Guardian: ментальны стан расійскага лідара выклікае ўсё больш пытанняў

"Рашэнне аб уварванні ва Украіну выклікае пытанні пра "пачуцце рэальнасці" Уладзіміра Пуціна", — піша газета Guardian.

jaderny_czamadanczyk.jpg

Рашэнне расійскага прэзідэнта пачаць катастрафічную вайну ў цэнтры Еўропы ў спалучэнні з відавочным дзівацтвам яго нядаўніх публічных выступаў выклікала на Захадзе пытанні аб псіхічнай устойлівасці лідара краіны з шасцю тысячамі ядзерных боегаловак.

69-гадовы расійскі прэзідэнт, чыя схільнасць да замкнёнасці была ўзмоцненая мерамі засцярогі супраць каронавіруса, здаецца ўсё больш адарваным ад сучаснага свету, ён выбірае капацца глыбока ў гісторыі і песціць асабістае імкненне да велічы.

Газета Guardian прыводзіць у прыклад словы прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона, які даўно знаёмы з Пуціным.

Улетку 2017 года Макрон вазіў зацікаўленага Пуціна па садах Версальскага палаца на малюсенькім электрычным гольф-кары, а наступным летам вітаў яго ў сваёй дачнай рэзідэнцыі на ўзбярэжжы Міжземнага мора, куды Пуцін прыляцеў на верталёце з букетам кветак і дзе ён рабіў кампліменты загару пары Макрон.

Пасля апошніх пяцігадзінных перамоваў Макрона з расійскім лідарам у Маскве на процілеглых канцах чатырохметровага стала, ён сказаў журналістам, што "напружанне было адчувальным". Па словах Макрона, гэта быў не той Пуцін, якога ён у апошні раз сустракаў у Елісейскім палацы ў снежні 2019 года.

Бернар Гета, сябар Еўрапарламента, раніцай пасля пачатку ваеннага ўварвання, сказаў Радыё France Inter: "Я думаю, што гэты чалавек губляе пачуццё рэальнасці, мякка кажучы".

На ўдакладняючае апытанне інтэрв'юера, ці азначае гэта, што ён думае, што Пуцін звар’яцеў, Гета адказаў "так".

Гета не адзін робіць такія высновы. Мілаш Земан, прэзідэнт Чэхіі і доўгі час адзін з самых стойкіх прыхільнікаў Уладзіміра Пуціна, пасля ўварвання назваў Пуціна вар'ятам.

"Усе нашы назіральнікі за Расіяй думаюць, што ён усё больш коціцца да дэспатычнага мыслення", — кажа яшчэ адзін еўрапейскі дыпламат.

Паводле ацэнкі Федэрацыі амерыканскіх навукоўцаў, у Расіі 5 977 ядзерных боегаловак. Гэта больш, чым у ЗША, яе галоўнага суперніка ў гэтай галіне.

І Пуцін часта згадвае пра гэты вялізны арсенал, у тым ліку і тады, калі ён казаў аб пачатку ваеннай аперацыі на Данбасе.

Эксперты, апытаныя газетай, кажуць, што іх турбуе, што гэта зброя знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці ад людзей, якія могуць няправільна інтэрпрэтаваць дзеянні іншых.

Як і ў прэзідэнта ЗША, у прэзідэнта Расіі ёсць доступ да "ядзернага чамаданчыку" з кодам запуску ядзернай зброі. Але адзін чалавек не можа проста ўзяць і націснуць кнопку — гэта можна зрабіць у прысутнасці і са згоды міністра абароны і начальніка штаба Узброеных Сіл.

Аднак у выпадку з Пуціным, ужо не зразумела, ці зможа яго хтосьці стрымаць.