Дысертацыю Наталлі Пінчук не зацвердзілі
Вышэйшая атэстацыйная камісія (ВАК) не зацвердзіла паспяхова абароненую дысертацыю Наталлі Пінчук, жонкі вядомага беларускага палітвязня, праваабаронцы Алеся Бяляцкага, які трэці год знаходзіцца за кратамі.

Тэма паспяхова абароненай дысертацыі Наталлі Пінчук — “Ювелірныя ўпрыгажэнні касцюма IX-XIII стагоддзяў (фактары фарміравання і стылістычныя асаблівасці мастацкай традыцыі на
тэрыторыі Беларусі)”.
Наталля яшчэ ў юнацтве захапілася старажытным мастацтвам. Ужо дыпломную працу яна пісала пра шкляныя ўпрыгажэнні, знойдзеныя на тэрыторыі Гомельскага замчышча.
У дысертацыі навукоўца даследавала больш за тысячу старажытных упрыгажэнняў, найперш — меней вывучаныя бронзавыя вырабы. Артэфакты, якія з канца XIX да пачатку XXI стагоддзяў былі
ўведзеныя ў навуковы абарот пераважна беларускімі археолагамі, сталі найбольш каштоўнай крыніцай для вывучэння мастацкай традыцыі ювелірнай аздобы.
У працы Наталлі Пінчук гаворка ідзе пра ўпрыгожанні, што аздаблялі строі тагачаснага гарадскога і сельскага насельніцтва Беларусі: арнаментаваныя скроневыя кольцы, завушніцы, падвескі,
бранзалеты і пярсцёнкі разнастайных формаў.
Наталля Пінчук пагадзілася пракаментаваць сітуацыю:
— Спадарыня Наталля, вы абаранілі кандыдацкую дысертацыю яшчэ 7 чэрвеня. Чаму пра гэта ніхто дагэтуль не ведаў?
— Пакуль вынікі абароны не зацвержаныя ВАК, праца фармальна не лічыцца абароненай. Таму я і не расказвала пра абарону.
— А што стала прычынай адмовы ВАК прызнаць вынікі абароны дысертацыі?
— Кожная навуковая праца можа (і нават павінна) утрымліваць новыя высновы, з якімі бывае цяжка пагадзіцца прадстаўнікам ранейшай навуковай традыцыі. Вядома ж, бываюць і недакладнасці
— больш ці менш сур'ёзныя.
Я разумею, што большасць членаў камісіі – не спецыялісты ў маёй навуковай тэме, але гэта не нагода прымаць пад увагу галаслоўныя сцверджанні рэцэнзента, не падмацаваныя канкрэтнымі
фактамі.
— Як, азіраючыся на зробленую працу і на яе публічную абарону, вы акрэслілі б яе асноўныя вынікі?
— Даследаваннем тэмы я займалася доўгі час, і вынікам стала праца, дзе матэрыяльныя помнікі сярэднявечча асэнсаваныя з мастацвазнаўчага пункту гледжання.
Я звяртала ўвагу на эстэтычныя вартасці ўпрыгожанняў, выявіла характэрныя рысы сілуэту, аб’ёму, пластыкі, кампазіцыі, колеру, якія ўласна і фармавалі мастацкі вобраз ювелірнай рэчы.
Вялікую ролю ў стварэнні вобразнай і эмацыйнай выразнасці ўпрыгожанняў меў арнамент.
У дэкоры упрыгожанняў гэтага перыяду вылучаюцца геаметрычныя матывы і матывы расліннага, зааморфнага і антрапаморфнага характару. Элементы і матывы арнаменту былі не проста дэкорам, але
з’яўляліся дахрысціянскімі сімваламі, магічны сэнс якіх тады яшчэ не быў страчаны. Даўнія традыцыі, заснаваныя на мясцовых вераваннях, праявіліся ў геаметрычных матывах кола, ромба і г.д. А
мастацкія ўплывы з Усходу і Захаду зазначыліся пашырэннем раслінных выяваў у выглядзе крына (трохпялёсткавая кветка, лілея ці дрэва жыцця) і вінаграднай лазы, жывёльных матываў (грыфонаў і цмокаў).
Антрапаморфныя (звязаныя з постаццю і абліччам чалавека) выявы часцей адлюстроўвалі хрысціянскую тэматыку. У стылістыцы ўпрыгажэнняў архаічныя традыцыі пераплятаюцца з візантыйскім і раманскім
стылямі.
* * *
Таксама была выказана прэтэнзія наконт адсутнасці прыкладаў Протарэнесансу (Протарэнесанс — этап у гісторыі культуры Італіі, якога не было ні ў іншай адной еўрапейскай краіне!) у
ювелірнай аздобе з тэрыторыі Беларусі IX–XIII стагоддзяў. Хоць такіх прыкладаў проста не існуе.
Абурэнне эксперта тым, што мастацтвазнаўца не пераправерыла стратыграфію ювелірных вырабаў, выглядае ўвогуле абсурдна, бо стратыграфія — гэта ўзаемнае размяшчэнне культурных слаёў у
глебе (яно непазбежна парушаецца ў выніку раскопак).
Некаторыя заўвагі эксперта, якія ўвогуле цяжка зразумець, варта прывесці з захаваннем аўтарскага стылю і арфаграфіі: “Непераканаўча зроблена выяўленне ўзаемасувязі стылявых і
тыпалагічных ювелірных вырабаў у розныя перыяды. Фактычна не прасочаны узаімаўплыў формаабразуючых канцэпцый мастацкіх ідэй ювелірнай справы і іншых відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва; спосабы
іх узаемадзеяння ў розныя перыяды”.
Таму, паважаныя чатачы, мяркуйце самі, ці навуковымі інтарэсамі кіравалася ВАК, не зацвердзіўшы паспяхова абароненую кандыдацкую дысертацыю. Ці дала Вышэйшая атэстацыйная камісія
аб’ектыўную ацэнку навуковай працы Наталлі Пінчук? А можа ўся справа ў тым, што яе муж Алесь Бяляцкі — вядомы праваабаронца, а сама Наталля актыўна змагаецца за яго
вызваленне?