Генпракуратуру просяць праверыць законнасць забудовы тэрыторыі ля Курапат
Ініцыятыва "За ўратаванне Курапатаў" лічыць, што горадабудаўнічы праект дэталёвага планавання тэрыторыі ў межах мемарыяла “Курапаты” — МКАД — мясцовы праезд — а/д Калодзішчы-Заслаўе — мяжа мемарыялу “Курапаты” распрацаваны з парушэннямі заканадаўства.
"Праект фактычна накіраваны на легітымізацыю на тэрыторыі зон аховы мемарыялу “Курапаты” ўжо пабудаваных з парушэннем парадку распрацоўкі праектнай дакументацыі аб’ектаў", — пішуць аўтары звароту ў Генеральную пракуратуру.
Паводле ініцыятывы "За ўратаванне Курапатаў", асноўных парушэнняў — тры. Па-першае, праект парушае нормы Закона “Аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь” адносна парадку распрацоўкі праектнай дакументацыі; па-другое, праект распрацаваны без уліку ўстаноўленых зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці, якой з’яўляецца “Месца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій 30-40 гадоў XХ стагоддзя ва ўрочышчы Курапаты” (далей — мемарыял “Курапаты”).
Трэцім парушэннем з'яўляецца тое, што насуперак заканадаўству ў складзе праекта адсутнічаюць тэкставыя матэрыялы.
"Мы лічым, што кругавая парука чыноўнікаў Мінкультуры, Мінархітэктуры, мінскага аблвыканкама, райвыканкама, “Мінскграда”, бізнесоўцаў “Белнаватэксгруп”,”БелРэстІнвест” — гэта злоўжыванне службовым палажэннем з элементамі карупцыі. Не хацелася б уключаць у гэтую схему і Генеральную пракуратуру.
Мы будзем звяртацца ў КДК з патрабаваннем аб дасканалай праверцы дзейнасці гэтых дзяржаўных і бізнес-структураў, вызначэнні іх асабістай ролі ў будаўніцтве забаўляльнага комплекса на тэрыторыі асаблівага дзяржаўнага рэгулявання, тэрыторыі ахоўных зон мемарыяла, ў зацікаўленнасці імі змяньшэння ахоўных зон помніка 1-й катэгорыі міжнароднай значнасці “Месца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій 30-40 гадоў XХ стагоддзя ва ўрочышчы Курапаты”, — падсумоўваюць у сваім лісце актывісты ініцыятывы "За ўратаванне Курапатаў".
Генеральная пракуратура мусіць даць адказ цягам 15 дзён.