ЕГУ паміж мінулым і будучым
У актавай залі Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта, пад завязку набітай бацькамі і сёлетнімі выпускнікамі школаў, дырэктар па міжнародных сувязях і развіцці універсітэта спадарыня Мары Соўз расказвае пра ЕГУ як «мост паміж мінулым і будучым» і просіць адказаць маладзёнаў на некалькі пытанняў. (На фота: прысвячэнне ў студэнты ЕГУ-2008)
У актавай залі Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта, пад завязку набітай бацькамі і сёлетнімі выпускнікамі школаў, дырэктар па міжнародных сувязях і развіцці універсітэта спадарыня Мары Соўз расказвае пра ЕГУ як «мост паміж мінулым і будучым» і просіць адказаць маладзёнаў на некалькі пытанняў.
(На фота: прысвячэнне ў студэнты ЕГУ-2008)
Спачатку яна цікавіцца, ці ведаюць патэнцыйныя абітурыенты еўрапейскія мовы — падымаецца шэраг рук. Пасля задае пытанне: «Хто хацеў бы вучыцца на гэтых мовах?» Сваё
імкненне да адукацыі на англійскай, нямецкай, французскай дэманструе меншая колькасць маладых людзей. Натуральна, ахвоту наведаць еўрапейскія краіны выказалі ці не ўсе прысутныя. А вось вывучыць
еўрапейскія мовы, атрымаць еўрапейскую адукацыю, досвед, а пасля вярнуцца ў Беларусь і працаваць тут на карысць сабе і краіне пагадзіліся ўсяго толькі некалькі чалавек.
Еўрапейскі гуманітарны універсітэт пакрысе адыходзіць ад іміджу «універсітэта ў выгнанні для выгнаных студэнтаў». Цяпер, каб стаць студэнтам гэтага універсітэта, недастаткова мець
заслугі перад дэмакратычнай грамадзянскай супольнасцю Беларусі. Сёлета ЕГУ амаль цалкам пераходзіць на камерцыйныя рэйкі. Платным становіцца навучанне на дыстанцыйных курсах, бакалаўрыяце, у
магістратуры. Праўда, кіраўніцтва універсітэта паабяцала, што прыблізна дзесяць найлепшых студэнтаў-першакурснікаў на кожнай з праграм бакалаўрыяту могуць разлічваць на падтрымку ў выглядзе
стыпендый. Але ўсе падрабязнасці будуць вядомыя толькі з 1 ліпеня гэтага года.
Сабекошт навучання студэнта на працягу года складае прыблізна тры тысячы еўра. Для грамадзян Беларусі зацверджаны льготныя тарыфы. Льготная адукацыя для беларусаў у ЕГУ магчымая дзякуючы падтрымцы
міжнародных донараў і літоўскага ўраду. У прыватнасці, штогадовая датацыя ад ураду Літвы на навучанне кожнага студэнта бакалаўрыята складае 615 еўра. Льготная аплата за навучанне для беларусаў
складае 1 200 еўра для студэнтаў бакалаўрыяту дзённай формы навучання, 550 еўра — для студэнтаў бакалаўрыяту завочнай формы навучання, 500 еўра для магістрантаў і 15 еўра для слухачоў
дыстанцыйных курсаў за адзін вучэбны прадмет.
Рэктар універсітэта Анатоль Міхайлаў падкрэсліў, што ніводны беларускі студэнт не аплачвае сваё навучанне ў поўнай меры. «Нас падтрымлівае не адна краіна. Я не магу расказаць, якіх высілкаў
патрабуе пошук сродкаў, тым больш гэта цяжка ў перыяд фінасава-эканамічнага крызісу. І, безумоўна, меркаваць, што ўвесь свет будзе напружвацца, каб фінансава падтрымліваць нашых студэнтаў —
наіўна, — тлумачыць прычыны пераменаў у фінансавай палітыцы універсітэта рэктар, закранаючы і аспекты адносінаў «донар-рэцыпіент». — У маральных адносінах існаваць
за чужы кошт вельмі няпроста. Мы выступаем пастаяннымі прасіцелямі. І ў Мінску, і тут да нашага універсітэта ёсць цікаўнасць. Але за ўвесь гэты час не было ніводнай спробы ўмацаваць фінансавую
стабільнасць з боку беларускай бізнес-супольнасці. Я не магу адказаць на пытанне, чаму падтрымка прыходзіць толькі з-за мяжы. Мы звяртаемся да ўрадаў Венгрыі, Славакіі, Чэхіі, іншых краінаў Еўропы,
Амерыкі і просім іх дапамагчы. Але мне падаецца, што жыццё за чужы кошт зневажае. І я думаю, што не варта так інтэнсіўна эксплуатаваць гатоўнасць гэтых краінаў падтрымаць нас
фінансава».
Заўважу, што найбольш з фінансавага боку пашанцавала студэнтам, якія вучыліся ў ЕГУ першыя два гады пасля яго пераезду ў Літву: тады яны атрымлівалі поўную кампенсацыю навучання і аплаты жылля.
Рэктар ЕГУ Анатоль Міхайлаў лічыць, што «праблемы змянення, трансфармацыі — натуральныя для дзейнасці любой структуры». «Мы зарэгістраваныя ў якасці літоўскага
універсітэта толькі тры гады таму. Цяпер імкнёмся, каб структура нашага універсітэта стала насамрэч дэмакратычнай: напрыклад, будзе абірацца сенат універсітэта, дакладна раздзяляюцца паўнамоцтвы
паміж рознымі структурамі універсітэта, — адзначае рэктар. — Перад намі стаяць працэсы па пераўтварэнню універсітэта пасля рэгістрацыі ў жыццяздольную і эфектыўную адукацыйную
структуру, якая павысіць якасць адукацыі, абазначыць месца і ролю універсітэта як беларускага, але разам з тым распазнавальнага і вядомага ў Еўропе і за яе межамі».
-----------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------
Анатоль Міхайлаў: не наша віна, што разумныя людзі з’язджаюць з Беларусі
Пра праблемы, перспектывы развіцця і магчымае вяртанне ўстановы на Беларусь распавядае рэктар ЕГУ
прафесар Анатоль Міхайлаў.
— Ці існуе для ЕГУ перспектыва пераарыентацыі на літоўскіх студэнтаў, што прымусіць скараціць аб’ём выкладання па-беларуску?
— Практычна гэтай праблемы не існуе. Мы — малады універсітэт у Літве, і праблемы прыёму літоўскіх студэнтаў дагэтуль не было. Па-літоўскі, відавочна, выкладаць мы ўжо не будзем, і
было б смешна, калі б мы прэтэндавалі на гэта. Але там, дзе могуць быць рэалізаваныя праграмы з рускай, беларускай, англійскай мовай, мы адкрытыя.
— Вы робіце нейкі маніторынг настрояў студэнтаў, здзяйсняеце пэўныя захады, каб прадухіліць «вымывання мазгоў» з Беларусі?
— Думаю, не наша віна, што разумныя людзі з’язджаюць з Беларусі. Мы робім усё магчымае, каб нарасціць крытычную масу тых, хто можа быць карысны Беларусі. Ёсць адна праблема: мы
з’яўляемся універсітэтам гуманітарных і сацыяльных навук. У свеце ў цэлым маецца перавытворчасць кадраў у гэтай сферы, і чакаць, што будзе вялікі попыт на спецыялістаў, не варта. Я
спадзяюся, што стан негатыўных адносінаў да нашага універсітэта будзе мець свае рамкі і межы. Калісьці, спадзяюся, нарэшце будзе асэнсавана, што прафесіяналізм патрэбны, каб вывесці нашу краіну са
стану біяцэнозу, у якім яна знаходзіцца. Адна справа, калі такія людзі ёсць, іншая — калі іх няма ці калі рыхтуюцца спецыялісты, якія насамрэч такімі не з’яўляюцца. Падрыхтоўка
спецыялістаў па гуманітарных дысцыплінах — цяжкая задача. У нас існуе ўяўленне, нібыта ёсць складаныя дысцыпліны, дзе патрэбны талент, — матэматыка, фізіка... Па гуманітарных, калі
ты не дэбіл і алігафрэн, за пару дзён можна падрыхтавацца і нешта расказаць. Але гэта не так. І наша прастора мае вялізную патрэбу ў спецыялістах, якія б маглі звярнуцца да трансфармацыі разбуранага
грамадства...
— Пытанне мовы ў ЕГУ шматкроць абмяркоўвалася ў СМІ. І сёння падчас сустрэчы прагучала, што прыкладна толькі чвэрць дысцыплін выкладаюцца па-беларуску. У чым насамрэч праблема,
ці яе няма?
— Справа ў тым, што мы выкладаем сыходзячы з прафесіяналізму выкладчыкаў, і шукаем іх у розных краінах і на розных кантынентах. І калі вы нам прапануеце выкладчыка, які прызнаны навуковай
супольнасцю свету і можа выкладаць па-беларуску, мы будзем вам вельмі ўдзячнымі. Нам даводзіцца гаварыць пра сябе даволі сціпла. Наша доўгае падзенне прывяло да таго, што цяпер, на жаль, у нас няма
спецыялістаў у гуманітарнай сферы. Не з’яўлялася Беларусь тым аазісам ні раней, ні цяпер, куды б хацелі прыехаць і павучыцца з усіх краінаў. Назавіце мне тых, хто мае публікацыі, прызнаны ў
свеце, з’яўляецца сябрам высокапрафесійнай супольнасці. Філасофія — мая дысцыпліна. Дзе тыя выдатнейшыя працы, якія перакладаюцца з беларускай мовы на замежныя? Калі ўзнікне такая
задача, ці знойдзецца нехта, хто зможа перакласці на беларускую «Фенаменалогію духу» Гегеля? Я лічу, што гэта немагчыма, бо чалавек, які не з’яўляецца спецыялістам у галіне
філасофіі, наперакладае такога, што будзе звычайнае глупства. Ніводнаму спецыялісту, які выдатна ведае нямецкую і беларускую мову, я не магу даверыць ніводнай старонкі тэксту.
— А вы можаце займацца такімі перакладамі?
— У мяне бацька беларус, я жыву доўгі час у Беларусі, магу гаварыць па-беларуску. Але праблема моўнай творчасці даволі сур’ёзная. Мне цяжка адчуваць сябе аднолькава добра ва ўсіх
стыхіях.
— Пры ЕГУ пачалі абараняцца доктарскія дысертацыі. Як справы на гэтай ніве?
— Мы цяпер толькі плануем стварыць свае доктарскія праграмы. Але пакуль іх няма, нашы супрацоўнікі абараняюцца ў межах нашых кантактаў з адукацыйнымі ўстановамі Літвы. І гэты працэс пакрысе
набірае абароты. Ужо абаранілася дзве асобы, на падыходзе яшчэ некалькі чалавек.
— Вяртанне універсітэта ў Беларусь усё ж магчымае?
— Я пакуль пазбаўлены магчымасці мець дакладнае ўяўленне наконт таго, што некаторыя працэсы набіраюць тэмп. Пакуль гэта толькі рыторыка, многа чаго незразумела. Тое, што адбывалася і
адбываецца ў адукацыі Беларусі, сумна. Думаю, гэта відавочна для ўсяго свету. Канешне, Беларусь можа спадзявацца, што яна ў галіне навукі і адукацыі наперадзе планеты ўсёй. Але нічым добрым гэта не
скончыцца. Думаю, пра магчымасці нашага вяртання можна будзе гаварыць толькі тады, калі будуць створаныя адпаведныя ўмовы. Нас выгналі і закрылі, і дагэтуль наўздагон ляціць толькі бруд. Мне вядома,
што Мартынаў (міністр МЗС — рэд.) заявіў у Берліне, што падставаю для закрыцця ЕГУ стала тое, што універсітэт не прытрымліваўся беларускіх стандартаў. І дзякуй Богу. Калі б мы іх трымаліся,
то сталі б стандартным беларускім універсітэтам, але гэта ні ў якім разе не з’яўляецца нашай мэтай. Мы дайшлі ў Беларусі да такога стану, калі нешта нарэшце мусіць мяняцца. На жаль,
самасвядомасць цяпер у глыбокім крызісе. Гэта нагадвае сітуацыю, калі ўрач пачынае лячыць хворага не на ранняй стадыі, а калі ўжо пайшлі метастазы. Што можна гаварыць пра прафесіяналізм тых, хто
давёў сацыяльны арганізм да такога і цяпер пачынае «лячыць» тымі ж метадамі... У многіх краінах свету разумеюць, наколькі важна адукацыя, каб рыхтаваць грамадства да вырашэння
праблем і адказу выклікам. Чаго пакуль не скажаш пра Беларусь, дзе ўсё застаецца на ўзроўні дамарослага мыслення, правінцыйнай свядомасці.
P.S. Пасля сустрэчы з кіраўніцтвам Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта з Вільні вярталася адным аўтобусе з калегам, які выкладае там для студэнтаў бакалаўрыяту. Паводле яго слоў, летась ён быў
вымушаны цалкам перакласці свой курс з беларускай на рускую мову, бо ў групе навучаюцца грамадзяне Расіі, якія плацяць за адукацыю і, натуральна, патрабуюць, каб выкладанне вялося на зразумелай ім
мове. Ці многа яшчэ «беларускага часу» адмерана універсітэту ў выгнанні...