Група магіляўчан прапаноўвае прадубляваць па-беларуску назвы станцый метро ў расійскіх гарадах
Прыкладна 40 чалавек падпісаліся пад зваротам да пасла Расіі ў Беларусі Аляксандра Сурыкава з прапановай прадубляваць на беларускай мове назвы станцый метро ў расійскіх гарадах.
Як паведаміў БелаПАН ініцыятар збору подпісаў Аляксей Паўлоўскі, ідэя звярнуцца з такой прапановай да прадстаўніка расійскай дзяржавы ўзнікла пасля заявы намесніка старшыні Мінскага гарвыканкама
Ігара Карпенкі аб мэтазгоднасці замены шыльдаў у Мінскім метрапалітэне і дабаўленні туды надпісаў на рускай мове.
"У нас адна з Расіяй Саюзная дзяржава, і каб і Беларусь, і Расія былі ў ёй роўныя, неабходна ў расійскім метро дубляваць надпісы па-беларуску. Гэтым будзе прадэманстравана паразуменне і
роўнасць паміж нашымі народамі", — лічыць Паўлоўскі.
Ініцыятар звароту перакананы, што многія тысячы беларусаў, якія пастаянна працуюць у Маскве і Санкт-Пецярбургу або адправіліся туды на часовыя заробкі, бачачы ў метро надпісы па-беларуску, будуць адчуваць сябе як дома.
Уладзімір Лапцэвіч, БелаПАН