«Пара стрэлаў у галаву». МУС апублікавала запісы на 102 — нібыта людзі масава незадаволеныя пратэстамі
У МУС кажуць, што па тэлефоне 102 актыўна тэлефануюць мінчукі, якія незадаволеныя дзеяннямі пратэстоўцаў, яны просяць спыніць беспарадкі, паведамляе tut.by.
У афіцыйным тэлеграм-канале і на сайце міліцыі апублікавалі запіс размоў. Ведамства кажа, што за апошнія суткі ў сталічную міліцыю звярнулася некалькі сотняў чалавек з просьбай спыніць беспарадкі. Часам званкі суправаджаюцца абразамі і просьбамі прымяніць сілу.
Напрыклад, адзін 42-гадовы сем'янін скардзіцца на «хадуноў», з-за якіх ён павінен дабірацца з працы паўтары гадзіны, у той час як звычайна на гэта сыходзіць 15 хвілін.
Яшчэ адзін з тых, хто патэлефанаваў, скардзіўся, што на працягу 40 хвілін натоўп блакаваў скрыжаванне на вуліцах Няміга і Гарадскі Вал.
— Весь транспорт стоит — ни одного милиционера. Неужели нельзя найти человек 10 с дубинами?! Они же, подлецы, разбегутся за 10 минут, — на гэтым цытата заканчваецца.
Яшчэ адна жанчына, якая звярнулася на лінію 102, пытаецца ў дыспетчара, ці прыедзе на Нямігу брыгада, «каб паганяць» прысутных там.
— Невозможно в квартире находиться! Они перекрыли всю дорогу, они перекрыли все, что только можно, — сказала жанчына.
Паводле інфармацыі міліцыі, некаторыя кіроўцы скардзіліся, што пратэстоўцы б'юць машыны, перакрываюць дарогу.
Відэа з запісамі размоў на канале МУС у ютубе спачатку выдалілі, потым залілі зноў — у ледзь скарочаным варыянце.