Сімвалічная «хросная» Алеся Пушкіна: Я вельмі спадзявалася, што аднойчы мы сустрэнемся

Сімвалічнай «хроснай» (кампанія #WeStandBYyou, арганізаваная швейцарска-нямецкай праваабарончай арганізацыяй «Libereco») палітзняволенага Алеся Пушкіна з'яўлялася дэпутатка шведскага парламента Каміла Хансэн. «Вясна» папрасіла адказаць яе на некалькі пытанняў — пра жыццё і творчасць Алеся Пушкіна і дзеянні дэпутаткі пасля заўчаснай смерці мастака ў няволі.

Фота «Вясны»

Фота «Вясны»

— Чаму вы абралі менавіта Алеся Пушкіна ў якасці «хросніка»?

— Я не вельмі шмат ведала пра асабістыя гісторыі палітзняволеных, калі пагадзілася ўзяць удзел у кампаніі «Libereco» #WeStandBYyou і стаць «хроснай». Мне прапанавалі апекаваць Алеся Пушкіна, і я пагадзілася: свабода культурнага выказвання з'яўляецца асноўным правам чалавека і важным элементам дэмакратыі.

— Вы ніколі не бачылі Алеся Пушкіна непасрэдна, але ці маглі б вы распавесці, якім вам уяўляўся гэты чалавек?

— Пазнаёміўшыся з яго творчасцю, з яго гісторыяй абароны правоў чалавека супраць жорсткага прыгнёту і з тым, што мне распавядалі іншыя, я вельмі спадзявалася, што калі-небудзь мы сустрэнемся, каб адсвяткаваць яго свабоду і вольную дэмакратычную Беларусь. Ён мог бы столькі ўсяго мне распавесці пра беларускую гісторыю і культуру. Я ўсё думаю пра адзін здымак, на якім ён стаіць адзін з бела-чырвона-белым сцягам перад сцяной са шчытоў і ўзброеных людзей (з маршу пратэсту ў Мінску 4 верасня 2020 года). На гэтым здымку бачна яго смеласць. Я ўяўляю яго вельмі смелым чалавекам.

Пэўна, вы разглядалі працы Алеся Пушкіна і чыталі пра яго перформансы. Што вам з гэтага запомнілася больш за ўсё?

— Да кампаніі «Libereco» я нічога не ведала пра шматлікую культурную спадчыну Алеся Пушкіна. Мяне ўразіла, наколькі разнастайнае яго мастацтва: ад перформансаў, яго акцый і да цудоўных партрэтаў, штодзённых замалёвак і працы над рэстаўрацыяй гістарычнага будынка.


Глядзіце таксама

Вы напісалі ў фэйсбуку, што спрабавалі раней (да смерці Алеся) запытваць інфармацыю пра справу і здароўе Алеся Пушкіна. Якім быў гэты працэс і вынікі?

— Я напісала пісьмо беларускаму рэжыму, каб выказаць сваю занепакоенасць становішчам палітычных зняволеных агулам і Алеся Пушкіна ў прыватнасці. Ніякага адказу не было.

Якія вашы планы і далейшыя дзеянні як «хроснай» пасля смерці Алеся?

— Я буду працягваць задаваць пытанні, цяпер ужо з патрабаваннем незалежнага расследавання яго смерці, з патрабаваннямі доступу праваабарончых арганізацый да інфармацыі пра яго справу. Нарэшце, менавіта рэпрэсіўная дыктатура ў Беларусі нясе за яе адказнасць і павінна адказаць па законе.

Міжнародная супольнасць таксама павінна дзейнічаць, і таму я звярнулася да ўрада Швецыі з пытаннем пра тое, якія дзеянні ён гатовы зрабіць для паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў сувязі са смерцю Алеся Пушкіна і дакладам Спецыяльнага дакладчыка па правах чалавека ў Беларусі, які абмяркоўваўся на 53-й сесіі Савета ААН па правах чалавека, што скончылася ў пятніцу 14 ліпеня.

Я таксама працягну працу ў сеціве за вольную і дэмакратычную Беларусь і ў шведскім парламенце. Мы хочам падвысіць узровень ведаў пра Беларусь і дэмакратычныя сілы ўнутры і за яе межамі сярод усіх сябраў парламента.