Стаўка — жыццё. Лукашэнка падымае цану палітвязняў

Цяпер улада не зацікаўлена, каб «тавар» (а да палітвязняў стаўленне рэжыму менавіта такое) выглядаў больш прывабна. Наадварот: ён мусіць шакаваць патэнцыйнага пакупніка сваім абліччам. Публіцыст і палітык Сяргей Навумчык разважае ў сваім блогу пра тое, што стаўленне рэжыму да палітвязняў значна змянілася — у горшы бок.

360098690_1755410054920430_5111261993691039419_n_logo.jpg.webp

Сьмерць Алеся Пушкіна шмат хто называе забойствам, прычым не ў мэтафарычным, а ў самым прамым сэнсе — як сьвядомае неаказаньне належнай мэдычнай дапамогі, што прывяло да сьмерці чалавека.

Прававую кваліфікацыю калі-небудзь дасьць незалежны суд. Цяпер жа зьвернем увагу на тое, што ў месцах зьняволеньня гэта ня першая сьмерць вязьня, асуджанага за сваю палітычную пазыцыю.

Прычым як мінімум у адным вядомым грамадзтву выпадку чалавек быў асуджаны на пазбаўленьне волі ўжо пасьля таго, як заявіў судзьдзі, што за кратамі памрэ. Гаворка пра 61-гадовага інваліда II групы па прычыне хваробы сэрца Мікалая Клімовіча, якому пінскі судзьдзя Андрэй Бачыла вынес прысуд (адзін год калёніі) за карыкатуру на Аляксандра Лукашэнку. У траўні Мікалай Клімовіч памёр у калёніі «Віцьба».

Як і раней, асаблівую жорсткасьць і падчас сьледзтва, і ў месцах зьняволеньня адчуваюць тыя, хто размаўляе па-беларуску. Так, паводле тых, хто сядзеў разам з Алесем Пушкіным, сілавікоў злавала прынцыповае нежаданьне мастака адмаўляцца ад роднай мовы.

Праваабаронцы паведамляюць, што палітычных вязьняў пачалі часьцей зьмяшчаць у ШІЗА, адкуль потым пераводзяць у месцы зьняволеньня з больш цяжкім рэжымам.

Сьвежая інфармацыя праваабаронцаў: асуджанага на 20 гадоў па «справе Аўтуховіча» інваліда II групы Ўладзімера Гундара (у яго няма нагі) двойчы зьмяшчалі ў ШІЗА. Умовы ў ШІЗА былыя вязьні называюць невыноснымі і пагрозьлівымі найперш для фізычнага здароўя.

Адначасна з вуснаў набліжаных да ўладнай сыстэмы гучаць словы, што, калі б былі скасаваныя санкцыі, афіцыйны Менск мог бы пачаць вызваляць тых, каго «калектыўны Захад» называе «палітычнымі вязьнямі» (як і камуністычная ўлада ў СССР, лукашэнкаўскі рэжым не прызнае наяўнасьці ў краіне асуджаных за палітычныя перакананьні).

Глядзіце таксама

Экскурс у нядаўнюю гісторыю і параўнаньне зь сёньняшняй сытуацыяй дазваляюць убачыць лягічнае тлумачэньне той бязьлітаснай жорсткасьці, зь якой рэжым ставіцца да палітычных апанэнтаў. Пасьля падзеяў 2010 году, трымаючы за кратамі некалькіх экс-кандыдатаў у прэзыдэнты і дзясяткі палітычных ды грамадзкіх актывістаў, улада, тым ня менш, імкнулася выставіць сябе перад сусьветнай супольнасьцю ў якасьці суб’екта, які пэўныя правілы ў дачыненьні да палітвязьняў усё ж выконвае.

Вядома, гаворка не ішла пра нейкія паслабленьні — наадварот, ім знарок стваралі горшыя ўмовы, чым для арыштаваных ці асуджаных за крымінальныя злачынствы. Тым ня менш пэўныя бар’еры існавалі. Так, як пазьней стала вядома, адразу пасьля прэс-канфэрэнцыі Алеся Міхалевіча, на якой ён паведаміў пра катаваньні ў СІЗА КДБ, чэкісты імгненна іх спынілі.

Цяпер усё зьмянілася. Можна сьмела сьцьвярджаць, што, калі б не вайна ва Ўкраіне, тое, што адбываецца ў беларускіх турмах з палітвязьнямі, было б адной з галоўных тэмаў публікацый сусьветных СМІ ды ўвагі праваабаронцаў, інтэлектуалаў і, як вынік, палітыкаў. Буча і Марыюпаль, амаль штодзённыя ракетныя абстрэлы расейскімі войскамі ўкраінскіх гарадоў ды ядзерны шантаж Крамля адкінулі катаваньні на Акрэсьціна ды ў калёніях на пэрыфэрыю ўвагі.

З аднаго боку, рэжыму гэта выгадна: ён можа рабіць з палітычнымі апанэнтамі ўсё, што пажадае, выкарыстоўваючы шырокі дыяпазон мэтадаў НКВД (пра вартасьць якіх сілавікі з генэральскімі пагонамі ўжо не саромеюцца заяўляць публічна).

Але з другога — палітвязьні як прадмет для гандлю з Захадам у вачах рэжыму ўжо ня маюць той вагі, якая б дазволіла пачынаць гэты гандаль з больш выгодных пазыцый. І нават колькасьць афіцыйна прызнаных праваабаронцамі палітвязьняў (больш як паўтары тысячы) не шакуе. Маю сьмеласьць сьцьвярджаць, што калі б іх было не 1,5 тысячы, а 150 тысяч, на фоне вайны ва Ўкраіне лічба ня вельмі ўразіла б.

Цяпер улада не зацікаўленая, каб «тавар» (а да палітвязьняў стаўленьне рэжыму менавіта такое) выглядаў больш прывабна. Наадварот: ён мусіць шакаваць патэнцыйнага пакупніка сваім абліччам.

Іншымі словамі, калі ў гандлі пасьля падзеяў 2010 году ішла гаворка пра свабоду тых, хто за кратамі, дык цяпер — пра іх здароўе і нават жыцьцё.

Ня хочаце атрымліваць людзей здаровымі ці жывымі? Убачыце іх пакалечанымі ці ў труне.

Рэжым падняў стаўкі.

Захаваны правапіс арыгіналу.

Глядзіце таксама