Дэмаграфічнае падзенне
Пасля абвяшчэння вынікаў перапісу насельніцтва некаторыя аналітыкі ўжо назвалі сітуацыю крытычнай для Беларусі. Усяго за дзесяць гадоў колькасць жыхароў краіны зменшылася на 541 тысячу
чалавек (на 5,4%). Дзяцей у структуры насельніцтва стала меней на 620 тысяч чалавек (на 30%). Такія дадзеныя агучыў на мінулым тыдні Нацыянальны статыстычны камітэт.
Меней 10 мільёнаў...
Пасля абвяшчэння вынікаў перапісу насельніцтва некаторыя аналітыкі ўжо назвалі сітуацыю крытычнай для Беларусі. Усяго за дзесяць гадоў колькасць жыхароў краіны зменшылася на 541 тысячу
чалавек (на 5,4%). Дзяцей у структуры насельніцтва стала меней на 620 тысяч чалавек (на 30%). Такія дадзеныя агучыў на мінулым тыдні Нацыянальны статыстычны камітэт.
Меней 10 мільёнаў...
Пачатак новага стагоддзя адзначыўся для беларусаў дэмаграфічным падзеннем з 10-мільённага рубяжа. Па стане на кастрычнік 2009 года, калі адбываўся перапіс, колькасць насельніцтва ў Беларусі склала 9
мільёнаў 503,8 тысячы чалавек. А калі ўлічыць, што гэта было год таму, ад гэтай лічбы можна адняць яшчэ 50 тысяч. Менавіта на столькі штогод скарачаецца колькасць жыхароў у краіне. І спыніць гэта
падзенне пакуль не ўяўляецца магчымым.
Статысты таксама заявілі, што для нашай краіны «характэрны высокі ўзровень урбанізацыі насельніцтва». Але не акцэнтавалі, што гэты працэс адбываецца за кошт заняпаду сельскіх
мястэчак. Разам з тым ідзе канцэнтрацыя насельніцтва ў сталіцы і абласных цэнтрах. У мінулым годзе там пражывала 52% насельніцтва. Колькасць жыхароў Мінска за дзесяцігоддзе ўзрасла на 156 тысяч
чалавек (на 9,3%) і на момант перапісу дасягнула 1 мільёна 837 тысяч чалавек. Усяго ж у Беларусі доля гараджан павялічылася з 69 да 74% і склала 7 мільёнаў 65 тысяч чалавек. А ў сельскай мясцовасці
пражывалі 2 мільёны 439 тысяч чалавек (26%).
Дэмаграфічная нагрузка
«Для Беларусі характэрны працэс старэння насельніцтва», — адзначылі спецыялісты статыстычнага камітэту. Колькасць жыхароў, старэй працаздольнага ўзросту, склала 22,5%
насельніцтва (2 мільёны 139 тысяч). А працаздольнага ўзросту — 62% (5 мільёнаў 853 тысячы).
На момант перапісу насельніцтва на тысячу чалавек у працаздольным узросце прыходзілася 624 чалавекі ў непрацаздольным (у тым ліку і дзеці). Але і тут няма падставы для аптымізму. Бо ў Беларусі з-за
падзення нараджальнасці скарацілася колькасць дзяцей, якія ў будучыні маглі б папоўніць шэрагі працаўнікоў. Напрыклад, у 1970 годзе на тысячу чалавек у працаздольным узросце прыпадала 586 дзяцей ва
ўзросце да 16 гадоў (у 1979-м — 429 дзяцей, у 1989-м — 437 і ў 1999-м — 371). А ў 2009 годзе — усяго 258 дзяцей.
Таму некаторыя аналітыкі ўжо прагназуюць, што Беларусь чакае непазбежнае павелічэнне пенсійнага ўзросту. І размовы пра гэта, якія час ад часу заводзяцца ў афіцыйных кулуарах, увасобяцца ў жыццё.
Прычым у недалёкім часе — пасля прэзідэнцкіх выбараў.
Дысбаланс палоў
Суадносіны жанчын і мужчын аб’ектыўна склаліся не на карысць апошніх. Спецыялісты канстатуюць высокі тэмп росту смяротнасці сярод мужчын (асабліва ў працаздольным узросце). Па стане на
кастрычнік мінулага года ў краіне пражывала 4 мільёны 420 тысяч мужчын і 5 мільёнаў 84 тысячы жанчын. На тысячу мужчын прыпадае 1 150 жанчын. У параўнанні з 1999 годам колькасць мужчын скарацілася на
6,3%, а жанчын — на 4,6%. З-за высокай смяротнасці мужчын павялічылася колькасць удоваў — на 5,4% (на 42 тысячы). Іх доля сярод жанчын склала 18% (болей 810 тысяч).
Узрасла таксама колькасць разведзеных жанчын — на 17% (на 63 тысячы). У агульнай колькасці жаночага насельніцтва іх доля склала 10% (436 тысяч). Больш за палову з такіх жанчын — у
дзетародным узросце.
Шлюбаў у Беларусі фіксуецца меней (на 4%), чым 10 гадоў таму. Афіцыйна зарэгістравалі свае адносіны 52% жанчын і 62% мужчын (адлік ад 15 гадоў і старэй). Доля сямейных параў, шлюб якіх не аформлены,
павялічылася з 5 да 8%. Паказчык бясшлюбнасці для абодвух палоў не перавышае 4%. Менавіта столькі сярод мужчын і жанчын (50 гадоў і старэй) тых, хто ніколі не ўступаў у шлюб.
Рост кітайцаў — у 20 разоў
За апошнія гады скарацілася і колькасць прадстаўнікоў найбольш шматлікіх нацыянальнасцяў. Напрыклад, колькасць яўрэяў (13 тысяч) зменшылася ў 2,2 разы, украінцаў (159 тысяч) і рускіх (785 тысяч)
— на трэць. Палякаў (295 тысяч) стала меней на 25,6%. І звязана гэта як з натуральным змяншэннем насельніцтва, так і з міграцыйным адтокам.
Адначасова міграцыйныя працэсы прывялі да росту колькасці прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў, і яго тэмпы вымяраюцца ў разах. Так, кітайцаў, якія пастаянна пражываць на тэрыторыі Беларусі, стала
больш чым у 20 разоў. Арабаў — у 2,7 разы, туркмен — у 2,3 разы. Аднак пакуль іх частка, як паведамілі статысты, у агульнай колькасці насельніцтва нязначная.
Вынікі перапісу засведчылі рост узроўню адукацыі жыхароў. Доля тых, хто атрымаў вышэйшую адукацыю, за дзесяцігоддзе вырасла з 14% (1 мільён 134 тысячы) да 19% (1 мільён 531 тысяча). А колькасць
грамадзян, якія маюць сярэднюю спецыяльную (2 мільёны 190 тысяч) і прафесійна-тэхнічную адукацыю (898 тысяч) павялічылася на 21,2%.
Русіфікацыя
Частка тых людзей, якія назвалі сябе беларусамі, павялічылася на 2,5 працэнта. Гэта паказчык склаў 83,7% (7 мільёнаў 957 тысяч). Але стаўленне да беларускай мовы, якое было агучана статыстычным
камітэтам, шмат для каго стала нечаканым. Бо яе назвалі роднай мовай толькі 53,2% жыхароў краіны. Тады як усяго дзесяць гадоў таму гэты паказчык быў 73,7%. Скараціўся і працэнт людзей, якія ўжываюць
беларускую мову дома, — з 36,7 да 23,4%.
Сярод беларусаў па нацыянальнасці гэтыя лічбы вышэй. Беларускую мову назвалі роднай 60,8%, а размаўляюць на ёй дома 26% беларусаў. Зніжэнне моўнага паказчыка аналітыкі тлумачаць русіфікацыяй, у тым
ліку ў сферы адукацыі, СМІ і на ўзроўні дзяржаўных ведамстваў. І таксама фармулёўкай падчас перапісу паняцця роднай мовы як «мовы, засвоенай першай у раннім дзяцінстве».
А колькасць насельніцтва, якое свабодна валодае замежнымі мовамі, узрасла. Напрыклад, на англійскай мове свабодна размаўляюць 450 тысяч чалавек (у 3,2 разы болей, чым у 1999-м). Колькасць людзей,
якія свабодна валодаюць нямецкай мовай, павялічылася ў 2,2 разы і складае каля 138 тысяч чалавек.
---------------------------------------------------------------
Катастрафічная сітуацыя
Вынікі перапісу каментуе аналітык Валянцін Мацкевіч.
— Гэта нацыянальная дэмаграфічная катастрофа. Штогод насельніцтва скарачаецца на 50 тысяч чалавек. Але далей нас чакае скачок уніз і яшчэ большае памяншэнне нараджальнасці. Гэта адбудзецца
літаральна ў бліжэйшыя 5 гадоў. На змену прыйдзе пакаленне, якое нарадзілася ў сярэдзіне 90-х, калі адзначаўся спад нараджальнасці. Пачнецца рэзкі крэн у бок скарачэння насельніцтва. Гэты працэс
называецца «дэмаграфічная яма».
Лічбы кажуць самі за сябе. Усё астатняе — прапаганда. Прыгожыя словы па тэлевізары. Так, прымаюцца розныя праграмы накшталт дэмаграфічнай бяспекі. Але праграма сама па сабе не працуе. І
заклінанні не дзейнічаюць. Усе прыгожыя праграмы разбіваюцца аб рэальныя лічбы. Яны паказваюць, што мы знаходзімся на мяжы бездані.
У чым заключаецца мэта ўраду і прэзідэнта? Усе магчымыя фінансавыя сродкі павінны быць накіраваныя на тое, каб маладыя сем’і адбыліся, нарадзілі дзяцей, каб захоўваўся і развіваўся народ. У
дзяржавы няма іншай мэты. Выдаткі на войска ці на спецслужбы — не гэта мэта. Усе хочуць мець сям’ю, дзяцей. Што для сям’і трэба? Зразумець не цяжка. Гэта ўпэўненасць у
заўтрашнім дні. Стабільная і годная праца. Жыллё. І калі ўладамі не будуць зроблены пэўныя захады, то праз 40 гадоў нас не 7,5 мільёнаў будзе (гэта па аптымістычных прагнозах), а значна меней.
Па моўным пытанні, вядома, быў ціск. Я зведаў гэта на асабістым прыкладзе. Да мяне прыйшлі з перапісам студэнты, хлопец з дзяўчынай. Хлопец пачаў размаўляць па-руску. Я папрасіў: «Калі
ласка, размаўляйце па-беларуску». Калі падышлі да пытання пра мову, пачалося: «Не, родная мова тая, якую вы засвоілі першай у дзяцінстве». Я кажу: «Мая родная мова
— беларуская, і запісвайце так, калі ласка». Нервовая сітуацыя была. Яны не маглі мяне нічым пераканаць. Але больш падатлівых, напэўна, пераканалі.
Я не ўпэўнены, што гэта фармулёўка нарадзілася ў камітэце статыстыкі. Яна нарадзілася толькі ў русафобаў, значна вышэй рангам. Яе ўціснулі ў перапісны ліст, бо ставілі пэўную мэту. І яны дамагліся
гэтай мэты.