Хронікі рэпрэсій. Крымінальная справа супраць Уладзіслава Беладзеда, суд над удавой Андрэя Зельцэра

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 18 ліпеня.

_kaljuczka___kraty___njavolja__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo_1_logo.jpg.webp

У судзе Ленінскага раёна Мінска да 2,5 года «хатняй хіміі» паводле арт. 342 КК («Aктыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») прысудзілі Аляксея Чумакіна. Мужчыну судзілі па фота на яго старонцы інстаграме з Марша 16 жніўня 2020 года — самай масавай акцыі пратэсту ў гісторыі Беларусі.

Справу супраць пратэстоўца разглядала суддзя Анастасія Ачалава. Аляксея да суда ўтрымлівалі пад вартай.

Паводле версіі абвінавачання, 16 жніўня 2020 года Аляксей блакаваў і заступаў шлях транспартным сродкам, у выніку чаго прычыніў «Мінсктрансу» маёмасную шкоду на суму 5980 рублёў 11 капеек.

Аляксей фатаграфаў акцыю, пасля чаго фотаздымкі размясціў на сваёй старонцы ў інстаграме, што і стала асноўным доказам па справе.

Супраць выкладчыка катэхізіса Уладзіслава Беладзеда распачалі крымінальную справу аб «распальванні варожасці». Да гэтага яго некалькі разоў арыштоўвалі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Агулам ён правёў у ізалятары 45 сутак.

Уладзіслаў — выпускнік Інстытута тэалогіі БДУ, пасля заканчэння якога паступіў у рыма-каталіцкую семінарыю і праходзіў практыку ў Мінскім Архікафедральным саборы.

17 ліпеня судом Навагрудскага раёна разгледжана справа аб адміністрацыйным правапарушэнні, прадугледжаным ч. 2 арт. 19.11 КаАП у дачыненні да святара Юрыя Жагарына, які ў 2021 годзе паставіў лайк і размясціў рэпост з «экстрэмісцкай» старонкі.

На святара накладзена адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе штрафу ў памеры 555 рублёў з канфіскацыяй тэлефона.


Глядзіце таксама

Метадыстцы Бешанковіцкага Дома рамёстваў Ганне Гудаўскай прызначылі штраф у памеры 925 рублёў за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Суд адбыўся напрыканцы чэрвеня.

Жанчына — майстрыха па маляванках, яна прыносіла Дому рамёстваў дыпломы, удзельнічала ў фэстах, пленэрах і конкурсах, праводзіла майстар-класы па ганчарнай справе для дзяцей і дарослых.

Як аказалася, яе асудзілі за рэпост старога фільма аб злачынствах Лукашэнкі (фільм прызналі экстрэмісцкім яшчэ ў 2019 годзе) і, верагодна, за некаторыя публікацыі «Белсата».

У Мінску затрымалі Яўгена Равуцкага. Яму інкрымінуюць перадачу даных у BYPOL, удзел у акцыі пратэсту і распаўсюд «экстрэмісцкай інфармацыі».

Таксама ў сталіцы затрыманы Мікалай Ліцвінаў. Вядома, што яму 43 гады, ён мае непаўналетняга сына. У відэа сілавікоў дэманструюцца яго каментары пад допісамі ў тэлеграм-канале «Краіна для жыцця» і «Беларусь галаўнога мозга».

У Мінскім гарадскім судзе пачаўся разгляд справы «аб змяненні прымусовых мер бяспекі і лячэння» ўдаве Андрэя Зельцэра Марыі Успенскай. Справу ў закрытым рэжыме разглядае суддзя Алена Шылько. Месяц таму ўжо быў такі суд, але на ім суддзёй выступала Валянціна Зянькевіч. Падрабязнасці і абставіны справы невядомыя.

Паводле арт. 103 КК асуджаныя мусяць праходзіць не менш за адзін раз на паўгода псіхіятрычна медычна-кансультацыйную камісіі, на падставе высновы якой суд прымае рашэнне.

Нагадаем, палітзняволенай удаве загінулага ў перастрэлцы з супрацоўнікам КДБ айцішніка Андрэя Зельцэра Марыі Успенскай прызначылі прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары. Яе абвінавацілі ў саўдзеле ў забойстве супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка па арт. 16 і ч. 2 арт. 139 КК. Судзілі Марыю як «асобу, якая здзейсніла грамадска небяспечнае дзеянне», таму на судзе яе інтарэсы прадстаўляла яе маці.


Глядзіце таксама

У Гродненскім абласным судзе аднавіўся разгляд справы 53-гадовага вартаўніка дзіцячага садка Валянціна Дуброўшчыка, якога абвінавачваюць па некалькіх «экстрэмісцкіх» артыкулах.

Мужчыну абвінавачваюць у абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК), распальванні варожасці (ч. 1 арт. 130 КК), абразе Лукашэнкі (ч. 2 арт. 368 КК), у паклёпе на яго (ч. 2 арт. 367 КК) і арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле у іх (ч. 1 арт. 342 КК).

Судовы працэс пачаўся яшчэ 3 красавіка, аднак затым быў абвешчаны перапынак. Справу разглядае суддзя Дзмітрый Бубенчык.

Пра затрыманне Дуброўшчыка праваабаронцам стала вядома 2 верасня 2022 года. Тады паведамлялася, што гарадзенца абвінавачваюць у абразлівых каментарах у дачыненні да Лукашэнкі, Караніка, а таксама расійскіх салдат, што ваююць ва Украіне.

Украінскі блогер Аляксандр Рыкаў (BalaganOff) прызнаны ў Беларусі «экстрэмісцкім фармаваннем». Адпаведнае рашэнне прынятае МУС 18 ліпеня.

Гаворка ідзе пра старонкі, якія вядзе блогер у тэлеграме, Youtube і ЦікТоку. У сваіх відэа ён надае немалую ўвагу беларускай тэматыцы.


Глядзіце таксама

Палітвязень Георгій Васіленка выйшаў на волю. У лістападзе 2021 года яму прысудзілі 2 гады «хіміі» за «хуліганства» (ч. 2 арт. 339 КК). Падставай для крымінальнай справы стала тое, што 16 жніўня 2020 года на цэнтральнай плошчы Леніна ў Гомелі Георгій спусціў з флагштоку дзяржаўны сцяг і падняў бел-чырвона-белы.

А 15 лютага 2022 Георгій быў затрыманы ў другі раз. Паводле матэрыялаў абвінавачання, знаходзячыся па месцы адбывання пакарання ў папраўчай установе адкрытага тыпу, Васіленка размясціў у групавым чаце паведамленні, якія змяшчаюць выяўленыя ў лаянкавай форме абразы ў адрас Лукашэнкі.

Суддзя Віктар Казачок пакараў Васіленку пазбаўленнем волі ў калоніі агульнага рэжыму тэрмінам на 1,5 года. А з улікам неадбытага раней пакарання канчаткова прызначыў пазбаўленне волі тэрмінам на адзін год і сем месяцаў.

10 ліпеня Георгій выйшаў на волю, цалкам адбыўшы тэрмін.

На волю выйшаў палітзняволены актывіст з Вілейкі Андрэй Кудзік. Яго неаднаразова пераследавалі за пікетаванне і выказванне сваёй грамадзянскай пазіцыі на працягу 2020 і 2021 гадоў: затрымлівалі, штрафавалі, арыштоўвалі. 9 жніўня 2021 года яго зноў затрымалі і агулам асудзілі на 90 сутак адміністрацыйнага арышту, якія ён адбываў у невыносных умовах ізалятарах Вілейкі і Смалявічаў. Пасля адбывання арышту Андрэй на волю так і не выйшаў.

У судзе Заводскага раёна Мінска 16 лютага 2022 Андрэю прысудзілі 2 гады калоніі паводле ч. 1 арт. 342 КК. На судзе актывіст не прызнаў віну і адмовіўся ад дачы паказанняў.

18 ліпеня палітвязень выйшаў на волю з магілёўскай калоніі № 15, цалкам адбыўшы тэрмін. У зняволенні Андрэй утрымліваўся 1 год, 11 месяцаў і 9 дзён.

Выйшла на волю таксама палітзняволеная Кацярына Якаўлева. Былая супрацоўніца «Белагра» з’яўляецца грамадзянкай Расіі, таму адразу пасля вызвалення яе дэпартавалі ў РФ.

Кацярына Якаўлева была затрыманая пасля вобшукаў у арганізацыі 29 верасня 2022 года. Пазней яе асудзілі паводле народнага артыкула 342 КК да аднаго года зняволення ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Калі ў дзень вызвалення яе вывелі з варот калоніі, яна толькі на некалькі хвілін змагла ўбачыцца з дачкой і сяброўкай і дамовіцца аб далейшай сустрэчы. Адразу пасля гэтага яе дэпартавалі ў Расію.