“Больш Еўропы для Беларусі”
Сумесная заява лідараў Руху “За Свабоду”, Грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» і Партыі БНФ.
Рух “За Свабоду”, Грамадзянская кампанія «Гавары праўду» і Партыя БНФ лічаць неабходным аб'яднаць намаганні для абароны і прасоўвання інтарэсаў грамадзянаў Беларусі і ўмацавання суверэнітэту краіны.
Мы ўпэўненыя, што толькі вяртанне да паўнавартаснага дыялогу і супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Еўрапейскім Саюзам істотна пашырыць магчымасці нашай краіны і грамадства для мадэрнізацыі і пабудовы дэмакратычнага ладу.
Мы зыходзім з таго, што паўнавартасны дыялог магчымы толькі пасля вызвалення палітычных вязьняў, уключаючы спыненне дзеяння судовых рашэнняў у дачыненні да ўмоўна асуджаных і асуджаных з адтэрміноўкай выканання прысуду. У той жа час, мы лічым, што для ўмацавання стабільнасці ў рэгіёне і незалежнасці нашай краіны Еўрапейскі Саюз ужо цяпер можа распачаць шэраг крокаў, якія адначасова будуць спрыяць большай адкрытасці беларускага грамадства і правядзенню неадкладных эканамічных рэформаў.
Мы заклікаем ЕС у аднабаковым парадку:
- Максімальна спрасціць візавы рэжым для грамадзян Беларусі, зыходзячы з магчымасцяў, якія дае Візавы кодэкс ЕС, з далейшым поўным скасаваннем консульскага збору за выдачу шэнгенскіх візаў;
- Выявіць ініцыятыву і пачаць практычную рэалізацыю ў дачыненні да грамадзян Беларусі ўмоваў пагаднення аб малым памежным руху з Беларуссю ў 50км зоне на мяжы з Польшчай і Літвой;
- Спрасціць для малога і сярэдняга бізнесу правілы стварэння і функцыянавання ў ЕС сумесных беларуска-еўрапейскіх прадпрыемстваў;
- Пашырыць магчымасці для беларусаў атрымліваць еўрапейскую адукацыю, у тым ліку шляхам поўнафарматнага доступу беларускіх студэнтаў да ўдзелу ў праграме ERASMUS, павелічэння квотаў для беларусаў на бакалаўрскіх і магістарскіх праграмах еўрапейскіх універсітэтаў; прафесійных стажыровак у дзяржаўных структурах краінаў Еўрасаюза, НДА і фабрыках думкі; пашырэння даследчых праграмаў, накіраваных на вывучэнне Беларусі, а таксама істотнага пашырэння праграмаў абмену для прадстаўнікоў бізнесу, дзяржаўных структур, навуковых арганізацый, грамадзянскага і палітычнага сектараў.
- Пашырыць падтрымку арганізацый грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных сілаў, якія працуюць ўнутры Беларусі.
Мы прапануем, у выпадку выканання ўрадам Беларусі раней адзначаных умоваў і аднаўлення паўнавартаснага дыялогу з ЕС, вярнуцца да перамоваў з афіцыйным Мінскам у межах «Сумеснага часовага плану» (кансультацыі былі распачатыя восенню 2010 года), што будзе спрыяць мадэрнізацыі і лібералізацыі Беларусі .
Мы падтрымаем любыя дзеянні, якія будуць адпавядаць прынцыпу — «больш Еўропы для Беларусі і беларусаў».
Мы заклікаем Еўрапейскі Саюз:
- Спрыяць набліжэнню Беларусі да еўрапейскіх стандартаў у розных галінах, кіруючыся жаданнямі яе грамадзянаў і нягледзячы на супрацьдзеянне ўладнай эліты;
- Не гуляць па правілах, устаноўленых беларускімі ўладамі, не чакаць рашэнняў беларускіх уладаў там, дзе ЕС можа прымаць уласныя рашэнні.
Мы ўсімі сіламі падтрымліваем ініцыятыву «Еўрапейскі Дыялог аб мадэрнізацыі» з беларускім грамадствам і заклікаем улады Беларусі неадкладна далучыцца да яе рэалізацыі.
Заклікаем дэмакратычную супольнасць Беларусі ўсяляк спрыяць здзяйсненню Еўрапейскім Саюзам салідарных дзеянняў, якія спрыяюць правядзенню дэмакратычных і рынкавых рэформаў у Беларусі і садзейнічаюць руху краіны да еўрапейскіх стандартаў.
Аляксандр Мілінкевіч, лідар Руху «За Свабоду»
Уладзімір Някляеў, лідар кампаніі «Гавары праўду»
Аляксей Янукевіч, лідар Партыі БНФ