Пачаліся звальненні. Тэлерадыёкампанія «Ранак» у Светлагорску разгромленая

Пасля затрыманняў, арыштаў і штрафаў перастала працаваць прыватная рэгіянальная тэлерадыёкампанія «Ранак» у Светлагорску. Услед за арыштамі супрацоўнікаў Міністэрства інфармацыі заблакавала доступ да сайта медыя, а 4 ліпеня суд Чыгуначнага раёна Гомеля сваім рашэннем прызнаў сайт і сацсеткі тэлеканала «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Пра сітуацыю з медыя распавядае БАЖ.

Ілюстрацыя БАЖ

Ілюстрацыя БАЖ

Усё пачалося з таго, што 9 чэрвеня сілавікі ГУБАЗіКа затрымалі дзевяць супрацоўнікаў «Ранак-медыя» і «Ранак-рэклама», якія рыхтавалі тэле- і радыёнавіны, выдавалі газету «Ранак-плюс» і займаліся рэкламай.

У ліку затрыманых — журналіст Андрэй Ліпскі, аператар Павел Рабко, галоўны рэдактар Вадзім Вежнавец, аператар Уладзімір Папоў, маркетолаг Марына Бычкоўская, галоўны бухгалтар Алена Кісялёва, сакратарка Крысціна Казялькова. Яшчэ дзвюх супрацоўніц — Ганну Згурскую (цяжарная) і Лізавету Шавяленка (мае інваліднасць) — адпусцілі пасля складання пратаколаў. Усіх іх звінавацілі ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў на падставе ч. 2 арт. 19.11 КаАП.

На трэці дзень затрыманых даставілі з ізалятара часовага ўтрымання ў суд Светлагорскага раёна. Ліпскага і Рабко пакаралі 7 суткамі адміністрацыйнага арышту з канфіскацыяй мабільных тэлефонаў, Вежнаўца і Папова — трыма суткамі арышту. Бычкоўскую, Кісялёву і Казялькову суд аштрафаваў на 25 базавых велічынь кожную (што адпавядае 925 рублям). Пазней пакаралі штрафам у 780 рублёў з канфіскацыяй мабільных тэлефонаў Згурскую і Шавяленка. Прычым Згурская карысталася тэлефонам, узятым у крэдыт.

Пасля маштабнага ціску супрацоўнікі «Ранак-медыя» і «Ранак-рэклама» пачалі звальняцца, сярод іх і тыя, хто меў непасрэднае дачыненне да журналісцкай працы.

Афіцыйнай прычынай адміністрацыйнага пераследу супрацоўнікаў медыя назвалі нібыта подпісы на групу «Светлік. Светлагорск» у сацсетцы «Аднакласнікі», хоць яна, наколькі вядома, не ўнесеная ў спіс «экстрэмісцкіх».

Абазнаная ў сітуацыі крыніца схільная лічыць, што сапраўдны матыў палягае ў асвятленні тэлекампаніяй аварыі на заводзе беленай цэлюлозы Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбіната, якая здарылася 7 чэрвеня і ў выніку якой загінулі трое работнікаў завода. Тэлекампанія першай паведаміла пра надзвычайнае здарэнне з выбухам і чалавечымі ахвярамі.


Глядзіце таксама

Прыватная тэлерадыёкампанія «Ранак» была заснаваная ў Светлагорску два дзесяцігоддзі таму прадпрымальнікам Ігарам Кашлікавым. Высілкамі дырэктара неўзабаве тут утварылі яшчэ і прыватнае прадпрыемства «Ранак-рэклама». Займаліся рэкламай, паліграфіяй, СМІ. У рэгіёне ТРК стала заўважнай інфармацыйнай структурай. Паводле яе ўласных ацэнак, аўдыторыя кампаніі — гэта 100 тысяч жыхароў горада і раёна. Дарэчы, практыку інфармавання насельніцтва тэлерадыёкампаніяй вывучалі нават дэпутаты мясцовых саветаў, наведваючы створаны тут медыяхаб «Гарышча».

Заснавальнік і ўласнік кампаніі Ігар Кашлікаў праз прэтэнзіі падатковай службы ў 2021 годзе пакінуў межы Беларусі, даверыўшы выконваць абавязкі кіраўніка галоўнаму рэдактару Вадзіму Вежнаўцу.

Страціўшы тэлемедыйныя функцыі, кампанія згубіла асноўную частку рэкламы — крыніцу свайго існавання.