Равяка судзіцца з мытняй за кнігу Бяляцкага

Сёння ў Ашмянскім раённым судзе ў 11 гадзін пачнецца судовае паседжанне па скарзе праваабаронцы Тацяны Равякі на дзеянні службовых асоб Ашмянскай мытні.



2ce32353_b3b9_4614_adba_09ea2489e425_w640_r1_s.jpg

Падчас папярэдняга паседжання 29 студзеняТацяна Равяка і яе прадстаўнік Павал Сапелка пазнаёміліся з матэрыяламі экспертызы, на падставе якой кніга Алеся Бяляцкага «Асьвечаныя Беларушчынай» падлягае рээкспарту.

Экспертызу рабілі тыя ж спецыялісты Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і спраў моладзі Гарадзенскага аблвыканкаму, якія прызналі экстрэмісцкім фотаальбом «Прэс-фота 2012».

Гэта юрыст Вадзім Хілюта і гісторык Уладзімер Ягорычаў.

«У мяне на руках дакументы, на падставе якіх эксперты зрабілі заключэнне, што кніга не ўтрымлівае экстрэмісцкіх матэрыялаў. Таксама паводле гэтых дакументаў, эксперты ўхіліліся адказаць на пытанне пра шкоду кнігі ў дачыненні да эканамічных і палітычных інтарэсаў насельніцтву ў межах Мытнага саюза. Чаму «Асьвечаныя Беларушчынай» унесеная ў пералік выданняў, якія забароненыя, увогуле незразумела»,— кажа Тацяна Равяка.

За час, які прайшоў ад папярэдняга паседжання, праваабаронца разам з юрыстамі дапрацавалі судовую скаргу з улікам недахопаў вынікаў экспертызы. Таксама сёння на судовым паседжанні будуць прысутнічаць сведкі Сяржук Сыс і Андрэй Палуда, якія збіраюцца засведчыць, што Тацяна Равяка везла кнігі не для продажу, а для распаўсюду сярод сяброў і знаёмых Алеся Бяляцкага.

«Для нас вельмі важна, каб гэтыя сістэматычныя парушэнні закону з боку Ашмянскай мытні былі спыненыя. Таму што яны датычаць не толькі кнігі Алеся Бяляцкага, але і двух альбомаў „Прэс фота Беларусі“, яны таксама маюць дачыненні да закрыцця выдавецтва „Логвінаў“. Таму нашая скарга па кнізе Бяляцкага — гэта спроба спынення сістэматычных парушэнняў», — заявіла праваабаронца ў інтэрв'ю Радыё Свабода.

3 ліпеня на мяжы ў праваабаронцы Тацяны Равякі мытнікі канфіскавалі 40 асобнікаў кнігі Алеся Бяляцкага «Асьвечаныя Беларушчынай», якую надрукавалі ў Літве. Тацяна Равяка везла асобнікі для сяброў Бяляцкага. Праваабаронца патрабуе суд прызнаць неправамоцнымі дзеянні Ашмянскай мытні, якія абавязалі яе да 21 студзеня змясціць 40 асобнікаў кнігі Алеся Бяляцкага «Асьвечаныя беларушчынай» пад мытную працэдуру рээкспарту з выкарыстаннем дэкларацыі на тавары, а таксама прыпыніць выкананне гэтых дзеянняў да вырашэння скаргі ў судовым парадку.

www.svaboda.org