Чаму VW, а не «Geely»? Якія аўто набываюць сельгасвытворцы за грошы дзяржпадтрымкі

У Міністэрстве фінансаў заўважылі, што сельгаспрадпрыемствы часам нерацыянальна выдаткоўваюць грошы, атрыманыя ў тым ліку за кошт дзяржпадтрымкі. Частку такіх выдаткаў трэба выключыць, перакананы намеснік міністра фінансаў Уладзіслаў Татарыновіч.

auto_17_03.jpg


«Варыянтаў сэканоміць досыць шмат. Напрыклад, выклікае апраўданыя пытанні залішняя закупка транспартных сродкаў, не занятых у вытворчасці», — гаворыцца ў артыкуле Татарыновіча, апублікаваным у сакавіцкім нумары ведамаснага часопіса «Фінансы. Улік. Аўдыт».  «Еўрарадыё» прыводзіць цытаты Татарыновіча паводле агенцтва «БелаПАН».

Прадстаўнік Мінфіна распавядае са спасылкай на даныя ДАІ, што за два гады сельгаспрадпрыемствы купілі і паставілі на ўлік 702 новыя аўтамабілі і мікрааўтобусы. І толькі 100 з іх былі маркі «Geely», якая збіраецца ў Беларусі.

«Мабыць, для выезду "ў людзі" кіраўнікам гаспадарак вельмі патрэбныя новыя "Toyota Land Cruiser, Camry і RAV 4", "Skoda Kodiaq", "VW Tiguan, Caravelle і Multivan", "Mercedes Vito" і гэтак далей», — адзначае Татарыновіч.

Ён таксама піша аб куплі ў калгасы вялікай колькасці былых ва ўжыванні аўтамабіляў — 1 726. Пры гэтым ільвіная доля з іх (65%) затым на працягу года здымалася з уліку, «уключаючы джыпы "Lexus", "Toyota Land Cruiser", "Volkswagen Touareg" (апошні пастаўлены на ўлік і зняты з яго наогул на працягу аднаго дня)».

Намеснік міністра лічыць, што трэба выпрацаваць дакладныя рэкамендацыі па выкарыстанні чыстага прыбытку. Ён нагадвае, што «ў пэўнай меры прыбытак у галіне сфарміраваны за кошт аказваемай дзяржаўнай падтрымкі, і яна застаецца ўнутры сферы». А вяртаецца няшмат: у 2019 годзе, прыводзіць прыклад Татарыновіч, «у якасці дывідэндаў дзяржава і іншыя ўласнікі атрымалі толькі 6 мільёнаў рублёў». Астатні ж прыбытак ідзе «на бягучае спажыванне», якое, пры гэтым, «ніяк не рэгулюецца ні профільным міністэрствам, ні аблвыканкамамі».

Нагадаем, у 2020 годзе рэнтабельнасць сельскай гаспадаркі з дзяржпадтрымкай склала 6,1%, а без яе — усяго 1,4%. Да зняцця эфекту дзяржпадтрымкі доля стратных прадпрыемстваў дасягнула 7,1%, а пасля зняцця — 49,9%. Адпаведна, сума страт стратных аграрыяў з улікам дзяржпадтрымкі склала 242,6 млн. BYN, а без яе — 532,3 млн. BYN.