Двайная прэзентацыя “Вясны”

Фотаальбом “За права на выбар і зборнік “Наша Вясна прэзентавалі 2 мая актывісты Праваабарончага цэнтра “Вясна, які колькі год пасля зліквідавання ўладамі ўсё ж працягвае сваю плённую дзейнасць у Беларусі. На прэзентацыю, якая прайшла ў сядзібе Партыі БНФ, прыйшлі шматлікія журналісты, праваабаронцы з іншых арганізацый, а таксама былыя палітвязні, іх сваякі і родзічы тых, хто яшчэ знаходзіцца ў вязніцах.   



439fca360bc99c315c5882c4432ae7a4.JPG

Фотаальбом “За права на выбар і зборнік “Наша Вясна прэзентавалі 2 мая актывісты Праваабарончага цэнтра “Вясна, які колькі год пасля зліквідавання ўладамі ўсё ж працягвае сваю плённую дзейнасць у Беларусі. На прэзентацыю, якая прайшла ў сядзібе Партыі БНФ, прыйшлі шматлікія журналісты, праваабаронцы з іншых арганізацый, а таксама былыя палітвязні, іх сваякі і родзічы тых, хто яшчэ знаходзіцца ў вязніцах. 

Фотаальбом “За права на выбар прысвечаны фігурантам “Плошчы—2010, якія пасля падзеяў 19 снежня 2010 года трапілі пад крымінальны пераслед. Як адзначаюць укладальнікі, гэта “трагічная старонка гісторыі нашай краіны ў асобах, за кожным з кадраў — канкрэтны лёс, выпрабаванне і… перамога. Але, на жаль, не адна на ўсіх.

Як падкрэсліў намеснік старшыні  “Вясны Валянцін Стэфановіч, “падзеі 19 снежня не скончыліся для нас яшчэ і зараз. “Тыя людзі, якія былі асуджаныя за падзеі 19 снежня, дагэтуль застаюцца ў турмах: гэта і кандыдат у прэзідэнты на тых выбарах Мікола Статкевіч, гэта і Павел Севярынец, які дагэтуль адбывае абмежаванне волі ў Брэсцкай восбласці. Гэта таксама і маладафронтаўцы Зміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў, справы якіх мы таксама непасрэдна звязваем з 19-м снежня, бо хлопцы былі затрыманыя прэвентыўна і па абсалютна сфальсіфікаванай крымінальнай справе апынуліся з кратамі, — сказаў юрыст і праваабаронца. — І невыпадкова мы менавіта зараз прэзентуем гэтае выданне, бо менавіта год назад, у красавіку-траўні пачаліся гэтыя бясспынныя канвееры па разгляду крымінальных справаў па падзеях 19 снежня практычна ва ўсіх раённых судах Мінска. І мы, і журналісты, і нашы калегі-праваабаронцы адсочвалі ўсе гэтыя працэсы і былі сведкамі таго беззаконня, якое рабілася ў тыя дні ў судах. Наша ацэнка тых падзяў з цягам часу не змянілася. Мы дагэтуль лічым, што ніякіх масавых беспарадкаў у Мінску 19 снежня не было, і адпаведна ўсе, хто быў асуджаны па артыкулах за ўдзел у масавых беспарадках альбо за арганізацыю групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, з’яўляюцца незаконна асуджанымі, і іх прысуды мы лічым палітычна матываванымі.     

Па словах прадстаўніцы “Вясны Алены Лапцёнак, прадмову да выдання планаваў напісаць Алесь Бяляцкі, але калі праца над альбомам была ў самым разгары, кіраўнік “Вясны сам апынуўся за кратамі, сам стаўся палітзняволеным. Таму напісаць уступ давялося кандыдату гістарычных навук, галоўнаму рэдактару “Новага часу Аляксею Каралю.     

“Гэтым выданнем “Вясна пацвердзіла свой вобраз, свой імідж як арганізацыі, якая актыўна змагаецца за правы чалавека ў Беларусі, якая, нягледзячы на брутальны пераслед, не скарылася і працягвае сваю справу. І гэтым выданнем “Вясна зрабіла вельмі важкі ўнёсак у дакументальную базу для будучых даследаванняў дэмакратычнага руху ў Беларусі найноўшага часу, — адзначыў гісторык і журналіст Аляксей Кароль. — Я паспрабаваў паглядзець на гэтыя падзеі з пункту погляду ўдзельніка дэмакратычнага руху канца дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя і як гісторык, спалучыць два ракурсы, два пункты погляду. І на мой погляд, “Плошча—2010 ёсць знакавая падзея. Я ўпэўнены, што будучыя гісторыкі гэтую дату, хутчэй за ўсё, аднясуць да даты, якая азначае пачатак апошняй фазы таго рэжыма, які ўсталяваўся ў Беларусі ад 1994 года, — па розных вызначэннях, аўтарытарнага ці таталітарнага… Рэпрэсіўны механізм на поўную моц быў запушчаны менавіта 19 снежня 2010 года. Падзея драматычная, шмат у чым трагічная і разам з тым падзея аптымістычная… Плошча сабрала ад 30 да 50 тысяч чалавек. Хапіла маленькай паўзы, крыху лібералізацыі, каб страх рассеяўся. І гэта першая выснова: страх рассейваецца вельмі хутка. І другое. Нягледзячы на рэпрэсіі пасля, якія працягваюцца і веерам ахопліваюць Беларусь, на дэманстрацыю ў Дзень Волі выходзіць да пяці тысяч чалавек, на “Чарнобыльскі шлях — да трох тысяч. Гэта нямала ў такіх умовах. Задача нумар адзін, якая была пастаўленая ўладамі 19 снежня, — аднавіць узровень страху, які панаваў раней, —пацярпела крах, і гэты страх не адноўлены. І ўлада добра разумее, што яшчэ крыху адпусціць, і ўжо нічога не стрымае і вырве з іх рук кантроль над сітуацыяй... Пункт погляду ўлады на падзеі 19 снежня 2010 году як на нейкія беспарадкі, учыненыя “бандзюгамі і адмарозкамі, зараз не мае пад сабою ні падстаў, ні аўтарытэта ў грамадстве. І гэта яшчэ адзін вынік Плошчы.

Са словамі падзякі да праваабаронцаў звярнуліся жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч і былы палітвязень Алег Федаркевіч. “Дата 19 снежня жыве ў нашых сэрцах і яна ўплывае на ўсё наша цяперашняе жыццё. Але ўсё было недарэмна, гэтая падзея, хоць яна і мела самыя трагічныя наступствы, усё ж набліжае канец таго рэжыму, які сёння пануе ў нашай краіне, — упэўнена спадарыя Адамовіч. 

Таксама 2 мая адбылася прэзентацыя кнігі “Наша Вясна. Гэтае выданне ўяўляе сабою зборнік васемнаццаці інтэрв’ю з актывістамі арганізацыі, у тым ліку і рэгіянальнымі. Па словах сябра Рады “Вясны Таццяны Равякі, выдаць гэтую кнігу меркавалася яшчэ год таму, да 15-годдзя праваабарончага цэнтра, але падзеі, якія паследавалі за “Плошчай—2010, адсунулі планы на больш позні час. Праваабаронца звярнула ўвагу, што ініцыятарам з’яўлення кнігі быў Алесь Бяляцкі, які сам сёння знаходзіцца за кратамі.


Праваабаронцы, былыя палітвязні і іх родныя

“Ужо пасля арышту, перадаючы мне ключы ад вясноўскай кватэры, Алесь коратка сказаў: Беражыце “Вясну. Гэта прагучала як запавет: як бы ні складваліся далейшыя падзеі, “Вясна павінна працаваць і далей, выконваць сваю місію. Да гонару маіх калег-вясноўцаў трэба сказаць, што гэты запавет зняволенага кіраўніка арганізацыі выконваецца. Ніводзін з сябраў “Вясны не спыніў сваёй дзейнасці, не зачынілася ніводнае рэгіянальнае прадстаўніцтва арганізацыі, не знік ніводзін накірунак нашай дзейнасці. Выхад гэтай кнігі, няхай і запознены, таксама ёсць пацвярджэннем гэтаму. Выпрабаванні толькі зрабілі працу “Вясны больш зладжанай і эфектыўнай, з’ядналі калектыў, яшчэ больш навучылі цаніць і берагчы адзін аднаго. І гэта вынік агульнай перакананасці ў справядлівасці нашай дзейнасці, паказчык таго, што “Вясна аб’яднала глыбока ідэйных людзей, аднадумцаў, — падкрэсліла Таццяна Равяка.

Дарэчы, вясноўцы паведамілі, што прэзентацыі дзвюхмоўнага (беларуская і англійская) фотаальбому “За права на выбар адбудзецца ў пяці краінах Еўрапейскага Саюза.