Моладзь — костка ў горле рэжыму, і таму яе будуць душыць

Лукашэнкаўскія прыхвасні ў сваёй любімай манеры пагроз і абраз растлумачылі, што наступнымі пад «зачыстку» падпадаюць маладзёны.

Тэлеканал СТБ — рупар дзяржпрапаганды. Фота «НЧ»

Тэлеканал СТБ — рупар дзяржпрапаганды. Фота «НЧ»


Не сакрэт, што некаторыя нешматлікія незалежныя СМІ, якія засталіся ў Беларусі, вырашылі наогул не пісаць на тэмы палітыкі, каб ацалець. Але, аказваецца, і гэта дрэнна.

Так, у сваёй апошняй праграме Рыгор Азаронак «наехаў» на папулярны інтэрнэт-партал, які пасля 2020 года заняў менавіта такую пазіцыю. Азаронак падлічыў, калі там згадвалі Аляксандра Лукашэнку. І ў сваёй манеры пракаментаваў выяўленае.


«Есть у них и свой крысиный портальчик. Анальнер, так сказать. Так вот, последнее упоминание о президенте, например, там за 31 марта. Нет его для них. Нет солдат. Нет патриотизма. Нет Родины. Нет Беларуси. Есть жратва, развлекуха, клубы, фешн, сешн, гламур, элитка, тусовочка, лоск и шик. И плевать, что завтра День пограничника, день того, кто сейчас стоит в пинских лесах и высматривает врага в полной амуниции. Им плевать, они сегодня, в субботний вечер, будут опиваться и опблевываться до кладбищенского состояния. Гламурное кладбище извращенцев на наших глазах».

Насамрэч гэта не толькі парталу сігнал. Гэта сігнал, што сітуацыя пераходзіць у новую стадыю. Раней нас агітавалі спакойна жыць, працаваць і не лезці ў палітыку, а цяпер прапаганда сігналізуе, што жыццё звычайнага абывацеля ёй таксама ненавіснае, піша «Народная воля».

У сувязі з гэтым па-іншаму чытаюцца навіны сярэдзіны траўня, калі мінская міліцыя правяла аблаву на тусовачнай вуліцы Зыбіцкай, а затрыманых, як паведамляла прэс-служба МУС, пасля гэтага адправілі з граблямі прыбіраць парк. Пры гэтым у міліцыі сцвярджалі, што затрыманыя падахвоціліся працаваць самі, замест штрафаў. А потым, як паведамлялася, усе разам пілі гарбату.

Азаронку, вядома, ідэя з гарбатай зусім не спадабаецца. Але ўсё гэта вельмі падобна на нейкую новую стадыю «курсу на адзінства і згоду».

Пільную ўвагу да моладзі ўлады звярнулі пасля выступу Лукашэнкі, у якім ён пужаў чыноўнікаў тым, што цяперашнія маладзёны «разваляць краіну»:

«Сядзяць, тыкаюць у гэты тэлефон — заўтра з неба ўсё зваліцца. Мы іх разбэсцілі да крайняй ступені. Ах, моладзь у нас добрая, добрая! Так, добрая. Але працаваць не хочуць і не ўмеюць. Яны не зробяць, яны не ўтрымаюць краіну», — заявіў ён падчас наведвання Веткі.

Як мяркуе старшы аналітык BISS Андрэй Лаўрухін, «маладым людзям, якія пратэставалі ў 2020 годзе, Лукашэнка і не збіраўся аддаваць ніякую ўладу — таму і закатвае дагэтуль у асфальт. Для яго гэта — ворагі, бэчэбэшнікі, беглыя... Але ж ёсць і моладзь з БРСМ, ёсць малады Рыгор Азаронак і цэлая пляяда яму падобных, урэшце ёсць сыны, унукі — атрымліваецца, і яны “не ўтрымаюць краіну”? Чаму нават ім Лукашэнка адмаўляе ў праве на ўладу?


Персаналісцкая ўлада зацыкленая на асобе. Ці магчыма кланіраваць такога ж самага чалавека, як сённяшні кіраўнік — вось самая галоўная дылема. Калі “так”, то ён падзеліцца ўладай, а калі “не” — дык тады не. Але ж у прыродзе дзейнічаюць законы разнастайнасці, не існуе аніводнай на 100% падобнай клеткі.

Лукашэнка з яго інстынктыўнай палітычнай чуйкай, што дазваляла выходзіць з самых складаных сітуацый, добра разумее, што выклікі, з якімі будучым палітыкам давядзецца сутыкнуцца, несупастаўляльныя па складанасці з ягоным перыядам праўлення. Сёння на павестцы дня тое, што пераўзыходзіць гарызонт сённяшніх палітычных жахаў: рэальная пагроза дэмантажу Расійскай Федэрацыі, галоўнага яго патрона і абаронцы.

У гэтай сітуацыі ў яго няма адказу на пытанне, як утрымацца без РФ у звыклым палітычным стане. Ён сам разумее сілу неадольных абставін. Такім чынам, за гэтым алармізмам хаваецца ўвесь жах, які прыходзіць да яго начамі ў снах, які прымушае яго ўсё больш і больш раскручваць спіраль гвалту. ... Ён разумее, што ў такой сітуацыі бліжэйшае атачэнне — самая вялікая пагроза, чым усе лібералы разам узятыя, бо сабраў вакол сябе персанажаў з яшчэ тымі інстынктамі. А вось хто ўжо адчуе сябе больш моцным і чый апетыт на ўладу акажацца мацнейшым — пакажа час, але прэтэндэнтаў многа, асабліва сярод моладзі, якая па-за яго кантролем і нават разуменнем. Ён сам некалі быў такім маладым ваўком і мерае ўсіх па сабе.

Як мы добра ведаем, сам гэты чалавек — віртуоз перамены палюсоў, для яго дэвіз адзін — “за кім сіла, за тым і праўда”.

Такім чынам, аслабленне стане адназначным “воўчым” сігналам бліжэйшаму колу. Іншых варыянтаў цяжка ўявіць: ні ўзброены напад, ні рэвалюцыя са зброяй у руках унутры краіны, хутчэй за ўсё, немагчымыя — толькі самі эліты і разбяруцца».

Між тым, галоўныя прапагандысты рэжыму Рыгор Азаронак і Яўген Пуставы сталі вядоўцамі новага ток-шоу на дзяржаўным тэлебачанні — «Да! Но...», пасля чаго абодва сталі менш з'яўляцца ў эфіры са сваімі аўтарскімі рубрыкамі, піша «MediaIQ». Тэму для першага выпуску, канешне, выбралі палітычную: «Незалежныя СМІ, моладзь і выбары». На гэтыя пытанні разам з Азаронкам разважалі сябры «Моладзевага парламента» пры Нацыянальным сходзе Беларусі. Пры гэтым вядоўца часта перабіваў спікераў, часам іх перакрыкваючы, карэктаваў іх адказы, спрабаваў навязваць уласны пункт гледжання. У прыватнасці, заявіў:

«Можа, ну наогул гэтыя выбары? У нас ёсць выдатны прэзідэнт, якога падтрымлівае большасць. Давайце, так бы мовіць, перафарматуем. Што нам саромецца? Слухайце, у Прыбалтыцы ёсць катэгорыя не грамадзян, у якіх іншага колеру пашпарты, і яны абмежаваныя ў выбарчых правах».


Наступны выпуск ток-шоу прысвяцілі тэме «Якой павінна быць армія ў Беларусі», абмяркоўвалі таксама пытанне размеркавання студэнтаў пасля вучобы. Вядоўца Пуставы мадэраваў дыскусію ў такім жа стылі, як і Азаронак — перабіваў спікераў, нярэдка зрываўся на крык, гэтак жа імкнуўся выказваць уласнае меркаванне, дапушчаючы маніпулятыўныя ацэначныя выказванні і фабрыкацыю:

«Савецкая армія ўзяла Берлін і вызваліла ўсю Еўропу (...) гэтую школу мужнасці [войска], мне здаецца, павінны прайсці ўсё, каб умець абараніць сваю дзяўчыну хоць бы ад англасаксаў».

Пытанне аднаго са студэнтаў «Ад каго вы будзеце абараняць сваю дзяўчыну ў мірны час?» Пуставы пакінуў без адказу.