Грамадзянская супольнасць. Падзеі тыдня: Астравец, Ліда, Масты

Астравец. Інфармацыйны супраціў

Астравец. Інфармацыйны супраціў
Пасля прыняцця рашэння пра пабудову ў гэтым рэгіёне АЭС, актывісты, што пратэстуюць супраць размяшчэння тут станцыі, якім мясцовыя ўлады не дазваляюць праводзіць мітынгі, пікеты, сустрэчы з грамадзянамі, каб патлумачыць людзям наступствы прысутнасці тут падобнага аб’екта, распачалі інфармацыйную кампанію. Ад пачатку 2009 года тут распаўсюджваюцца бюлетэні «Астравецкі веснік» і «Мірны атам», у якіх даследуюцца не толькі будучыя экалагічныя праблемы, але і сацыяльныя. Прыкладам, у адным з апошніх нумароў «Мірнага атама» разглядаецца праблема прыезду сюды элітных путан, паколькі ўжо ў гэтым годзе плануецца асвоіць у межах будаўніцтва 172,4 мільярда рублёў. У падобным накірунку асвятляе праблемы краю бюлетэнь «Голас Віленшчыны». Сярод іншага, ён змяшчае адрасы каардынатараў супраціву АЭС у Астравецкім, Вілейскім, Маладзечанскім, Мядзельскім і Смаргонскім раёнах.
Іван Крук
Ліда. Змаганне за беларускамоўныя садкі
Гарадская суполка ТБМ правяла акцыю сярод бацькоў дзіцячых садкоў па накіраванню дзяцей у беларускамоўныя класы. Былі задзейнічаны два мікрараёны. У Слабадзе па кватэрах будучых вучняў былі раздадзены буклеты з пажаданнямі навучацца на беларускай мове. Па вуліцы Рабіновіча, дзе знаходзяцца чатыры дзіцячыя садкі, сябры ТБМ запрашалі на бацькоўскія сходы. На кожным з іх агулам прысутнічала ад 20 да 40 чалавек. Ідэю накіроўваць дзяцей у беларускамоўныя класы паўсюдна падтрымалі настаўнікі школ, які прысутнічалі на мерапрыемствах.
Станіслаў Суднік
Масты. Выяўлены магілы паўстанцаў
Актывісты незарэгістраванага грамадскага аб’яднання «Альянс Панямоння» сумесна з пазбаўленым дзяржавай рэгістрацыі ГА «Саюз палякаў на Беларусі» (кіраўнік Анжэліка Борыс) адшукалі яшчэ два вялікія пахаванні паўстанцаў 1863 года на тэрыторыі раёна. Яны размешчаны ля вёскі Пацавічы і на ўскрайку горада. Ад першага помніка застаўся пастамент з камянёў з памінальным надпісам, другі знішчаны ўшчэнт, нават пліту з памінальным надпісам хтосьці паклаў у падмурак свайго дома. У архівах адшуканы выявы помнікаў, і неўзабаве яны будуць адноўлены.
Язэп Палубятка
Браслаў. Незвычайная выстава
Калекцыя шкла з фондаў музейнага аб’яднання выстаўлена ў краязнаўчым музеі. На выставе можна ўбачыць вырабы, якія датуюцца ХІХ–ХХ стагоддзем. Сярод іх ёсць даволі рэдкія. Гэта бранзалеты, каралі, знойдзеныя падчас археалагічных раскопак, пацеркі, бісер. Вялікай атрымалася калекцыя разнастайных бутэлек, найперш вінных і піўных. Некалькі стэндаў прысвечана аптэчнаму посуду.
Алесь Невядомы