Хронікі рэпрэсій. Рыгора Кастусёва пазбавілі спатканняў і забралі чарнавік кнігі
З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 15-16 ліпеня.
Сёння палітзняволены
палітык Рыгор Кастусёў з калоніі патэлефанаваў да жонкі. Палітвязень распавёў,
што яго не толькі пазбавілі спатканняў, але і забралі асабістыя запісы, у тым
ліку чарнавік кнігі і адрасы для ліставання.
Нагадаем, Рыгор быў затрыманы 12 красавіка 2021 года ў Шклове. Разам з ім па справе аб "захопе ўлады" праходзілі Аляксандар Фядута, Вольга Галубовіч, Дзяніс Краўчук і Юры Зянковіч. Яго абвінавацілі паводле арт. 357 КК ("Змова ці іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады"). 5 верасня суддзя Уладзімір Арэшка прызнаў Рыгора Кастусёва вінаватым і прысудзіў яму 10 гадоў зняволення ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. 9 снежня МУС дадала палітвязня ў «спіс экстрэмістаў».
У судзе
Лунінецкага раёна у выязным пасяджэнні ў будынку РАУС вынесены прысуд
43-гадоваму жыхару Мікашэвічаў Дзмітрыю Сафановічу. Справу разглядала суддзя
Святлана Братанава.
Мужчыну 27 лютага затрымалі і змясцілі пад варту, дзе ён правёў больш за 3 месяцы.
Сафановіча абвінавацілі ў тым, што 25 кастрычніка 2020 года ён напісаў у тэлеграм-чаце паведамленні з заклікам перакрываць дарогі. Таксама Дзмітрыя абвінавацілі ў публічным паклёпе на Лукашэнку.
У выніку суддзя прызначыла Сафановічу два гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Палітвязень Алег
Рубец зноў у ШІЗА. У чэрвені 2022 года па рашэнні наваполацкай суддзі Вольгі
Баліка палітзняволенага пінчука Алега Рубца перавялі на тры гады з калоніі ў
жодзінскую турму № 8. Агулам у штрафным ізалятары за апошні год яго ўтрымлівалі
амаль 200 сутак.
Нагадаем, Рубца затрымалі 10 жніўня 2020 года за ўдзел у масавых беспарадках у ноч на 10 жніўня ў Пінску (ч. 2 арт. 293 КК). Пры затрыманні быў моцна збіты. 30 красавіка Рубцу прысудзілі 5,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
13 ліпеня на
працы быў затрыманы 36-гадовы жыхар Ліды Сяргей Сарока. 14 ліпеня адбыўся суд
па адміністрацыйнай справе. Сяргею прызначылі 10 сутак арышту паводле арт.
19.11 КаАП ("Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў") за рэпосты ў тэлеграме ў 2020 годзе.
У судзе
Барысаўскага раёна 23 чэрвеня разглядалася крымінальная справа электраманцёра
Міхаіла Анціпава, якога абвінавацілі ў знявазе дзяржаўнай сімволікі (арт. 370
КК). У справе ёсць незвычайная акалічнасць — у міліцыю пра пашкоджанне сцягоў
паведаміла ягоная маці, а сам ён мае ўкраінскае грамадзянства.
Сведкай у судзе выступіла маці абвінавачанага. Падазраючы, што сын здзейсніў супрацьпраўныя дзеянні ў дачыненні да сцягоў, запатрабавала ад таго звярнуцца ў міліцыю, а таксама сама паведаміла аб тым, што адбылося ўчастковаму інспектару.
Суд пастанавіў прызначыць яму пакаранне ў выглядзе
пазбаўлення волі на тэрмін адзін год і шэсць месяцаў з адбываннем пакарання ў
папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.