Гэта можа рабіць кожны: інструменты перамогі

Кожны прыхільнік перамен можа дзейнічаць проста цяпер, абсалютна легальна і бяспечна, і гэтае дзеянне будзе гарантавана ствараць базу для новай, свабоднай Беларусі.

img_2613_logo_1.jpg


Канчатковы вынік шмат у чым абумоўлены сутнасцю таго, што адбываецца. Такім чынам, што ж адбываецца ў Беларусі? Здавалася б, адказ на гэтае пытанне відавочны: у выніку падаўлення народных пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у краіне мае месца глыбокі палітычны крызіс, піша кіраўнік аналітычнага праекта «Belarus Security Blog» Андрэй Паротнікаў на сайце «Свабодных навін плюс».

Жнівеньскае паўстанне: «Камень — зброя пралетарыяту» — адна з самых вядомых скульптур савецкай эпохі, прысвечаная першай рускай рэвалюцыі 1905 года.

Часы сёння іншыя. І пралетарыяту таго ўжо няма. Хоць камень застаецца важкім аргументам, усё ж для вайны культур, якая мае месца ў Беларусі, ён бескарысны. Мы жывём у капіталістычнай сістэме. І найважнейшым рэсурсам у рамках гэтай сістэмы чакана з’яўляюцца грошы.

Менавіта яны — той інструмент, які можа паскорыць змену культурнай нормы ў Беларусі з сельскай на гарадскую. Што з’яўляецца неабходнай умовай дэмантажу існуючай палітычнай сістэмы.

Для любой вайны, у тым ліку і культурнай, значэнне мае не сам факт наяўнасці рэсурсу, а здольнасць мабілізаваць гэты рэсурс для пашырэння ўласнай прысутнасці і дамінавання. Прычым не разава, а на рэгулярнай аснове.

Паспрабуем разабрацца з патэнцыялам носьбітаў новай гарадской культуры і даступным інструментарыем для задзейнічання гэтага патэнцыялу.


Рэсурсная база гарадской культуры

На кастрычнік 2020 года больш за мільён гарадскіх жыхароў хоць бы раз выказалі сваю грамадзянскую пазіцыю, прыняўшы ўдзел у пратэстных акцыях. Пра гэта сведчыць даследаванне брытанскага цэнтра «Chatham House». У дадзеным выпадку гаворка ідзе пра паўналетніх гараджан, большасць з якіх знаходзіцца ў працаздольным узросце.

Прадметам даследавання не з’яўлялася пытанне дастатку ўдзельнікаў пратэсту. Так, візуальна асноўную масу пратэстоўцаў складаў добра адукаваны сярэдні клас з адпаведным узроўнем даходаў. Але будзем зыходзіць з таго, што там быў зрэз беларускага грамадства.

Гэта значыць, што блізу 700 тыс. удзельнікаў пратэсту знаходзяцца ў працаздольным узросце, маючы сярэдні заробак пасля ўсіх вылікаў блізу 1105 рублёў. І яшчэ каля 300 тыс. — пенсіянеры з прыбыткам каля 460 рублёў у месяц. Усяго 911,5 млн. рублёў у месяц. Ці амаль 11 млрд. рублёў у год.

Натуральна, толькі частка гэтых грошай можа быць, скажам так, мабілізаваная на агульную справу.

img_2629_logo_1.jpg


Начынне

Беларусы за апошнія тры гады пасля «антыдармаедскіх» пратэстаў навучыліся хутка мабілізаваць значныя па нашых мерках фінансавыя рэсурсы для дапамогі тым, хто мае патрэбу. Але значэнне маюць не разавыя зборы, хоць яны, безумоўна, важныя, а рэгулярныя дзеянні.

Пры гэтым рэгулярнасць у дадзеным выпадку становіцца важнейшай за суму ахвяравання. Таму што яна спараджае новыя грамадскія правілы: сумесна фінансаваць важныя праекты, не чакаючы, пакуль грошы прыйдуць збоку.

Фонды салідарнасці — адны з найважнейшых інстытутаў новай гарадской культуры. Хоць іх дзейнасць рэгулярна крытыкуецца, той факт, што асноўныя нападкі ідуць з боку рэжыму — знак якасці і выніковасці працы фондаў. Тым не менш, для многіх людзей больш важна даваць грошы наўпрост тым, хто мае патрэбу.

А не ў агульны кацёл, адкуль потым сабраныя рэсурсы размяркоўваюцца, зыходзячы з правілаў, якія не кожнаму чалавеку могуць быць зразумелыя. Для такіх людзей створана мабільнае прыкладанне Digital Solidarity: вы пераводзіце грошы наўпрост канкрэтнаму чалавеку, бачачы абгрунтаванне яго патрэбы ў дапамозе.

Вядома, ва ўмовах палітычных рэпрэсій у першую чаргу ў падтрымцы маюць патрэбу пацярпелыя ад іх і іх сем’і. Але трэба памятаць, што паралельна ёсць людзі, якія працуюць над грамадска важнымі тэмамі, якія могуць і не мець палітычнага складніка, але рухаюць сітуацыю ў патрэбным кірунку. Шмат цікавых і карысных праектаў, якія маюць патрэбу ў падтрымцы, можна знайсці на краўдфандынгавых платформах.

Якую частку сваіх даходаў накіроўваць на рэгулярную дапамогу тым, хто ў ёй мае патрэбу, і не ставіць пры гэтым у слабае становішча сваю сям’ю? У еўрапейскіх краінах шырока распаўсюджана правіла 1%: падаткаплацельшчык можа 1% свайго даходу перадаць на дабрачынныя мэты, і на гэты ж памер будзе паменшаны яго падаходны падатак. 1% ад даходу ўдзельнікаў пратэсту — 110 млн. рублёў у год. Мінімум.

_cihi_pratest___sakavik_2021__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__6__logo_1.jpg


Важным з’яўляецца і прытрымліванне прынцыпу адказнага спажывання. На Захадзе гэта даволі распаўсюджаная практыка, якая звычайна звязана з экалагічнымі і этычнымі фактарамі (выкарыстанне працы зняволеных, эксперыменты над жывёламі і гэтак далей). У Беларусі — з палітычнымі.

Мала хто задумваецца, але кожная пакупка ў краме — гэта галасаванне рублём.

Пастаянна падтрымліваючы адказныя бізнесы праз набыццё іх прадукцыі і паслуг, вы дапамагаеце іх развіццю і стымулюеце іншыя кампаніі пераходзіць на бок дабра. Для лепшай дасведчанасці аб тым, якія бізнесы вартыя вашых грошай, можна скарыстацца мабільным дадаткам Krama.

Не варта чакаць, пакуль палітыкі прапануюць чароўны план хуткай перамогі над рэжымам. Можна дзейнічаць проста зараз, абсалютна легальна, і гэтае дзеянне будзе гарантавана мець пазітыўны вынік.

Для гэтага трэба траціць свае грошы з розумам і рэгулярна падтрымліваць тых, хто мае патрэбу ў дапамозе. Ствараючы тым самым базу для новай, свабоднай Беларусі.