы.

«Гасударсцвенны флаг», а «гасударсцвены флаг», а чаму ў цябе збоку арнамент?


Таму што я беларускі флаг, дэбіл. Я адзіны і нязменны, я прыйшоў на вякі. Таму што ў гэты ручнік так зручна загортваць беларускую мову — каб не рабіла непажаданых рухаў. Таму што арнамент — гэта так патрыятычна. Ты што, інтэрнэт не чытаеш? Я яго пакуль што не забараняў.

«Гасударсцвенны флаг», а «гасударсцвенны флаг», чаму ад цябе нікуды не схавацца?


Таму што я хачу, каб ты звыкся са мной і палюбіў мяне.
Усё прадумана. Усе звыкліся. Урок «Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь» працягваецца.
Ученик: Расправив белые паруса крыльев, летят аисты. Их в Беларуси очень много. Своими крыльями они как бы накрывают нашу страну. Поэтому ее так и называют — земля под белыми крыльями. Кожны ведае, што бусел — сімвал роднай Беларусі.
Игра «Собери словечко» (с, м, в, л, и, и, к, а, о). А что это такое? Что вы о ней знаете?
Урэшце, гэта ўсяго толькі сцяг. Быў адзін, стаў іншы, можа, будзе і нейкі трэці — галоўнае: сабраць слоўца. Я сабраў:
Москва — или?
Альгерд Бахарэвіч, svaboda.org