Гомельскія актывісты просяць КДК праверыць законнасць узвядзення жылога дома на месцы драўлянай забудовы

11 красавіка каардынатар грамадзянскай кампаніі "Наш дом" Андрэй Аксёнаў і старшыня Гомельскай абласной маладзёжнай краязнаўчай арганізацыі "Талака" Яўген Меркіс звярнуліся з заявай у Камітэт дзяржкантролю Гомельскай вобласці.



zabudova_pa_valat.jpg

Валатоўка

Яны просяць кіраўніцтва КДК праверыць законнасць рашэння Гомельскага гарвыканкама аб выдзяленні таварыству з абмежаванай адказнасцю "Электрапрам" зямельнага ўчастку для будаўніцтва жылога дома без правядзення аўкцыёну, абавязаць гарвыканкам выканаць патрабаванні артыкула 22 закона "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны". Таксама актывісты просяць КДК прыцягнуць ТАА "Электрапрам" да адміністрацыйнай адказнасці, прыпыніць вытворчасць будаўнічых работ па ўзвядзенні жылога дома па вуліцы Валатоўскай у Гомелі (забудоўшчык — ТАА "Электрапрам") да разгляду скаргі па сутнасці.
 

Гаворка ідзе пра будаўніцтва шматкватэрнага дома на вуліцы Валатоўскай, у сувязі з чым зносіцца ўнікальная драўляная забудова.
 

Як паведаміў БелаПАН Аксёнаў, заяўнікі лічаць, што рашэнне Гомельскага гарвыканкама аб выдзяленні "Электрапраму" (забудоўшчыку) зямельнага ўчастку для будаўніцтва жылога дома без правядзення аўкцыёну незаконнае.
 

У адпаведнасці з указам прэзідэнта "Аб канфіскацыі і даванні зямельных участкаў", без правядзення аўкцыёну зямельныя ўчасткі выдзяляюцца ў пастаяннае і (ці) у часовае карыстанне юрыдычным асобам для будаўніцтва шматкватэрных жылых дамоў — за выключэннем жылых дамоў павышанай камфортнасці. А ў сілу патрабаванняў гэтага ўказа дом, які будуе "Электрапрам" па вуліцы Валатоўскай у Гомелі, з'яўляецца жылым домам павышанай камфортнасці. Такім чынам, лічаць заяўнікі, зямельны ўчастак для будаўніцтва ўказанага жылога дома не мог быць выдзелены гарвыканкамам без правядзення аўкцыёну, а праектная дэкларацыя, апублікаваная "Электрапрамам", утрымоўвае недакладныя звесткі ў частцы аднясення жылога дома да катэгорыі жылля тыпавых спажывецкіх якасцяў.
 

Актывісты пішуць у заяве, што будаўніцтва жылога дома суправаджаецца грубымі парушэннямі дзейнага заканадаўства як з боку забудоўшчыка, так і з боку гарвыканкама. Напрыклад, Мінкультуры да вырашэння пытання аб наданні або ненаданні драўлянай забудове статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці праінфармавала гарвыканкам аб прыпыненні любых відаў дзейнасці, якія могуць пагражаць захаванасці аб'екта, да прыняцця рашэння па аб'екце.
 

Аднак гэта патрабаванне заканадаўства было праігнаравана, будаўнічыя работы са снежня 2012 года па сакавік 2013 года працягваліся.
 

"У гэтай няпростай сітуацыі з разбурэннем унікальнай забудовы гарвыканкам умыў рукі і самаўхіліўся ад вырашэння праблемы. Спадзяемся, органы кантролю звернуць увагу на парушэнні заканадаўства і прымуць меры", — падкрэсліў Аксёнаў.

Алена Германовіч, БелаПАН