У Магілёве пачаліся дні франкафоннага кіно
Афіцыйнае адкрыццё Тыдня франкафоннага кіно адбылося 10 красавіка ў магілёўскім кінатэатры "Космас".
"Штогод у сакавіку традыцыйна праходзіць фестываль франкафоніі. Мы хацелі б, каб у рэгіёнах Беларусі таксама ведалі пра яго, і вырашылі, што шляхам паказаў фільмаў гэта зрабіць прасцей за
ўсё", — заявіла БелаПАН аташэ па адукацыі і лінгвістыцы, намеснік аташэ па культуры пасольства Францыі ў Беларусі Клер-Эліз Юбер.
Упершыню дні франкафоннага кіно ў Магілёве прайшлі восенню 2012 года. Мяркуецца, што цяпер яны будуць праходзіць вясной.
Кінапаказы цяперашняга Тыдня франкафоннага кіно пройдуць у малой зале кінатэатра "Радзіма" з 11 па 16 красавіка. Сёлета кінапраграма ўключае восем разнажанравых карцін. Акрамя
фільмаў з франкафонных краін гледачы змогуць убачыць па адным фільме з Балгарыі і Румыніі.
"У Румыніі 25% насельніцтва размаўляюць па-французску. У іх вельмі моцная школа і вельмі цесныя адносіны з Францыяй, якія склаліся гістарычна. З Балгарыяй таксама цесныя адносіны, і там
актыўна вывучаецца французская мова", — растлумачыла Юбер.
Магіляўчане змогуць убачыць мастацкія стужкі "Чалавек, які крычыць" (рэжысёр Махамат-Салех Харун), "Бацька маіх дзяцей" (Міа Хансен-Лёве), "Аванці!"
(Эманюэль Антый), "Пасля канца свету" (Іван Нічаў), "Гульня кахання і выпадку" (Алена Хазанава, Жан Льерм'е), "Тыя, хто застаюцца" (Анн Лё Ні),
"Усё астатняе — гэта маўчанне" (Нае Каранфіл) і мультфільм "Керыці, жыллё казак" (Дамінік Манферы).
"Тэмы фільмаў самыя разнастайныя, але ўсе карціны вельмі сур'ёзныя, паказваюць праблемы, якія прымушаюць задумацца. Ёсць таксама адзін мультфільм, які можна паглядзець усёй
сям'ёй", — адзначыла прадстаўніца французскага пасольства. Затым фільмы будуць паказаны ў іншых гарадах Беларусі.
Арганізатарам Тыдня франкафоннага кіно выступіў аддзел супрацоўніцтва і культуры пасольства Францыі сумесна з пасольствамі Балгарыі і Румыніі ў Беларусі, а таксама з аддзяленнем пасольства Швейцарыі ў Мінску.
Уладзімір Лапцэвіч, БелаПАН