
Беларусь вяртаецца да меліярацыі балот. Прынамсі на бліжэйшыя пяць гадоў гэты праект кіраўніцтвам дзяржавы акрэслены як прыярытэтны.
Харчовая незалежнасць?
«Я не бачу больш важнай праграмы, чым гэтая («меліярацыя» — рэд.) — заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас працоўнай паездкі ў Пінск на пачатку красавіка.
— У наступнай пяцігодцы мы павінны ў асноўным завяршыць усе мерапрыемствы па праграме меліярацыі... Тут вы можаце даваць добрае збожжа. Мы павінны прывесці гэтыя землі ў ідэальны стан і
атрымліваць ураджай не горш, чым у Краснадарскім краі». Ідэю вяртання праграм па меліярацыі падтрымліваюць у РУП «Інстытут меліярацыі» і мяркуюць, што «страта
меліяраваных земляў для сельскагаспадарчай вытворчасці Беларусі можа азначаць не толькі паніжэнне валавога збору сельскагаспадарчай прадукцыі, пагаршэнне стану транспартных камунікацый, умоў працы і
пражывання людзей, але ў выніку і пагрозу харчовай незалежнасці дзяржавы і ўзрастанне сацыяльнай напружанасці».
Апроч сельскай гаспадаркі на беларускія балоты маюць свае віды і энергетыкі. У межах выканання праграмы па забеспячэнню не менш за 25 працэнтаў аб’ёму вытворчасці электрычнай і цеплавой
энергіі за кошт выкарыстання мясцовых відаў паліва і альтэрнатыўных крыніц энергіі штогод нарошчваюцца аб’ёмы здабычы торфу.
У 2008 годзе Савет міністраў зацвердзіў адмысловую праграму «Торф». Паводле яе, да 2020 года здабычу торфу ў Беларусі плануецца павялічыць у два разы — да 4,3–4,4
мільёна тон, адвесці пад распрацоўку 1 100 гектараў балот і пабудаваць 770 гектараў палёў для здабычы торфу. Здабыты торф будзе выкарыстоўвацца не толькі як паліва, але і ў сельскай гаспадарцы краіны
для вытворчасці ўгнаенняў. Па ацэнках навукоўцаў НАН Беларусі, наша краіна валодае запасамі торфу ў аб’ёме каля 4 мільярдаў тон, а геалагічныя запасы торфу, змешчанага ў радовішчах адмыслова
ахоўваемых прыродных тэрыторый і земляў, не занятых сельскагаспадарчай вытворчасцю, складаюць 1,2 мільярда тон.
Сады ці пустэльні?
У прыхільнікаў ідэі асушыць беларускія балоты ёсць свае апаненты. Так, вядучы навуковы супрацоўнік Навукова-практычнага цэнтра па біярэсурсах Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Казулін
трымаецца думкі, што меліярацыя стварае пагрозу для ўстойлівага існавання балотных абшараў і не мае пад сабой эканамічнага абгрунтавання. А асушэнне цягам бліжэйшых гадоў да 50 тысяч гектараў балот
прывядзе да зваротнага эфекту «пустэльні».
У Беларусі цяпер рэалізуюцца праекты па рэнатуралізацыі і паўторнаму забалочванню тэрыторый. Напрыканцы мінулага года былі завершаныя працы на выпрацаваных тарфяных радовішчах
«Асінаўскае–1, 2» у Дубровенскім раёне Віцебскай вобласці. Гэтыя тэрыторыі — частка былога верхавога балота. Яны з’яўляюцца адзінаццатай і дванаццатай
тэрыторыямі, паўторна забалочанымі ў рамках праекту ПРААН/ГЭФ ад 2007 года. Пасля паўторнага забалочвання паступова аднаўляецца ландшафт, унутраныя працэсы балота, з’яўляецца тыповая
расліннасць.
Смерч з попелу, дыму і пылу на адным
з участкаў падпаленых тарфянікаў у
Барысаўскім раёне
Да слова, на Асінаўскіх радовішчах селіцца група рэдкіх відаў птушак, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі, — вялікі бугай, вялікі падорлік, скопы, шэры журавель, чорны бусел ды іншыя. Аднак
мерапрыемствы па паўторнаму забалочванню дастаткова працаёмкія і стратныя. Каб падвысіць і стабілізаваць узровень вады на названых радовішчах, было пабудавана некалькі дзесяткаў водарэгулюючых
будынкаў, створаная адмысловая сістэма.
Аднаўленчыя працы завяршаюцца і на адным з буйнейшых у Еўропе верхавых балот — Ельня плошчай звыш 200 квадратных кіламетраў. Праект «Аднаўленне гідралагічнага рэжыму цэнтральнай
часткі балота Ельня» таксама фінансуецца Праграмай малых грантаў ГЭФ у Рэспубліцы Беларусь і рэалізуецца арганізацыяй «Ахова птушак бацькаўшчыны» ў супрацоўніцтве з
адміністрацыяй заказніка «Ельня».
Актыўная меліярацыя, пракладка шматлікіх каналаў і змены рэчышчаў рэк прывялі да істотнага паніжэння ўзроўню грунтавых водаў, што стала адной з асноўных прычын і буйных пажараў на балоце. У выніку
апошняга пажару ў 2002 годзе выгарала больш за 70 працэнтаў балота. Пажары і нізкі ўзровень грунтавых водаў прывялі да дэградацыі экасістэм, эканамічная шкода ад страты толькі знішчаных пажарам
журавіннікаў складае звыш 100 мільёнаў рублёў у год.
Праект Праграмы развіцця ААН і ГЭФ па аднаўленні парушаных тарфянікаў рэалізуецца ў Беларусі са жніўня 2006 года па жнівень 2010-га. За гэты час будуць адноўленыя 17 парушаных балот ва ўсіх абласцях
Беларусі. На выкананне прац вылучаецца 1 мільён 50 тысяч долараў.
Балота на мільён
Эколагі, якія займаюцца пытаннямі забалочвання тэрыторый, сцвярджаюць, што балоты здольныя прыносіць эканамічную карысць у сваім натуральным стане. Напрыклад, разлік эканамічных выгодаў буйнага
нізіннага балота Званец, размешчанага на тэрыторыі Драгічынскага і Кобрынскага раёнаў Брэсцкай вобласці, паказаў, што экалагічныя паслугі заказніка штогод складаюць больш за 1 мільён долараў ЗША. У
разлік бярэцца жывёльны і раслінны свет балота, ачышчэнне паветра і вады экасістэмай.
Асушаныя балоты становяцца крыніцамі выкідаў парніковых газаў. А жывыя балоты наадварот з’яўляюцца своеасаблівым фільтрам. Адмерлая біямаса не раскладаецца цалкам, і прыкладна адна дзесятая
яе частка адкладаецца ў выглядзе торфу. Частка вугляроду, якую расліны атрымалі ў выглядзе вуглякіслага газу, застаецца ў балоце назаўжды. Так выглядае працэс «канфіскацыі»
вуглякіслага газу з атмасферы. У асушаных балотах торф не назапашваецца, і назіраецца працэс інтэнсіўнага вылучэння вуглякіслага газу ў навакольнае асяроддзе.
Работнікі МНС тушаць агонь на тарфяніках у Слуцкім раёне
Парніковыя газы і глабальныя змены клімату — тэмы сусветных экалагічных самітаў і мясцовых «круглых сталоў». Беларусь узяла на сябе абавязальніцтвы па змяншэнню выкідаў
парніковых газаў да 2020 года не больш за 15 працэнтаў ад узроўню 1990 года. У Міністэрстве прыроды і аховы навакольнага асяроддзя падлічылі, што, каб прадухіліць глабальныя змены клімату да 2020
года, выкіды парніковых газаў у Беларусі павінны быць скарочаныя на 15–30 працэнтаў.
Эксперты грамадскага аб’яднання «Зялёная сетка» лічаць, што Беларусь можа скараціць выкіды парніковых газаў на 30–35 працэнтаў да 2020 года і на 40 працэнтаў да
2050 года. Аднак у Мінпрыродзе трымаюцца думкі, што доля выкідаў Беларусі ў сусветным маштабе малая, таму краіна найперш кіруецца не экалагічнымі фактарамі, а планамі ўласнага развіцця. Значыць,
будуць уведзеныя новыя крыніцы энергіі, прамысловыя прадпрыемствы, асушаюцца балоты. Атрымліваецца, што з аднаго боку Беларусь бярэ абавязальніцтвы зменшыць выкіды парніковых газаў, а з іншага
— іх павялічвае.
Шэраг экалагічных арганізацый з такім падыходам не згодныя. Напрыклад, экалагічнае таварыства «Зялёная сетка» прапануе для больш адэкватнай ацэнкі выкідаў парніковых газаў і
правядзення адпаведных праектаў па зніжэнню выкідаў уключыць у патрабаванні для сектара землекарыстання, змены землекарыстання і лясной гаспадаркі (LULUCF) эмісіі і сцёкі ад дэградаваных балот, іх
аднаўленне і абарону.
«Цяпер Кіёцкімі механізмамі фактычна ахопленыя толькі лясы і зямельныя ўгоддзі, прычым нават там падлік рэальнага скарачэння выкідаў вядзецца не зусім адпаведна. Мы выступаем за тое, каб і
балоты ўлічваліся ў LULUCF, тады могуць з’явіцца магчымасці аднавіць прыроду рэспублікі і паступова зніжаць эмісію парніковых газаў», — зазначае эксперт экалагічнага
таварыства «Зялёная сетка» Анастасія Галяк.
Прадстаўніца гэтай жа арганізацыі Наталля Парэчына лічыць — праблема ў тым, што міністэрствы паміж сабою не супрацоўнічаюць, калі ствараюцца праграмы, у выніку атрымліваем
супярэчнасці.
----------------------------------------------------------------------------------------------------------
Даведка:
Самыя старажытныя балоты Беларусі — палескія. Іх узрост — каля 11 тысяч гадоў. У Віцебскай вобласці балоты маладзейшыя — ім па 5–6 тысяч гадоў. Але там і дрыгва глыбейшая — да 9 метраў. На палескіх балотах таўшчыня пласта торфу часцей за ўсё не перавышае паўтара метра. Засвойваць балоты нашы продкі пачалі яшчэ ў XVIII стагоддзі, ствараючы выганы для жывёлы. Аднак сапраўдны націск беларускія балоты перажылі ў 1960-я гады, калі на пленуме ЦК КПСС 1964 года было прынята рашэнне пра шырокамаштабную меліярацыю. Але разам з тым у Беларусі з’явіліся пусткі і пясчаныя буры. Няправільнае выкарыстанне меліяраваных глебаў прывяло да іх спустошвання. Гаспадаркі з года ў год сеялі на тарфяніках бульбу, кукурузу, зерневыя і атрымлівалі добрыя ўраджаі. У выніку тарфяны пласт дэградаваў, і на месцы ўрадлівай зямлі з’явіліся пясчаныя прагаліны.