Гродзенец пераплыў Нёман, каб выратавацца ад міліцыі. Але яго затрымалі
Увечары 23 верасня ў цэнтры Гродна чалавек, уцякаючы ад міліцыі, скокнуў у Нёман. Калі ён пераплыў раку, яго затрымалі. Пра гэта распавёў Hrodna.life чытач Мікалай, які стаў сведкам падзеі.
«Мы з сябрам сядзелі на задняй частцы драмтэатра. Я звярнуў увагу, што ўнізе стаялі людзі ў форме. Праз некаторы час на тэрыторыю тэатра пад'ехаў бус і забраў некалькі амапаўцаў, але пры гэтым некалькі яшчэ заставалася. Пасля гэтага я звярнуў увагу на сілуэт у Нёмане. Спачатку мы з сябрам падумалі, што чалавек тоне. Як потым аказалася, ён проста дрэнна плаваў».
Мікалай адзначае, што чалавек каля 10 хвілін спрабаваў пераплысці Нёман, а калі даплыў да берага, яго затрымала міліцыя.
«Пад'ехаў бус і побач з буаом бегла яшчэ 5-6 амапаўцаў. І так як хлопец быў ужо знясілены з-за халоднай вады і плыні, ён не змог ад іх уцячы», — дадаў Мікалай.
Чытачы Hrodna.life пазналі ў гродзенцу акцёра Тэатра лялек і музыкі Аляксандра Рацько.
Гэта ўжо другі выпадак у верасні, калі гродзенец уцякае ад міліцыі ў раку. 13 верасня Віктар Касцюк выйшаў у цэнтр Гродна ў майцы з нацыянальнай сімволікай і са сцягам. Яго паспрабавалі затрымаць супрацоўнікі міліцыі. Ён вымушаны быў уцякаць і, каб выратавацца ад пераследу, пераплыў Нёман. Выбрацца з ракі Віктару дапамаглі выпадковыя мінакі. Яго не затрымалі.
hrodna.life