“Кірмаш праектаў” у Гомелі: пешаходная вуліца, арт-вёска і сцяна жаданняў

Якія смелыя ідэі культурніцкіх праектаў жывуць у галовах гамельчукоў? Пра што мараць, якім бачаць развіццё горада над Сожам яго жыхары? Адказы на гэтыя пытанні прагучалі падчас “Кірмашу праектаў”, арганізаванага грамадскай кампаніяй “Будзьма беларусамі!”.



110.jpg

— Нашая сустрэча адбываецца дзеля таго, каб дапамагчы праявіць ініцыятыву тым, каго хвалююць не толькі ўласныя праблемы, пазнаёміць адзін з адным тых невыпадковых людзей, якія змогуць разам зрабіць унёсак у паляпшэнне культурнага жыцця горада! — зазначыла вядучая гомельскага “Кірмашу праектаў” Крысціна Карчэўская.

 

І сапраўды, больш за паўсотні гамельчукоў не паленаваліся прыйсці ў залу Гомельскай гарадской бібліятэкі, каб адчуць, чым дыхае горад ды спрычыніцца да паляпшэння гарадскога жыцця (адны ўдзельнікі сустрэчы прадстаўлялі праекты, іншыя — ацэньвалі прапановы).

 

— У нас цудоўныя, вельмі цікавыя людзі, ствараецца вельмі шмат культурніцкіх праектаў, але рэалізаваць іх, данесці да слухача, чытача, спажыўца — з гэтым праблема. Тое ж самае — з людзьмі. Многія беларусы маюць часам геніяльныя ідэі, але думаюць: ну, што я камусьці буду расказваць пра сваю ідэю, можа, яна гэтага не вартая, каго я знайду сабе ў дапамогу, ды і дзе шукаць? Насамрэч гэта не так. Важна публічна расказаць пра сваю ідэю. Тады пад гэтую ідэю падцягнуцца іншыя людзі, з’явяцца аднадумцы. І гэта прынясе вялікую карысць і асобна ўзятаму гораду, і ўсёй краіне, — падбадзёрыла прысутных каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!” Ніна Шыдлоўская.

 

Агулам у Гомелі было прадстаўлена 11 праектаў. Гэта ідэя аднаўлення замчышча, правядзення паэтычнага фэсту, штогадовага фестывалю творчай моладзі ў вёсцы, этнаграфічна-танцавальных вечарын і сапраўднага ткацкага фэсту, стварэнне “арт-каморы” і сцяны, на якой кожны ахвочы выказваў бы, што ён хоча паспець зрабіць за сваё жыццё, тэатральна-цыркавы праект, гарадскі інтэрнэт-часопіс, праект гомельскага артхаус-кіно і пешаходнай вуліцы. Дарэчы, падчас апошніх прэзентацый некаторыя з аўтараў праектаў ужо разглядалі магчымасць супрацоўніцтва з іншымі гамельчукамі, якія прадставілі свае прапановы на “Кірмашы”.

 

Шмат для каго досвед публічнай прэзентацыі сваіх ідэй і пошуку партнёраў у адкрытым фармаце стаў першым у жыцці. Удзельнікі з цікавасцю слухалі і абмяркоўвалі праекты адзін аднаго, знаходзілі аднадумцаў і магчымасці супольных дзеяў. Для працягу абмеркавання, для якога часу “Кірмашу” не хапіла, створаная суполка ў “Вконтакте”, дзе ўсе прысутныя могуць працягнуць пошук абмен думкамі і тых элементаў, якіх пакуль не хапае.

 

Дыскусійныя пляцоўкі для прэзентацыі сваіх праектаў і іх абмеркавання будуць ладзіцца і ў астатніх гарадах Беларусі. Пасля “Кірмашоў”, што адбыліся ў Гомелі і Магілёве, ”Кірмаш” адбудзецца ў Віцебску 9-га красавіка!

 

Кірмаш праектаў –Гомель. Адзнакі гледачоў

 

№ пп Назва праекта Актуальнасць ідэі Важнасць для мэтавых груп Магчымасць рэалізацыі

1

Фестываль творчай моладзі “Арт-вёска”

8,42

8,56

7,08

2

«Перш чым я памру,  я хачу…»

5,85

6,8

9,2

3

Пешаходная вуліца як цэнтр гарадской вулічнай культуры

8,31

9,16

6,33

4

Танцавальныя этна-вечарыны

6,27

7

8,88

5

Арт-камора

6,54

7

7,24

6

Гарадскі інтэрнэт-часопіс “The Mag”

7,62

8,28

9,29

7

Тэатральна-цыркавы праект “Ікропка”

8,42

8,12

8,48

8

Фестываль “Вулічныя вершы”

6,04

7,84

9,08

9

Праект “Замчышча”

7,73

8,04

5,12

10

Арт-хаус

4,27

4,71

7,26

11

Ткацкі фэст “Кросенцы”

7,96

7,4

8,72

 

Да ведама

 

“Кірмаш праектаў” — месца збору культурніцкіх прапановаў, іх аўтараў і крытыкаў. Праекты збіраюцца з тым, каб усім разам абмеркаваць іх важнасць, актуальнасць і магчымасці рэалізацыі. У планах кампаніі “Будзьма беларусамі!” — стварэнне адмысловай анлайн-пляцоўкі для банку ідэяў, што дэманструюцца аўтарамі для прыцягнення грамадскай увагі і пошуку самай рознай падтрымкі.

 

budzma.org