Форум «Свабоду палітвязням»: пад увагай справа футбольных аматараў

Сёння ў сядзібе БНФ у Мінску адбыўся чарговы форум, прысвечаны беларускім палітвязням,  чые справы маюць недастатковую ці абмежаваную вядомасць сярод грамадзянскай супольнасці.

abc-belarus.org

abc-belarus.org

У форуме ўдзельнічалі праваабаронцы Ганна Шапуцька, Кацярына Садоўская, Андрэй Бандарэнка, грамадзянскія актывісты Вольга Мікалайчык, Святлана Каваленка, Мікола Бамбіза, Яўген Батура і Леанід Кулакоў, Віктар Мельнікаў (бацька беларускага байца-дабраахвотніка Яна Мельнікава), палітыкі Віталь Рымашэўскі і Павал Севярынец, сябра анархісцкага руху Мікола Дзядок, маці асуджанага па «справе антыфашыстаў» Іллі Валавіка Раіса Валавік і ўдзельніца антыфашысцкага руху Марына Насенка.
Адкрываючы форум, Ганна Шапуцька нагадала гісторыю «справы антыфашыстаў» — заўзятараў «Партызана», асуджаных за бойку ў тралейбусе на вялізарныя тэрміны: ад 4 да 10 год па абвінавачанню ў «асабліва злосным хуліганстве» і кіраўніцтве незарэгістраваным грамадскім аб’яднаннем. Таццяна заўважыла недастатковую ўвагу грамадзянскай супольнасці і праваабаронцаў да справы, дадаўшы што «грамадства  мусіць рэагаваць на рэпрэсіі супраць актыўнай часткі насельніцтва».
Сустаршыня Еўрапейскай Хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі заявіў аб гатоўнасці БХД падтрымаць высілкі ўдзельнікаў форуму па наданню асуджаным антыфашыстам статусу палітвязняў і заклікаў «не атакаваць праваабаронцаў» за часам недастаткова своечасовае прызнанне тых ці іншых вязняў палітычнымі.
Мікола Дзядок даў кароткі аналіз крымінальнай справы, яшчэ раз падкрэсліўшы тое, што хлопцы трапілі пад каток рэпрэсій, нават не з’яўляючыся палітычнымі актывістамі, а таксама зазначыў, што дадзеныя імі падчас следства паказанні адзін на аднаго  не толькі палегчылі працу карным органам, але і знізілі падтрымку асуджаных у колах антыфашыстаў і анархістаў.

Падчас паседжання, фота з фейсбуку

Падчас паседжання, фота з фейсбуку

План па сістэмнай дапамозе заўзятарам-антыфа прадставіў Павел Севярынец. Па-першае, адзначыў ён, у самым пачатку крымінальнага пераследу варта адразу апавяшчаць грамадскасць і праваабаронцаў аб сваёй справе. Па-другое, праваабаронцам варта звяртаць пільную ўвагу на любы выпадак узбуджэння крымінальнай справы па арт. 193 п.1 («Незаконныя арганізацыя дзейнасці грамадскага аб'яднання, рэлігійнай арганізацыі ці фонда альбо ўдзел у іх дзейнасці — рэд.), бо гэта — бясспрэчны маркер палітычнага пераследу, пад якім бы «соусам» ён не ўжываецца. Да працэсу падтрымкі беларускіх заўзятараў «Партызана» варта паспрабаваць падцягнуць міжнародныя фанацкія суполкі, нягледзячы на іх палітычныя погляды. Таксама можна і трэба апавяшчаць дыпламатаў аб тым, што адбываецца з асуджанымі і нагадваць, што «справа антыфашыстаў» — гэта ні што іншае як эпізод палітычных рэпрэсій, якія мусяць быць нагодай для міжнароднага ціску.
Зацвердзіўшы гэты план, удзельнікі Форуму працягнулі абмен інфармацыяй і меркаваннямі аб бягучай сітуацыі. Дарэчы, стала вядома што двое з асуджаных ужо накіраваныя для адбывання пакарання ў папраўчыя ўстановы. Іх адрэсы ў хуткім часе стануць вядомыя.