Для «палітычных» на Акрэсціна працягваюць ствараць бесчалавечныя ўмовы
Праваабаронцы працягваюць фіксаваць сведчанні бесчалавечных умоў утрымання ў ізалятары на Акрэсціна. Паводле іх інфармацыі, у арыштантаў забіраюць цёплае адзенне, ім не перадаюць перадачы і не аказваюць медыцынскую дапамогу.
Былы арыштант распавёў праваабаронцам, у якіх умовах адбываў арышт у ЦІПе на Акрэсціна ў студзені. Паводле хлопца, нягледзячы на пандэмію, адміністрацыя наўмысна закідвае «палітычных» у перапоўненыя камеры: у двухмеснай камеры знаходзіліся адразу 19 чалавек. Арыштантам па-ранейшаму не выдаюць матрацы і пасцельную бялізну, таму ім даводзіцца спаць на металічнай рашотцы нараў, на падлозе або на лаўцы. Перадачы для «палітычных» у ЦІПе пасля паўгадавога перапынку сталі зноў прымаць, але да арыштантаў яны не даходзяць. Таму сродкамі гігіены яны карыстаюцца тымі, якія застаюцца ад папярэдніх арыштантаў.
«Камера называецца кантрольнай, у ёй павінна знаходзіцца мінімум 16 чалавек. За дзень да майго вызвалення нас было 19 чалавек. Спалі мы на падлозе, падкладалі абутак пад галаву, хтосьці спаў на лаўцы і стале, пару чалавек спалі пад ложкам, двое клалі галаву на тумбачкі і спалі там, на саміх ложках амаль ніхто не спаў, бо яны жалезныя, іх называлі "грыль", спаць на іх было вельмі некамфортна. Тыя, хто рызыкаваў там спаць, часта пераварочваліся, бо ў іх зацякала рука, таму ўсе стараліся спаць на падлозе».
Паводле хлопца, цёплых рэчаў не было, курткі ў арыштантаў забіралі, бо яны нам «не паложаны». Адзенне ў камеры высушыць немагчыма праз вільготнасць.
Былы арыштант распавёў, што з 19 чалавек у камеры 18 затрымалі па палітычных матывах. З ім, напрыклад, сядзелі тры блогеры, якія запусцілі дрон над Траецкім прадмесцем. На іх склалі пратаколы па арт. 24.3 КаАП за «непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі», а пазней арыштавалі на 15 сутак кожнага. Акрамя гэтага, з ім сядзеў літовец, якога разам з жонкай арыштавалі за белы аркуш паперы А4 на акне. Суд пакараў іх з жонкай 15 суткамі арышту, а мужчыну потым дэпартавалі. Сярод сукамернікаў былі і кіроўца аўтобуса, кіроўца хуткай дапамогі, айцішнік, зваршчык, індывідуальныя прадпрымальнікі.
У студзені беларускія суды прызначылі мінімум 41 адміністрацыйны арышт агульнай працягласцю ў 543 дні, адзначаюць праваабаронцы.