Чаму нельга збіраць кветкі-першацветы?
Вось-вось у лясах Беларусі з'явяцца першыя дзікарослыя кветкі, а разам з імі — сотні нелегалаў у пераходах, якія вырашылі прадаць вам кавалачак вясны.
Згодна з беларускім заканадаўствам, збор першацветаў-чырванакніжнікаў знаходзіцца пад забаронай — і гэта нездарма, піша «Экадом».
Нават адзін букецік нельга? А калі для маці?
Самыя раннія кветкі, якія з'яўляюцца пасля зімы, займаюць асаблівую экалагічную нішу. Яны з'яўляюцца важным кампанентам прыродных біяцэнозаў — першымі меданосамі і лекавымі сродкамі для фаўны лесу; захоўваюць цэласнасць глебавага покрыва, што асабліва важна ў перыяд пераўвільгатнення глебы.
Знішчэнне гэтага звяна з экалагічнай ланцужкі немінуча прывядзе да яе парушэння.
Пад катэгорыю «недатыкальных» трапляюць розныя расліны, сярод якіх:
- раўнаплоднік васілістнікавы
- прастрэл раскрыты, ці сон-трава
- прастрэл лугавы
- чубатка полая
- чубатка прамежкавая
- медуніца вузкалісная
- медуніца мяккая
- чарамша
- ветраніца дуброўная
- купальніца еўрапейская
Звярніце ўвагу, што пралеска беласнежная — тая самая кананічная пралеска, якой мы часта называем усе першацветы — да іх не належыць, аднак і знайсці гэту расліну можна толькі на крайнім поўдні краіны.
А што мне за гэта будзе?
Збор першацветаў, уключаных у Чырвоную кнігу Беларусі, цягне за сабой адказнасць, прадугледжаную арт.16. 8 КаАП, а менавіта:
- для фізічных асоб — штраф ад 20 да 30 базавых велічыняў;
- для ІП — ад 20 да 100 базавых велічыняў;
- для юрыдычных асоб — ад 35 да 500 базавых велічыняў.
Цяпер адна базавая велічыня складае 37 рублёў, а значыць, фірма можа «ўляцець» на 18,5 тысяч рублёў, а жанчына ў пераходзе Камароўкі — на 1110 рублёў. Абавязкова нагадайце ёй пра гэта, як убачыце букецік у руках.
Вядома, за куплю першацветаў адказнасці не прадугледжана, але калі вы набываеце кветкі-чырванакніжнікі, вы заахвочваеце іх знішчэнне і незаконныя дзеянні прадаўцоў.
Калі ўсё ж такі можна гандляваць першацветамі?
Калі вырасціць кветкі ва ўласным садзе, а не сабраць у лесе, тады можна распараджацца імі як заўгодна, у тым ліку прадаваць. Праўда, для гэтага ў прадаўца павінен быць пацвярджальны дакумент, а гандляваць неабходна ў спецыяльна адведзеным месцы.
Дарэчы, за гандаль у неўстаноўленым месцы таксама прадугледжаны штраф ад 5 да 50 базавых велічынь для фізасобы. Так што калі праваахоўнікі вырашаць аштрафаваць за ўсё, атрымаецца значная сума. Пытанне, ці варты таго гандаль кветкамі?
Прастрэл раскрыты, ці сон-трава