Хронікі рэпрэсій за 29 траўня: 3 гады Ціханоўскі за кратамі, масавыя затрыманні ў Гомелі і новыя «экстрэмісцкія» рэсурсы
Дайджэст галоўных навін пра палітычны пераслед у Беларусі за 29 траўня.
***
Тры гады таму схапілі Сяргея Ціханоўскага. Палітвязень за кратамі з 29 траўня 2020 года. Сілавікі таксама схапілі яшчэ 15 асоб, якія бралі ўдзел у пікеце ў Гродне.
Праз два дні праваабаронцы прызналі блогера палітычным зняволеным. Сяргей Ціханоўскі — першы палітвязень Беларусі за падзеі 2020 года. Яго асудзілі да 18 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
***
У Гомелі затрымалі не менш за 5 чалавек. Сярод іх 42-гадовая фельчар з Веткі Таццяна Кірыяк, 37-гадовы Віталь Лабынёў, які таксама родам з Веткі, але жыве ў Гомелі, аматар камп'ютарных гульняў і меламан Юрый Шэўлюгін з Гомеля, віна якога, мяркуючы па «пакаяльным відэа», толькі ў тым, што ён зрабіў сабе татуіроўку з культавым героем хорар-фільма «Кашмар на вуліцы Вязаў» Фрэдзі Кругерам і нешта лайкнуў у TikTok. Сілавікі выклалі відэа, на якім затрыманыя кажуць, што былі падпісаныя на «экстрэмісцкія рэсурсы».
***
У Ваўкавыску затрымалі дырэктара сярэдняй школы № 2 Аляксандра Бацько. Іншых падрабязнасцей у праваабаронцаў пакуль няма.
***
У Магілёве 26 траўня асудзілі палітвязня Юрыя Бубнова паводле ч.1 арт. 368 КК («Абраза Лукашэнкі»). Прысуд — два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Прафесара затрымалі 12 студзеня 2023 года проста на кафедры ўніверсітэта, дзе ён працуе.
Юрый Бубноў — доктар сацыялагічных навук. Загадваў кафедрай гуманітарных навук Беларускага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій з 1997 года. Яго партрэт знаходзіцца на дошцы гонару ветэранаў універсітэта. Мужчына быў узнагароджаны знакам «Выдатнік адукацыі». Бубноў вядомы ў Магілёве як эксперт-сацыёлаг, адзін са стваральнікаў Цэнтра гарадскіх ініцыятыў і фестывалю «Дранік-фэст».
***
У судзе Цэнтральнага раёна сталіцы пачалі разглядаць крымінальную справы евангельскага верніка Віталя Прынесліка і яго жонкі Лізаветы. Сужэнцаў абвінавачваюць у «групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» — паводле ч.1 арт.342 КК. Справу разглядае суддзя Вікторыя Шабуня.
Віталь і Лізавета Прынеслікі з’яўляюцца прыхаджанамі царквы «Слова жыцця». Таксама Лізавета вядомая інстаграм-блогерка, у яе больш за 50 тысяч падпісчыкаў.
***
Пастар з Новалукомля Аляксандр Зарэцкі пасля 15 сутак арышту атрымаў яшчэ 15. Як і мінулым разам, яго судзілі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч.2 арт. 19.11 КаАП). Такімі матэрыяламі палічылі яго фотаздымак з дзіцём на фоне БЧБ-сцяга, які суправаджаўся графічнымі выявамі лагатыпа T*T.BY, а таксама публікацыю з інтэрнэт-супольнасці «Радыё Св*бода».
І першы, і другі раз яго справу разглядала суддзя Ірына Кручыніна.
У 2020-м Аляксандр Зарэцкі падпісаў калектыўны адкрыты ліст хрысціян Беларусі супраць гвалту. У 2021-м у яго праводзілі ператрус па крымінальнай справе, у якой ён меў статус сведкі.
***
Паводле звестак праваабаронцаў «В*сны», на сённяшні дзень у Беларусі налічваецца 1507 палітычных зняволеных. У спісах ініцыятывы «Dissidentby» палітвязнямі прызнаныя 1774 чалавекі. Сярод іх — 199 жанчын і 7 непаўнагадовых. 17 палітвязняў адпраўленыя на прымусовае лячэнне.