Далучэнне да Бернскай прыродаахоўнай канвенцыі дае Беларусі шмат выгад
Далучэнне Беларусі да Бернскай канвенцыі дасць імпульс развіццю прыродаахоўнай справы і захаванню біяразнастайнасці ў краіне. Такое меркаванне выказаў генеральны дырэктар Дзяржаўнага
навукова-вытворчага аб'яднання "Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах" Міхаіл Нікіфараў 18 лютага на прэс-канферэнцыі ў Мінску.
Канвенцыя аб ахове дзікай фауны і флоры і прыродных асяроддзяў пражывання, ці Бернская канвенцыя, нацэлена на ахову дзікіх жывёл і дзікарослых раслін, а таксама іх біятопаў — асяроддзя пражывання (росту) у Еўропе. Канвенцыя набыла моц 1 чэрвеня 1982 года. На гэты час да яе далучыліся 50 краін і аб'яднанняў, у тым ліку 45 дзяржаў — членаў Савета Еўропы і Еўрасаюз. Указ аб далучэнні Беларусі да Бернскай канвенцыі Аляксандр Лукашэнка падпісаў 7 лютага гэтага года. Да падпісання ўказа прадстаўнікі Беларусі маглі прысутнічаць на пасяджэннях выканаўчага камітэта Бернскай канвенцыі ў статусе назіральнікаў.
Як і 26 іншых дзяржаў, Беларусь далучылася да дакумента з некаторымі агаворкамі. Так, напрыклад, да строга падахоўных відаў жывёл у Беларусі не адносяцца воўк і выдра. Як патлумачыў намеснік
міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Анатоль Ліс, гэта тлумачыцца высокай папуляцыяй гэтых відаў. "Воўк у некаторых краінах Еўропы ўнесены ў Чырвоную кнігу, і
паляванне на яго забаронена. У Беларусі сітуацыя іншая: на сярэдзіну 2011 года налічвалася 1 320 асобін. Па плане кіравання папуляцыяй ваўка аптымальная для краіны яго
колькасць — 500 асобін", — адзначыў намеснік міністра.
Паводле слоў Міхаіла Нікіфарава, падобныя міжнародныя канвенцыі і дагаворы важныя для захавання жывёл і раслін. "Жывёльны свет, віды і папуляцыі відаў не стацыянарныя ў
прасторы. Уявім, катэгорыя відаў мігрыруе на Усход, і калі ў межах краіны від будзе захоўвацца, а ў іншай краіне не будзе прыняты закон, які захоўвае месца пражывання (міграцыйнае рэчышча), то,
канешне, дзеянні краіны, якая зацікаўлена ў захаванні, будуць марныя", — сказаў Нікіфараў.
Акрамя развіцця нацыянальнага прыродаахоўнага заканадаўства і павышэння прэстыжу краіны, далучэнне да Бернскай канвенцыі адкрые Беларусі дадатковыя магчымасці міжнароднага
супрацоўніцтва.
"У свеце дзейнічаюць шмат прыродаахоўных фондаў, якія дапамагаюць краінам, што выказваюць сваю падтрымку і гатоўнасць. Падпісаўшы канвенцыю і захоўваючы разнастайнасць і месцапражыванне ў тым жа рэжыме, мы пашыраем супрацоўніцтва Беларусі", — падкрэсліў Нікіфараў.
Вольга Алімава, БелаПАН.