Севярынец пра серыял «Акрэсціна»: Нізасць і подласць — выдаваць комікс за праўду

Рэжысёр Андрэй Курэйчык апублікаваў цізер будучай першай серыі «першага мастацкага серыяла» «Акрэсціна», над якім ён працуе ў Вільні разам з «Маланка медыя». Ролік, які створаны з мэтай прыцягнення ўвагі да праекта і яго фінансавай падтрымкі (так, на серыял яшчэ збіраюць грошы), выклікаў неадназначную рэакцыю беларусаў. Сваім меркаваннем пра тое, што не так з цізерам, падзялілася ў Фэйсбуку пісьменніца, даследчыца «расстралянай» літаратуры, настаўніца Ганна Севярынец.

Акрэсціна, 13 жніўня 2020 года. Фота Арцёма Лявы

Акрэсціна, 13 жніўня 2020 года. Фота Арцёма Лявы

«Выкажуся пра серыял "Акрэсціна", бо лічу гэта важным не толькі датычна гэтага серыяла, тызер якога выкладзены на старонцы Андрэя Курэйчыка, але і наогул датычна асэнсавання тэмы нашых падзей у цяперашнім і будучым мастацтве.
Пытанне першае, якое ўзнікае: ці маральна тут і цяпер асэнсоўваць падзеі, якія яшчэ не скончыліся, якія ёсць жудасным агульным болем і народнай трагедыяй — у мастацкай форме? Гэта не цяперашняе пытанне, яно паўставала і тады, калі свет асэнсоўваў злачынствы нацызму, і Халакост, і сталіншчыну, была такая эпічная спрэчка паміж Шаламавым і Салжаніцыным, ці маральна ўкладаць такія пакуты ў мастацкія формы, адным словам, чалавецтва пра гэта ўжо адспрачалася, і агулам адказ — так, асэнсоўваць такое па-мастацку — маральна.
Пытанне другое: ці нармальна, калі серыял пра Акрэсціна здымае чалавек, які там не быў і на сваёй скуры нічога падобнага не адчуваў? Тут мы маем шмат прыкладаў, калі сапраўды мастацкае аснсаванне трагічных падзей рабілі людзі, якія ў гэтых падзеях не ўдзельнічалі. Элем Клімаў не гарэў у сараі, Спілберг не паміраў у газавай камеры. Адказ — так, гэта нармальна.


І, нарэшце, пытанне трэцяе, адзінае істотнае. Ці мусіць гэты чалавек, які бярэцца па-мастацку асэнсоўваць агульнанацыянальную трагедыю і які не бачыў на свае вочы тое, пра што ён выказваецца, асэнсоўваць сваю адказнасць за мастацкі вынік? Ці можна рабіць што заўгодна па прынцыпе «я мастак, я так бачу»? Тым больш, што насамрэч закон у мастацтве адзін: любы твор, няважна, благі ці добры, створаны ў гэтым найлепшым з сусветаў, заўсёды знойдзе свайго гледача. Якім бы неталенавітым, тупым, безгустоўным ні быў (альбо падаваўся б) нам нейкі твор, ён знойдзе сваю, няхай і мізэрную, але ўдзячную аўдыторыю.
Я думаю, тут і палягае праблема. У тым, што творцы перасталі адчуваць сваю маральную адказнасць. Мараль — гэта заўсёды адказнасць перад іншымі людзьмі, перад памяццю, перад будучыняй, перад эмоцыямі і пачуццямі іншых, мараль існуе толькі ў чалавечым вымярэнні, і яна заўсёды правяраецца тым, ці думае чалавек пра іншых і што ён пра іх думае.
Паставіць перад камерамі добра апранутых, у адпаведнай каляровай гаме акцёраў з чыстымі, выбрытымі тварамі, чыстымі валасамі, ахайнымі фрызурамі — і паказаць гэта тым, хто ведае пра твары, валасы і фрызуры на Акрэсціна, выдаючы карцінку за мастацкую праўду — гэта амаральна.
Узброіць масоўку свежанькай экстрэмісцкай сімволікай, якой масоўка будзе махаць без усялякага імпэту, і паказаць гэта тым, хто бачыў сцягі і крывавымі, і растаптанымі, каго пінкамі прымушалі ісці па гэтых сцягах у аўтазаках — гэта амаральна.
Зняць гэтае вось усё ў чысценькіх павільёнах — гэта амаральна. Публікаваць разухабістыя бэкстэйджы са здымак, дзе акцёры-ахвяры смяюцца побач з акцёрамі-кАтамі — гэта амаральна.


 Але самае жахлівае, і нават не проста амаральнае, а подлае — гэта паказаць у эфіры комікс на тэму расстрэлу.
Насамрэч мы добра ведаем, як расстрэльваюць у турмах. Ну, то-бок маем магчымасць ведаць, калі ёсць такая патрэба. І як стралялі ў трыццатых. І як стралялі ў дзевяностых. І як пры неабходнасці страляюць цяпер. Няма ніякіх праблем знайсці і сведчанні, і аналітыку, і артэфакты.
Мы, нацыя, якая згубіла дзясяткі тысяч расстралянымі, людзі, якія жывуць на касцях забітых, людзі, чыя будучыня ўжо даўно стакроць аплочана загінулымі ў лясах, ва ўрочышчах, у ямах, на франтах бясконцых войнаў — маем права думаць, што гэта адбываецца вось так вось прыгожа? маляўніча? калі герой глядзіць у вочы стралку і ў гэтых вачах палае вагонь нескаронасці і помсты?

Расстрэл — гэта не прыгожая дзірачка ў спіне. Гэта дзікія крыкі, нялюдскія стоны, мача і кал, раскурочаныя галовы і лужы крыві. Гэта дзікі мат і нечалавечы енк. Гэта вочы вар'ятаў, а не герояў.


Якая нізасць і подласць — выдаваць комікс за праўду, калі праўда — такая. Якая страшная непавага да памяці тых, хто праз гэта прайшоў і чые косці былі выкінуты на сметнік пры будаўніцтве кальцавых аўтадарог. І яшчэ падлей — выдаваць комікс за комікс. Маўляў, ну не будзем жа мы тут здымаць мачу і лайно. Вось вам, паважаныя гледачы, прыгожы расстрэл у інтэр'ерах. Мастак па касцюмах — пеця іваноў.
Трагедыя ў тым, што ў нас тут і без расстрэлаў — трагедыя. Дадаваць у кіно пра Акрэсціна коміксы пра няісныя расстрэлы — значыць абясцэньваць тое, што адбываецца. Маўляў, без расстрэлаў не так напружана, давайце расстраляем некаторых.


Крытыкуеш — прапануй.
Я прапаную ўсёй здымачнай групе пачытаць усё ж такі, як страляюць у беларускіх турмах. Ёсць вельмі падрабязны, з максімальнай колькасцю дэталей, тэкст.
А потым падумаць, напрыклад, пра маму ну вось хаця б Алеся Дудара, прыгожага хлопчыка, якога забілі ў 1937 годзе. Яна пражыла 90 год і да апошняга дня свайго жыцця на кожны мужчынскі голас ў двары падскоквала: "Шурка прыйшоў". Непісьменная, яна сачыніла паэму памяці сына. Запісаць не магла — і расказвала ўсім на памяць, але ніхто асабліва не хацеў слухаць. Што там за паэма была. Простая жанчына, без адукацыі. А ў кожнага, хто прыходзіў у дом, яна пытала тонкім, бездапаможным голасам: "За што ў мяне забралі майго Сашаньку?"
Пакажыце такім цяперашнім матулям, у якіх забілі сыноў, ваш комікс пра расстрэл, дарагія мастакі.