«Здароўю Віктара Бабарыкі нібыта нічога не пагражае» — адміністрацыя ПК-1
Ні родныя, ні адвакат не чулі і не бачылі Бабарыкі некалькі месяцаў. Цяпер сваякі здолелі патрапіць на прыём да адміністрацыяй папраўчай калоніі нумар 1 у Наваполацку.
Учора, 17 ліпеня, сваякі Віктара Бабарыкі здолелі паразмаўляць з адміністрацыяй папраўчай калоніі нумар 1 у Наваполацку. Там заявілі, што Бабарыка ў іх, але пабачыць яго не атрымаецца.
Пра вынікі сустрэчы сваякоў з адміністрацыяй паведамілі ў тэлеграм-канале Віктара Бабарыкі
Што паведамілі падчас прыёму?
- Віктар Бабарыка знаходзіцца ў папраўчай калоніі №1.
- Яго змясцілі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ). Туды адпраўляюць за парушэнні і на пэўны тэрмін.
- У ПКТ забароненыя званкі і спатканні, але перапіска можа быць.
- Здароўю Віктара Бабарыкі нібыта нічога не пагражае.
Нагадаем, што ні сваякі, ні адвакат не чулі і не бачылі Віктара Бабарыкі некалькі месяцаў — ад таго часу, як стала вядома, што палітвязень трапіў у бальніцу.
Лістоў ад яго таксама няма, званкі забаранілі. Чаму Бабарыку змясцілі ў ПКТ і як доўга ён будзе там знаходзіцца — невядома.
Віктар Бабарыка быў заяўлены і зацверджаны ў спісе сведак у судзе па справе Эдуарда. Аднак на судовых пасяджэннях ён так і не з'явіўся.