Як беларусы байкатуюць тавары кампаній з «чорнага спісу»

Тэлеканал «Настоящее время» пагаварыў з аўтарам прыкладання «Крама»:Сяргеем Кастрамой пра тое, навошта ён яго стварыў, якія кампаніі ўнёс у чорны спіс і якога эфекту чакае.

311e9d4b_1c54_464c_9feb_35968bc38ee5_w1597_n_r0_st.png


Як з'явілася і як працуе «Крама»

«Дзесьці чатыры тыдні таму ў маёй стужцы Фэйсбуку пачалі гуляць сьпісы тавараў або вытворцаў, якія знаходзіцца ў блізкім коле зь цяперашнім рэжымам у Беларусі, альбо нейкія дзяржаўныя прадпрыемствы, дзе аказваецца ціск на работнікаў. Я пачаў думаць, што, напэўна, вельмі складана запамінаць усе назвы вытворцаў, сачыць за гэтым сьпісам», — так Сяргей Кастрама расказвае аб народзінах сваёй ідэі.

Увасобіць яе ён вырашыў у выглядзе мабільнага прыкладаньня, якое правярала б вытворцаў паводле штрыхкодаў: «Тым больш што штрыхкод не займае шмат месца ў тэлефоне, і прыкладаньне можа працаваць без інтэрнэту. Я зьвязаўся са сваім сябрам-праграмістам, апісаў яму тэхнічнае заданьне, ён сказаў, што гэта вельмі нескладана — галоўнае, знайсьці гэтыя штрыхкоды. Гэта аказалася трохі цяжкаватым, але ў выніку з адкрытых крыніц я знайшоў тыя штрыхкоды, якія патрэбныя. Зразумеў, што нам ня трэба ведаць усё пра кожны тавар, нам трэба ведаць толькі вытворцаў, а з штрыхкода гэта лёгка прачытаць. Я стварыў базу, а мой сябар-праграміст зрабіў праграму».

Прыкладаньне выклалі для запампоўкі ў пачатку верасьня, 13-га яго адобрылі для сваіх плятформаў Apple і Google. 14 верасьня Сяргей напісаў у Фэйсбуку аб новым інструмэнце: «Вы прыходзьце ў краму — скануеце штрыхкод (ці ўводзіце першыя 7 лічбаў), і „Крама“ вам кажа: „Бяры сьмела“ або „Задумайся“».

«З 15-га чысла, я заўважыў, пайшлі ўстаноўкі, — распавядае Кастрама. — Актыўных установак на Android дзесьці 45 зь нечым тысяч, на Apple актыўна ўстаноўлена дзесьці каля 20 тысяч. Пакуль вялікага адтоку мы не заўважылі ў працэнтных суадносінах — гэта недзе 2% плюс-мінус. І мы пакуль не займаліся раскруткай».

У камандзе распрацоўшчыкаў-энтузіястаў тры чалавекі. Гэта аўтар ідэі Сяргей (юрыст па адукацыі) і двое яго знаёмых — той самы праграміст і дызайнэр: «Зьявіўся чалавек, які дапаможа з тым, каб наша праграма выглядала трохі больш сучасна». Над «Крамай» усе трое працуюць у вольны ад асноўнай працы час і манэтызаваць прыкладаньне пакуль ніяк не плянуюць.

«​Без Андрэя»​. Чэскае прыкладанне, якое натхніла беларусаў

Сяргей Кастрама даўно жыве ў Празе і, вядома, ствараючы прыкладаньне для пратэстна настроеных беларусаў, ведаў аб прыкладаньні «Без Андрэя» (Bez Andreje) у Чэхіі. Яго распрацавалі апанэнты дзейнага прэм’ер-міністра краіны і даляравага мільярдэра Андрэя Бабіша.

Прэтэнзіі апанэнтаў да Бабіша заключаюцца не толькі ў тым, што ён працягвае валодаць буйнымі кампаніямі. Яго падазравалі ў фінансавых махінацыях з датацыямі Эўразьвязу, і паліцыя гатовая была нават выставіць Бабішу абвінавачаньні — але справу закрылі пасьля зьмены міністра юстыцыі. Супраць прэмʼер-міністра ў сталіцы Чэхіі Празе праходзілі некалькі рэкордна буйных мітынгаў, у кожным зь якіх удзельнічалі ня менш за 200 тысяч чалавек. Новыя выбары ў краіне пройдуць у кастрычніку 2020 году.

Пакуль жа апанэнты Бабіша выкарыстоўваюць прыкладаньне «Без Андрэя», калі хочуць выказаць сваю нязгоду яшчэ і эканамічна — не купляць прадукты, якія зроблены кампаніямі яго аграхолдынгу. Для гэтага дастаткова адсканаваць штрыхкоды на ўпакоўцы тавару ў краме. Паводле зьвестак на 2019 г., прыкладаньне спампавалі больш за 230 тысяч чалавек (насельніцтва Чэхіі — 10,5 млн чалавек).

Якія кампаніі трапляюць у беларускі «​чорны спіс»​

Калі ў Чэхіі ў базу штрыхкодаў «Без Андрэя» трапляе прадукцыя кампаній Agrofert, то ў беларускім прыкладаньні гаворка ідзе пра тыя тавары, якія вырабляюць кампаніі, «якія належаць асобам, афіляваным з блізкім колам Аляксандра Лукашэнкі», кажа Сяргей Кастрама. Ён падкрэсьлівае, што фармуе гэты чорны сьпіс ня сам: удзельнікі пратэстаў, абʼядноўваючыся, выкладаюць у групы ў сацсетках інфармацыю аб тым, як той ці іншы бізнэсмэн або кампанія зьвязаны з Лукашэнкам, — грунтуючыся на журналісцкіх расьсьледаваньнях або адкрытых крыніцах.

«У чорны сьпіс беларусы ўключаюць кампаніі буйных бізнэсоўцаў, набліжаныя да сямʼі Лукашэнкі. Такія, прыкладам, як Машэнскі або Алексін», — кажа Кастрама.

Згаданы ім Аляксандр Машэнскі валодае групай кампаній «​Санта-Брэмар», якая абʼядноўвае больш за дваццаць прадуктовых брэндаў (напрыклад, «Рускае мора», «Маціяс», «Савушкін прадукт»), а таксама кампаніямі-рытэйлерамі, гасьцініцамі і рэстаранамі, дэвэлопэрскімі кампаніямі. Машэнскі ўзначальвае рэйтынг самых уплывовых бізнэсоўцаў Беларусі.

Аляксей Алексін — у мінулым беларускі дзяржаўны службовец, а цяпер бізнэсмэн, які валодае кампаніямі, якія займаюцца аптовым гандлем нафтапрадуктамі. Самы вядомы і скандальны актыў Алексіна зьвязаны з вытворчасьцю і продажам тытуню: бізнэсоўцу належыць тытунёвая фабрыка ў Гродне, у яго кампаніі ёсьць ліцэнзія на імпарт тытуню (адзінай, акрамя дзяржкампаніі «​Беларусьгандаль»), і яго кампанія ўсталёўвае сетку гандлёвых пунктаў «​Табакерка» па ўсёй краіне — што выклікала абурэньне жыхароў, пэтыцыі супраць асобных тытунёвых шапікаў і беспасьпяховыя спробы зьвяртацца ў Міністэрства аховы здароўя.

«​Другое — гэта тавары, створаныя альбо перапрацаваныя ў дзяржаўных прадпрыемствах, дзе якім-небудзь чынам прымушаліся работнікі да датэрміновага галасаваньня, альбо звальняліся работнікі за выказваньне свайго меркаваньня, — працягвае аўтар прыкладаньня «​Крама». — Мы зыходзім з таго, што можна знайсьці ў адкрытых крыніцах — гэта афіцыйныя сайты гэтых прадпрыемстваў, паведамленьні ў беларускіх і іншых паважаных мэдыях пра тое, як сябе паводзіць кіраўніцтва гэтых прадпрыемстваў з супрацоўнікамі».

Акрамя таго, у базу дадзеных ён уносіць штрыхкоды тых прадпрыемстваў, якія пасьля 9 жніўня 2020 году рэклямуюць свае тавары на дзяржаўным тэлебачаньні: «Паколькі быў заклік не рэклямавацца пасьля 9 жніўня на дзяржаўным тэлебачаньні ў сувязі зь вядомымі падзеямі».

«Чацьвёртае — гэта тавары, якія створаныя на прадпрыемствах Галоўнага гаспадарчага ўпраўленьня пры прэзыдэнце. Пятае — гэта цыгарэты, шостае — гэта алькаголь, таму што цяпер паліць і піць вельмі шкодна ня толькі для свайго здароўя, але і для здароўя навакольных», — кажа Сяргей.

Галоўнае гаспадарчае ўпраўленьне пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь, аб якім ён згадвае, вядзе рознага роду камэрцыйную дзейнасьць: здае ў арэнду нерухомасьць, аказвае паслугі насельніцтву (інтэрнэт-правайдэры, атэлье і іншыя), а таксама валодае сярод іншага сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі.

«Напрыклад, мінэральная вада “Баравая" — пра яе вельмі шмат гавораць. Яна робіцца кампаніяй, падкантрольнай Галоўнаму гаспадарчаму ўпраўленьню пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь — кампаніяй "Беларусьгандаль". Гэта ўсе ведаюць. Калі мы не ўключылі гэтую ваду — нам адразу пачалі пісаць: чаму яе няма? Або чаму няма тавараў, якія вырабляюцца найбуйнейшым апэратарам рытэйлераў у Беларусі? Паколькі гэтым апэратарам парушаліся правы работнікаў і работнікам паступалі пагрозы, што калі яны будуць удзельнічаць у мірных акцыях, то іх будуць звальняць. Мы адразу выправілі гэтую сытуацыю, і цяпер гэтая кампанія знаходзіцца ў сьпісах, і карыстальнікі могуць яе праверыць», — распавядае Кастрама.

Калі карыстальнік ня згодны ці хоча падрабязьней даведацца, чаму тая ці іншая кампанія патрапіла ў сьпіс, распрацоўшчыкі прыкладаньня прапануюць напісаць на ўказаны паштовы адрас.

Этыка і эканоміка: чаго хочуць дамагчыся аўтары прыкладання

Сяргей распавядае, што карыстальнікі актыўна карыстаюцца магчымасьцю зваротнай сувязі: у асноўным пытаюцца, чаму той ці іншы тавар яшчэ ня ў чорным сьпісе. Ёсьць і тыя, хто прапаноўвае памяняць інтэрфэйс або дызайн. «Многія проста дзякуюць, што нарэшце зьявіўся інструмэнт, які дазваляе хутка зразумець, што ўсё ж такі ня варта купляць, а што варта купляць, каб сумленьне было чыстае і ты не фінансаваў гвалт і катаваньні», — кажа Кастрама.

«Мы зыходзім з таго, што байкот ладзяць людзі. Калі б не было такога інструмэнту, яны ўсё адно б ладзілі. Мы проста дапамагаем тым людзям, якія маюць намер удзельнічаць у байкоце, зрабіць яго з найменшай шкодай для сябе, меншымі стратамі часу, стратамі нейкага настрою — у многіх пагаршаецца настрой, калі яны ня могуць доўга зрабіць выбар у краме».

Сяргей дадае, што хоча разьвіваць прыкладаньне, ствараючы вакол яго суполку, удзельнікі якой ня толькі байкатуюць нейкія тавары, але і дзеляцца інфармацыяй аб этычных прыватных вытворцах, якія не парушаюць ніякіх прававых або іншых нормаў.

«Мы разумеем, што давесьці да банкруцтва гэтыя кампаніі немагчыма гэтым прыкладаньнем. Гэтая кампанія дазваляе паслаць сыгнал уладальнікам гэтых кампаній. Калі гэта стане вельмі масавым і па ўсёй Беларусі ўсе будуць выкарыстоўваць такі спосаб мірнага пратэсту, то, вядома ж, можна дасягнуць нейкага эканамічнага эфэкту. Але мы зыходзім з таго, што 100% насельніцтва ня будзе выкарыстоўваць наша прыкладаньне — мы рэалісты».

Кастрама ўпэўнены, што нават у выпадку шалёнай папулярнасьці «Крамы» эканамічны байкот нашкодзіць толькі ўладальнікам прадпрыемстваў, а ня людзям, якія на іх працуюць: «Калі пасылаецца такі сыгнал работнікам, што іх прадукцыю ня хочуць купляць грамадзяне Беларусі — абсалютная большасьць, — тады яны задумаюцца, хто валодае іх кампаніяй. Мы ўпэўненыя, што ў гэтым выпадку працоўныя зьвернуцца да свайго кіраўніцтва або ўладальніка і зададуць яму пытаньне: чаму ён мае такую грамадзянскую пазыцыю, а ня іншую, калі абсалютная большасьць грамадзян Беларусі хочуць пераменаў? Чаму ўладальнікі ня выкажуцца адкрыта, што яны таксама хочуць пераменаў і хочуць жыць у вольнай і шчасьлівай Беларусі? Мы ўпэўненыя, што такім чынам мы не нашкодзім работнікам ніякім спосабам. Мы можам нашкодзіць толькі маральнаму абліччу ўладальнікаў гэтай кампаніі». Паводле Радыё Свабода