«Улада трымаецца за кошт сілавых структур, якім шчодра плацяць. Але хутка грошы скончацца»

Алег Волчак даў ацэнку дзеянням сілавікоў на акцыях пратэсту. І патлумачыў, ці варта ўцякаць, калі за табой гоніцца АМАП.

img_20200906_155656_logo.jpg

— Тое, што адбываецца цяпер у Мінску пры затрыманнях, я лічу адназначным перавышэннем службовых паўнамоцтваў, — сказаў "Салідарнасці" былы следчы пракуратуры, праваабаронца Алег Волчак.

Тлумачачы сваю пазіцыю, Алег Волчак спасылаецца на закон "Аб органах унутраных спраў", у якім выразна прапісаныя ўмовы прымянення фізічнай сілы і спецсродкаў.

Першае: пры затрыманні супрацоўнікі павінны быць у форме, абавязаны прадставіцца і растлумачыць грамадзянам іх правы.

Другое: прымяненне фізічнай сілы і спецсродкаў забаронена ў адносінах да жанчын, дзяцей, падлеткаў, пажылых людзей.

Трэцяе: ёсць інструкцыя па ўжыванні гумовай дубінкі. Нельга наносіць ўдары ў жыццёва важныя органы, галаву, вобласць сэрца, печані і іншыя.

Сілавікі б'юць куды папала, што прыводзіць да цяжкіх траўмаў. Учора (23 верасня) адзін з пацярпелых атрымаў сур'ёзную траўму галавы, — кажа праваабаронца.

Алег Волчак падкрэслівае, што закон дазваляе праваахоўнікам прымяняць фізічную сілу або спецсродкі толькі ў тым выпадку, калі ім самім пагражае небяспека.

Але мы бачым на відэа, што менавіта яны бягуць і нападаюць, б'юць тых, хто ляжыць на зямлі, тых, хто не супраціўляецца. Ім пры гэтым зусім нічога не пагражае.

Варта ўлічваць і тое, што любы пратэст мае права патрабаваць абароны сваіх правоў. Ва ўсіх краінах паліцэйскія пачынаюць атакаваць пратэстоўцаў тады, калі бачаць неправамерныя дзеянні, што пагражаюць ім і навакольным, напрыклад, падпалы, пагромы. Гэта ніяк нельга суаднесці з нашай самай культурнай рэвалюцыяй, — упэўнены Алег Волчак.

Паводле ягоных звестак, у Беларусі за паўтара месяца пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў больш за 13 тысяч чалавек былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці.

— Да гэтай лічбы трэба дадаць мноства людзей, якія да нас звяртаюцца ў сувязі з тым, што іх затрымлівалі на 10–12 гадзін, а потым адпускалі без пратаколаў. Гэта яшчэ каля 5–6 тысяч чалавек.

Праваабаронца лічыць, што ва ўмовах, калі фактычна не рэалізуюцца правы абароны і свабодаў грамадзян, у выпадку сутыкнення з сілавымі структурамі падчас акцый пратэсту лепш паспрабаваць уцячы.

— Са спосабаў абароны самае простае — уцякаць, мяняць кірунак маршруту і, калі не атрымалася ўцячы, спрабаваць ухіляцца ад удараў. Так, некаторыя раяць не бегчы, але я не прыхільнік тактыкі «стаяць і чакаць», таму што было дастаткова выпадкаў, калі людзі проста стаялі на прыпынку, і на іх беглі і забіралі, — мяркуе Алег Волчак.

Ён канстатуе, што ў краіне, дзе ўсе перасталі выконваць функцыі па абароне грамадзян і грамадства ў цэлым, адбылася дэградацыя праваахоўных органаў.

— Трэба пісаць скаргі пракурору і ў Следчы камітэт, хоць людзі ўжо не вераць і гэтым органам.

Відавочна, што ўлада трымаецца толькі за кошт сілавых структур, якім шчодра плаціць. Гэта велізарныя грошы, і яны хутка скончацца.

Так, пакуль сілавікі кансалідаваныя, але рана ці позна ўсё роўна іх прарве. І куды тады бегчы, хто іх схавае? Выдаткі на пераезд іх сем'яў ім ніхто не аплаціць, — кажа эксперт.

23 верасня ўвечары ў шэрагу гарадоў Беларусі прайшлі масавыя акцыі пратэсту пасля інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі. У выніку жорсткіх разгонаў сотні чалавек атрымалі траўмы, некаторых даставілі ў бальніцы.

Паводле звестак МУС Беларусі, 364 чалавекі былі затрыманыя ў дзень інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі (з іх у Мінску — 252). 320 чалавек знаходзяцца ў ІЧУ да суда.

Паводле gazetaby.cot.lt