Магіляўчане лічаць мэтазгодным вяртанне гістарычных назваў вуліцам горада

Працу тапанімічнай камісіі пры Магілёўскім гарвыканкаме па вяртанні вуліцам абласнога цэнтра гістарычных назваў трэба актывізаваць — да такой высновы прыйшлі большасць удзельнікаў ток-шоу па пытаннях гарадской тапанімікі, якое прайшло 29 сакавіка ў будынку магілёўскага "Тэхнапарка".



vietranaja_1.jpg

Запрошаныя ў якасці экспертаў члены тапанімічнай камісіі — выкладчыкі Ігар Пушкін, Леанід Сугака і старшы навуковы супрацоўнік Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея Вольга Чарняўская — адзначалі, што камісія працуе вельмі марудна ў плане прапаноў па вяртанні вуліцам цэнтра горада гістарычных назваў. Разам з тым, паводле іх слоў, гарадскія чыноўнікі не лічаць гэту працу прыярытэтнай і часта не прыслухоўваюцца да рэкамендацый камісіі, якая з'яўляецца дарадчым органам.


Разам з тым вяртанне ў гарадскую тапаніміку назваў Пажарны завулак і вуліца Спаская, а таксама дубліраванне назвы Ленінская гістарычнай назвай Вялікая Садовая трэба разглядаць як пачатак вялікай працы, якую варта актывізаваць, заявіла Чарняўская.
 


Прадстаўнікі ветэранаў, якія выступалі на ток-шоу, казалі пра тое, што цяперашнія назвы і помнікі — гэта гісторыя, з якой нельга вольна абыходзіцца. Прадстаўнікі больш маладога пакалення сцвярджалі, што назвы вуліц гістарычнага цэнтра горада, якія носяць імёны дзеячаў бальшавісцкага руху, з'яўляюцца не столькі праяўленнем гісторыі, колькі бальшавісцкай прапагандай.


У Магілёве ёсць некалькі помнікаў Леніну — чалавеку, які ніколі не быў у горадзе. Разам з тым у горадзе адсутнічаюць помнікі вядомым дзеячам беларускай гісторыі і культуры. Усё гэта выстаўляе культурную сталіцу Беларусі і СНД 2013 года непрываблівым постсавецкім горадам, які нібыта не мае багатай і самабытнай гісторыі, казалі прыхільнікі вяртання гораду тапанімічнай унікальнасці.


Падводзячы вынікі ток-шоу, гісторык Аляксандр Агееў заявіў, што падчас дыскусіі адбылося збліжэнне пазіцый прадстаўнікоў розных поглядаў і пакаленняў, а большасць выступленняў аб'ядноўвала жаданне паскорыць працу тапанімічнай камісіі па вяртанні вуліцам цэнтра Магілёва гістарычных назваў.


Арганізатарам ток-шоу "Магілёўская тапаніміка: марудны працэс у межах закона?" выступіла грамадска-культурная кампанія "Будзьма беларусамі!".

Уладзімір Лапцэвіч, БелаПАН