Пацыфізм і «Мазгабойня»: Улада вызначылася з аб’ектамі змагання
У Адміністрацыі прэзідэнта чыноўнікі пастанавілі змагацца з заходнім уплывам на моладзь.
![1323246625_8aff.jpg 1323246625_8aff.jpg](/img/v1/images/1323246625_8aff.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Беларускія чыноўнікі заклапаціліся праблемай выхавання моладзі ў ВНУ. Пацыфізм названы галоўным шкодным уплывам.
На пасяджэнні калегіі Адміністрацыі прэзідэнта абмеркавалі арганізацыю ідэалагічнай і выхаваўчай работы ў вышэйшых навучальных установах, піша Thinktanks.
З аднаго боку, намеснік кіраўніка адміністрацыі Ігар Луцкі заклікаў не баяцца чужых каштоўнасцяў: «Калі мы хочам выхаваць паўнавартаснага патрыёта і грамадзяніна нашай краіны, то ніякія ўплывы ні з Усходу, ні з Захаду нам у гэтым не перашкодзяць», — цытуе яго словы БелТА.
Ён заклікаў змагацца з заходнім уплывам.
Першай з чужых каштоўнасцяў Луцкі назваў пацыфізм: «Працэнт жадаючых служыць у войску пасля навучання ў ВНУ зніжаецца. Пацыфізм, які мы выхоўвалі і выхоўваем у нашых дзецях, сутыкаецца з псіхалагічным непрыманнем вайскоўцаў, а ў цяперашняй геапалітычнай абстаноўцы гэта недапушчальна», — панаракаў ідэолаг.
Наступным чужародным уплывам ён лічыць традыцыі адзначаць неправаслаўныя святы. Сярод моладзі больш папулярныя Хэлоўін і Дзень Святога Валянціна замест традыцыйных для Беларусі Вялікадня, Тройцы, Калядаў.
![maxresdefault_156.jpg maxresdefault_156.jpg](/img/v1/images/maxresdefault_156.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Небяспека, на думку намесніка кіраўніка адміністрацыі, таксама нясе ў сабе інтэлектуальная гульня «Мазгабойня».
«Якія там пытанні задаюць? Што на іх адказваюць нашы дзеці? А яны актыўна прымаюць у гэтым удзел... Мы нават не падбіраемся да гэтага. Звярніце на гэта ўвагу, прарэктары па выхаваўчай рабоце і рэктары ВНУ», — падкрэсліў ён.
Луцкі выказаў незадаволенасць тым, што адміністрацыя ВНУ не выяўляла ініцыятывы па паказе моладзі фільма АНТ «Убойная пасылка», які выкрывае падрыхтоўку тэрактаў у Беларусі.
Адзначым, што БРСМ нядаўна арганізоўвала сваю «МазгаБойню» ў Маскоўскім раёне Мінска.
![Фільм АНТ "Убойная пасылка" — набор фейкаў і прапаганды Асобная думка. «Убойная пасылка» — 28 адважных хвілін](/img/v1/images/screenshot_from_2023_05_11_13_24_21.png?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)