Магілёў: пачаўся збор подпісаў за ўвядзенне Закона "Аб грамадскіх слуханнях"

Ініцыятарам выступілі актывісты Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады). Сацыял-дэмакраты лічаць, што прыняцце новага закона дэпутатамі парламента зможа сістэматызаваць існуючую юрыдычную тэрміналогію, ужываць дадзены закон ва ўсіх сферах жыццядзейнасці, дзе закранаюцца правы шараговых грамадзян, а таксама пазбегнуць напружанасцяў у месцах сутыкнення інтарэсаў дзяржавы і звычайных людзей.



zvarot_gramadzian.jpg

Сябра Прэзідыума БСДП ад Магілёўскай вобласці Ігар Барысаў лічыць, што прыняцце Закона "Аб грамадскіх слуханнях" істотна знізіць колькасць гэтак званых гарачых кропак, якія час ад часу ўзнікаюць на мапе не толькі Магілёва, аднак і краіны ў цэлым і заключаюцца ў супрацьстаянні інтарэсаў жыхароў і чыноўнікаў.

"У Магілёве ёсць шэраг прыкладаў таго, дзе чыноўнікі не ўлічваюць інтарэсы простых грамадзян. Дастаткова прыгадаць выпадкі ў раёнах "Чапаеўка" і "Юбілейны", а таксама ў вёсцы Нядашава-2 Магілёўскага раёна Магілёўскай вобласці. Тут без удзелу грамадзян прымаліся рашэнні, якія супярэчылі іх інтарэсам. У выніку гэтага адбываліся стыхійныя мітынгі пратэсту, зборы подпісаў, напісанне скаргаў, а ў некаторых выпадках справы разглядаліся ў судзе", — гаворыць Ігар Барысаў.

Сацыял-дэмакрат перакананы, што гэтыя "гарачыя кропкі" ствараліся з-за недасканаласці існуючага заканадаўства, карупцыі і ігнаравання чыноўнікамі законных інтарэсаў грамадзян.

Праваабаронца Барыс Бухель кажа, што Закон "Аб грамадскіх слуханнях" проста жыццёва неабходны.

"Я аналізаваў існуючае заканадаўства. Узгадкі пра "грамадскія слуханні" прысутнічаюць у Водным кодэксе і Кодэксе "Аб Зямлі", а таксама ў экалагічным заканадаўстве.  Паняцце "грамадскае абмеркаванне" прысутнічае ў заканадаўстве аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці. Аднак нейкага агульнага закона, які б цалкам задавольваў патрэбы грамадства і сістэматызаваў існуючыя паняцці, няма", — гаворыць Барыс Бухель.

Нагадаем, што напярэдадні збору подпісаў актывісты БСДП шырока абмяркоўвалі сваю ініцыятыву, у тым ліку праводзілі круглы стол, на якім прысутнічалі актывісты розных грамадскіх арганізацыі і палітычных партый, а таксама жыхары гэтах званых гарачых кропак. Пераважная большасць прысутных тады падтрымала ініцыятыву сацыял-дэмакратаў.
 

spring96.org